Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЕТ НЕДАСТАТКОВА ПРЫЗНАЕ НАСТУПСТВЫ ЧАРНОБЫЛЮ ДЛЯ БЕЛАРУСІ


Сяргей Абламейка, Прага

(Несьцярэнка: ) “Я лічу, што за дзесяцігодзьдзе пасьля Чарнобылю тое, што прызнаў увесь сьвет, – рак шчытападобнай залозы. На жаль, я думаю, што гэтыя лічбы будуць яшчэ шмат дзесяцігодзьдзяў нас перасьледаваць. У Беларусі ёсьць такі акадэмік Дзямідчык, хірург. Ён назваў лічбу – 1700 дзяцей толькі ў Беларусі праапэраваныя, а разам з дарослымі (бо ж некаторыя дзеці вырасьлі) – 7700 чалавек. Гэтыя лічбы ён афіцыйна назваў на парлямэнцкіх слуханьнях у Беларусі”.

Вось што кажа пра агульны стан здароўя беларускіх дзяцей прафэсар Несьцярэнка:

(Несьцярэнка: ) “Калі ў 1985 годзе прыкладна 85% дзяцей былі практычна здаровыя (у мэдыкаў ёсьць такое паняцьце “практычна здаровае дзіця”), то цяпер афіцыйна нашая мэдыцына сьцьвярджае, што гэтая лічба ў Беларусі меншая за 20%. Разам з тым, з маіх гутарак з галоўнымі лекарамі ў Нароўлі ды іншых паўднёвых раёнах каля Чарнобыльскай электрастанцыі вынікае, што ў Нароўлі, дзе цяпер жыве 4100 дзяцей, ніводнага дзіцяці няма здаровага, усе хворыя”.

Беларускія дзеці ў выніку Чанобылю хварэюць ня толькі на рак шчытападобнай залозы. Вось што сказаў пра іншыя паталёгіі ў беларускіх дзетак прафэсар:

(Несьцярэнка: ) “Калі ўзяць няракавыя паталёгіі, а ў прынцыпе захворваньні шчытападобнай залозы, то нават у Менску такіх дзяцей больш за 20 тысяч. Гэта быў вельмі моцны ўдар, і зараз ён праяўляецца. Прычым уплыў ёсьць ня толькі на імунную сыстэму чалавека. Вельмі шмат ёсьць парушэньняў нэрвовай сыстэмы, парушэньняў, зьвязаных нават са стратай інтэлекту.

Выяўленыя, і аб гэтым на сэсіі афіцыйна гаварыў акадэмік Канапля, выпадкі генэтычных парушэньняў. Паводле назіраньняў Інстытуту аховы мацярынства і дзяцінства, узялі тры гады да Чарнобылю і тры гады пасьля Чарнобылю – у цэлым па Беларусі гэтая лічба вырасла за гэты пэрыяд на 20%, а ў чарнобыльскіх рэгіёнах удвая, а ў некаторых рэгіёнах – у сем разоў”.

Агульную шкоду ад Чарнобылю член-карэспандэнт Акадэміі Навук Беларусі прафэсар Васіль Несьцярэнка ацэньвае гэтак:

(Несьцярэнка: ) “Вось ядзерная катастрофа будзе суправаджаць некалькі пакаленьняў. На жаль, Беларусь трапіла пад гэты ўдар. 70% усіх радыенуклідаў ляжаць на землях Беларусі. У нас заражана каля 20% тэрыторыі. Каля двух мільёнаў чалавек там жыве, у тым ліку каля 500 тысяч дзяцей. Фактычная шкода Беларусі ад Чарнобылю складае 235 мільярдаў даляраў – гэта прыклада 32 гадавыя нацыянальныя бюджэты”.

Паўтара месяца таму ў чарнобыльскіх рэгіёнах Беларусі знаходзілася місія ААН на чале з Кензо Асіма. Вось што адказаў прафэсар Несьцярэнка, калі мы запыталіся пра заключэньне гэтай місіі:

(Несьцярэнка: ) “Раз ужо вы закранулі заключэньне місіі ААН, то я ня так аптымістычна ацэньваю яго, як гэта прайшло ў афіцыйнай прэсе. Добра, што прыехалі й пацікавіліся, як жывуць там людзі. Я думаю, што ёсьць моўны бар’ер і было мала часу, каб ацаніць маштабы бяды. Я думаю, ім гэта не ўдалося.

Мне ня вельмі зразумелае заключэньне, што перасяленьне было памылкай. Ды мала адсялілі! Адсялілі ў нас каля 140 тысяч – трэба было яшчэ столькі ж адсяліць. Калі пры ўсіх захадах не ўдаецца вырасьціць чыстую прадукцыю, калі мы ведаем, што ў 28 гаспадарках Беларусі ў 3-4 разы ў малацэ і збожжы стронцый вышэйшы за норму – гэта ж катастрофа. Дык нашто тады там людзі гаспадараць? Калі яны ўжо вырабяць гэтыя харчы, дык яны трапяць на стол у іншыя рэгіёны, і іх зьядуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG