Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ БЕЛАРУСІ НЕ ПАЖАДАЛА ДАСЬЛЕДАВАЦЬ УПЛЫЎ РАДЫЯЦЫІ НА СЭКСУАЛЬНАЕ ЖЫЦЬЦЁ МУЖЧЫНАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Пра адмоўны ўплыў радыяцыі на актыўнасьць сэксуальнага жыцьця мужчынскай часткі насельніцтва ў народзе гаварылася шмат, асабліва ў першыя гады пасьля аварыі. Але нават праз 16 гадоў статыстычных зьвестак у Беларусі няма. Практычныя дасьледаваньні ў гэтай галіне вымагаюць грошай, якія дзяржава не палічыла патрэбным марнаваць, і мэдыкі над гэтым ніколі не працавалі. Але сэксолягі-практыкі сьцьвярджаюць, што для інтымнага жыцьця беларусаў ядзерны выбух не прайшоў бясьсьледна. Гаворыць лекар Менскага сэксалягічнага цэнтру Ганна Мінчанка:

(Мінчанка: ) "Нават калі б не было радыяцыі ў Менску ці іншым месцы, гэта ўсё роўна адбілася б. Бо чалавек у стане хранічага стрэсу: ён ня ведае, што будзе зь ім, што будзе зь ягонымі дзецьмі, што будзе зь ягоным сэксуальным жыцьцём. І нават калі прамога ўзьдзеяньня вынікаў аварыі й не было, усё роўна гэта адбілася".

Паводле ейных словаў, пасьля 1986 году з Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны да яе накіроўвалі шмат чарнобыльцаў, якія празь няведаньне свае сэксуальныя праблемы ня зьвязвалі з уплывам радыяцыі. Але, паводле спэцыялістаў, тыя ўзроўні апраменьваньня, якія атрымалі ліквідатары аварыі й жыхары забруджаных рэгіёнаў, здольныя зьвесьці сэксуальную актыўнасьць 30-гадовага мужчыны да полавага жыцьця 70-гадовага старога. Аднак афіцыйных дасьледаваньняў у галіне сэксуальных разладаў не праводзілася, бо ніхто з высокіх чыноўнікаў Міністэрства гэтай праблемай ніколі не цікавіўся. Альбо — гавораць лекары — гэтыя зьвесткі засакрэчаныя нават у асяродку мэдыкаў.

Маштаб праблемы можна ўявіць, калі ведаць, што ад наступстваў чарнобыльскай аварыі ў рознай ступені пацярпелі два мільёны жыхароў Беларусі. Але спэцыялісты адзінага ў Беларусі сэксалягічнага цэнтру Міністэрства аховы здароўя сёньня ня маюць магчымасьці ня толькі вывучаць праблему, але й лячыць хворых. Гэтую галіну мэдыцыны чыноўнікі прызналі непрыярытэтнай, супрацоўнікаў цэнтру скарачаюць на траціну й пераводзяць на дзяржразьлік. Лекары сьцьвярджаюць, што фактычна гэта азначае скасаваньне службы, бо сабекошт курсу лекаваньня тут складае каля 50 тысяч рублёў. Для пераважнай бальшыні наведнікаў цэнтру гэтая сума не па кішэні. Гаворыць псыхоляг Менскага сэксалягічнага цэнтру Ала Войтэх:

(Войтэх: ) "Калі чалавеку баліць зуб і яму не дапамагаюць, то ён пойдзе скардзіцца, а калі ў чалавека сэксуальныя праблемы, то ён застанецца зь імі сам-насам. Па-першае, павялічыцца колькасьць разводаў і злачынстваў на сэксуальнай глебе. А па-другое, якая эфэктыўнасьць працы й атмасфэра вакол чалавека, калі ён, да прыкладу, кіраўнік. Для дзяржавы павінна быць важным псыхалягічнае здароўе нацыі, бо мы павінны думаць пра будучыню".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG