Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ІРАЦКІ ПЕРАБЕЖЧЫК РАСПАВЁЎ, ШТО ХУСЭЙН РЫХТУЕЦЦА ДА ВАЙНЫ


Віталь Цыганкоў, Прага

Студзень 2000 году – халодная раніца ў Багдадзе. У штаб-кватэры Ірацкай ваенна-прамысловай камісіі, органу, які адказвае за распрацоўку і закуп узбраеньняў, генэрал Ахмэд Аль-Саады сабраў 13 урадавых чыноўнікаў – навукоўцаў, вайскоўцаў, шпіёнаў.

Больш за год мінула, як ірацкі прэзыдэнт Садам Хусэйн выгнаў з Багдаду інспэктараў камісіі ААН, якая сачыла, каб Ірак не распрацоўваў зброю масавага зьнішчэньня. “Цяпер мы зноў свабодная краіна, – сказаў генэрал Аль-Саады. – Мы можам рабіць, што пажадаем. Мы хочам, каб вы працавалі напоўніцу, мы павінны выйграць час. Вы атрымаеце ўсё патрэбнае – матэрыяльныя рэсурсы і тэхнічнае забесьпячэньне”.

Аль-Саады прамаўляў тры гадзіны. “Айчына пераможа, калі тыя, хто ў гэтым пакоі, дасягнуць сваёй мэты – стварэньня балістычных ракетаў новага пакаленьня, здольных дастаўляць хімічную і біялягічную зброю, і магчыма, нават, ядзерныя баегалоўкі”.

Праз 26 месяцаў пасьля той нарады адзін зь яе ўдзельнікаў, які ўцёк з Іраку, даў вялікае інтэрвію часопісу “Vanity Fair” у адным з гатэляў на Блізкім Усходзе.

Перабежчык раскрыў дэталі ірацкай праграмы стварэньня зброі масавага зьнішчэньня. Ірак, сьцьвярджае ён, блізкі да стварэньня ракетаў далёкага дзеяньня, якія могуць дасягаць сталіцаў Турцыі, Эгіпту, Кіпру, Ірану і Савудаўскай Арабіі. Перабежчык валодае новай інфармацыяй пра тое, як Ірак стварае сетку кампаніяў, якія кантралююць сакрэтныя службы.

Ён распавёў пра дзевяць месцаў, дзе распрацоўваецца і тэстуецца хімічная і біялягічная зброя. На мапе ён паказаў чатыры адмыслова ўзмоцненыя капальні, дзе Ірак можа разьвярнуць свае ракеты на рухомыя мішэні, запускаючы іх з мабільных ракетаносьбітаў у выпадку вайны. Перабежчык таксама распавядае пра падтрымку Багдадам тэрарыстычнага палестынскага руху “Хамас”, які ўзяў на сябе адказнасьць за большасьць апошніх тэрактаў супраць ізраільцаў.

За тыдзень да інтэрвію часопісу гэты чалавек быў апытаны як мінімум чатырма місіямі прадстаўнікоў Выведчай управы міністэрства абароны ЗША. Хаця часопіс ня можа праверыць усе сьцьверджаньні перабежчыка, экспэрты па Іраку кажуць, што яны адпавядаюць ранейшай інфармацыі і выглядаюць пераканаўча.

Чарлз Дуэлфэр, былы намесьнік старшыні камісіі ААН, які працягвае вывучаць гэты рэгіён у Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне, на просьбу часопіса зрабіў ацэнку паказаньняў перабежчыка. “Я ня бачу нічога, што магло б выклікаць недавер да ягоных словаў. Ягоныя цьверджаньні адпавядаюць таму, што мы ведаем пра новыя апэрацыі Іраку – як пра стварэньне зброі масавага зьнішчэньня, так і пра спробы здабыць неабходнае абсталяваньне і матэрыялы”. Сьведчаньні перабежчыка даказваюць, што праграма распрацоўкі Іракам зброі масавага зьнішчэньня толькі паскорылася, калі выгналі з краіны камісію ААН.

Ірацкі перабежчык – высокі хударлявы мужчына пад 40 гадоў – кажа, што ён меў вельмі важную пасаду падчас кар’еры ў “Мухабараце”, ірацкай спэцслужбе. Хаця пры ім перакладчык, перабежчык даволі бегла гаворыць па-ангельску і часта адказвае на пытаньні журналіста, не чакаючы, пакуль яму перакладуць на арабскую мову. Падчас сваёй кар’еры ён працаваў у Дырэктараце сакрэтных арганізацыяў і дачыненьняў – аддзеле, які сярод іншага забясьпечвае падтрымку і трэніроўку тэрарыстаў з-за мяжы.

Гэты чалавек пэрсанальна адказваў за дзьве групы. Адна зь іх – іранская апазыцыйная сіла “Муджагідын-і-Галк”, якая падчас 1980-х падтрымлівала як мінімум 20 тысяч байцоў, што дапамаглі задушыць паўстаньне шыітаў у 1991 годзе. Другая – Народны Фронт вызваленьня Палестыны, які ажыцьцявіў шэраг тэрактаў і выкраданьняў на пачатку 1990-х. Перабежчык сьцьвярджае, што як найменш 50 сяброў Фронту жылі ў Іраку. На пачатку 1990-х Народны Фронт Палестыны быў выцесьнены больш радыкальнай групоўкай – “Хамас”.

Доказы сувязяў паміж Іракам і “Хамасам” усплылі на паверхню даўно. Даўно вядома, што Садам дасылае 10 тысяч даляраў (зь нядаўняга часу – 20 тысяч даляраў) сям’і кожнага тэрарыста-самабойцы. “Хамас” называе Ірак брацкім і ў свой час папярэдзіў ЗША, што будзе забіваць цывільных людзей у Ізраілі, калі ЗША зробяць захады супраць Іраку. Байцы “Хамасу” абвучаюцца ў адмысловых лягерах у Іраку, дзе ў дадатак да навучаньня сабатажу, забойствам, угону самалётаў інструктары “Мухабарату” давалі баевікам “Хамасу” ўрокі самагубчых выбухаў. Перабежчык сьцьвярджае, што “Хамасу” было пастаўлена шмат зброі – аўтаматы, амуніцыя, дэтанатары, выбуховыя матэрыялы. Менавіта Ірак навучыў баевікоў “Хамасу” рабіць бомбы.

У кастрычніку 1994 году перабежчыку было загадана выканаць новую місію. Перад вайной у Пэрсідзкай затоцы Ірак быў блізкі да стварэньня атамнай бомбы. Аднак падчас апэрацыі “Бура ў пустыні” ў 1991 годзе ЗША разбурылі апошні ірацкі ўранавы рэактар. Місія перабежчыка якраз і павінна была запоўніць гэты недахоп.

Мяняючы некалькі пашпартоў і авіярэйсаў, ён разам зь іншымі ірацкімі прадстаўнікамі спэцслужбаў і навукоўцам прыляцеў у сталіцу Танзаніі Дар-эс-Салям. Там у закінутым месцы яны сустрэліся зь пяцьцю ўсходнеэўрапейцамі – расейцамі або ўкраінцамі. У іх быў цыліндар зь нейкага цяжкага мэталу – яны ледзь маглі падняць яго. Украінцы надзелі пальчаткі, адмысловыя маскі й адкрылі ёмістасьць. Усярэдзіне было нешта, падобнае на кавалкі чорных бліскучых камянёў альбо руды. Ірацкі навуковец некалькі разоў уважліва агледзеў зьмесьціва цыліндру, і пасьля гэтага супрацоўнікі ірацкіх спэцслужбаў выдалі ўсходнеэўрапейцам дыплямат, у якім было 100 мільёнаў даляраў.

Перабежчык прызнае, што ён не спэцыяліст у гэтым пытаньні і ня можа сказаць, што за рэчыва было ў цыліндры. Экспэрты мяркуюць, што гэта маглі быць матэрыялы для стварэньня бруднай радыёлягічнай бомбы – пасьля выбуху яна вылучае радыяцыю, забруджваючы вялікую тэрыторыю.

Больш лёгкая для стварэньня ў параўнаньні з паўнавартаснай ядзернай зброяй, такая бомба забівае сваіх ахвяраў павольна. Брудная бомба можа быць дастаўленая да мэты па-рознаму. Маленькі мэханізм можна ўмантаваць у валізку альбо замацаваць у аўтамабілі. Выбух такой бомбы, напрыклад, у Нью-Ёрку, можа выклікаць “ядзерную паніку”, якая ня будзе адпавядаць колькасьці ахвяраў.

Перабежчык распавёў часопісу пра сетку падстаўных фірмаў, з дапамогай якіх рэжым Садама Хусэйна абыходзіць санкцыі ААН і здабывае матэрыялы для сваіх ваенных праграмаў. Дзеля прыкрыцьця гэтай дзейнасьці іракцы заснавалі дзелавую штотыднёвую газэту, пад шыльдай якой працавалі прадстаўнікі спэцслужбаў, у тым ліку і герой матэрыялу.

Аднак неўзабаве для яго надышлі кепскія часы. Аднойчы ў 1997 годзе ён, выкарыстоўваючы свае сувязі, дапамог знаёмаму прадаўцу з крамы – шыіту. Той папрасіў паспрыяць у атрыманьні дазволу на выданьне рэліійнай газэты. Ён ня бачыў у гэтым ніякай палітычнай крамолы альбо небясьпекі. Аднак у паранаідальнай атмасфэры Іраку адна са спэцслужбаў, што супернічае з “Мухабаратам”, знайшла ў гэтым змову з мэтай скінуць Хусэйна. У выніку герой матэрыялу быў арыштаваны, і шэсьць месяцаў яго дапытвалі й катавалі.

Перабежчык паказаў журналісту шнары. На левым брыве пухліна – яна зьявілася пасьля таго, як кат прычапіў туды электрод. Іншы электрод быў прычэплены да геніталіяў. На ягоных нагах шнары ад скальпэля. Кат праколваў яму вены і потым адмысловым поясам націскаў на сьцёгны, каб выціснуць кроў з ног. Мучылі й псыхалягічна – яму паказвалі кадры катаваньняў дзяцей ад 5 да 10 гадоў, пагражаючы, што такі самы лёс чакае ягоных дзяцей.

Праз шэсьць месяцаў зьняволеньня сьледчыя нарэшце паверылі, што ён кажа праўду – і яго адпусьцілі. Яшчэ празь некалькі месяцаў лячэньня ён вярнуўся на працу. У Іраку гэта нармальная практыка – некаторыя ўдзельнікі ядзернай праграмы Багдаду працуюць, прайшоўшы катаваньні й арышты. Рэжым мяркуе, што жорсткасьцю і запалохваньнем можна кантраляваць сваіх служак. Але з героем гэтага матэрыялу было інакш. Выйшаўшы з турмы, той вырашыў зьбіраць як мага болей інфармацыі і ўцячы, калі зьявіцца магчымасьць.

Цяпер ён распавядае амэрыканскім спэцслужбам пра шэраг новых аб’ектаў ядзернай праграмы Іраку, якія былі пабудаваныя за апошнія гады, пра тэрарыстычныя лягеры, хімічныя і біялягічныя лябараторыі. Ягоныя сьведчаньні супадаюць з расповедамі іншых высокіх перабежчыкаў з Іраку. Зразумела цяпер, чаму Хусэйн не дапускае інспэктараў ААН на свае аб’екты.

Дарэчы, калі б сілы кааліцыі на чале з амэрыканцамі не разбурылі асноўныя ірацкія аб’екты ў 1991 годзе, падчас вайны ў Пэрсідзкай затоцы, Хусэйн пэўна меў бы ўжо ядзерную бомбу. Паводле рэзалюцыі ААН, якая паклала канец вайне ў затоцы, Іраку дазволена мець ракеты з максымальнай дальнасьцю 93 мілі. Аднак Багдад ужо мае ракеты, якія могуць дастаць да Ізраілю, распрацоўваюцца новыя ракетныя сыстэмы, якія дасягаюць сталіцаў Турцыі ды Ірану. Паказаньні перабежчыка сталі адной з падставаў для прэзыдэнта Буша назваць Ірак восьсю зла і “дзяржавай, якая падтрымлівае тэрарызм”.
XS
SM
MD
LG