Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛЬНЫ САКРАТАР РАДЫ ЭЎРОПЫ СУСТРЭЎСЯ ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ ЖУРНАЛІСТАМІ


Ірына Халіп, Страсбур

Гэта было нечаканае запрашэньне, бо сустрэчы з Вальтэрам Швімэрам у праграме беларускіх журналістаў не было. Сустрэча Швімэра з журналістамі працягвалася каля 10 хвілін, і ён не пасьпеў сказаць нічога, акрамя агульных дыпляматычных словаў наконт выключнай важнасьці для Эўропы добрых дачыненьняў зь Беларусьсю.

Аднак адна фраза прагучала зусім нечакана. Вальтэр Швімэр сказаў, што Рада Эўропы вырашыла распрацаваць новыя ўмовы для Беларусі, якія будзе няцяжка выканаць нават Аляксандру Лукашэнку. Увогуле ствараецца ўражаньне, што калі не сёлета, то прынамсі ў наступным годзе Беларусь усё ж прымуць у Раду Эўропы. Са словаў Швімэра дакладна вынікае, што новыя ўмовы будуць значна лягчэйшыя за цяперашнія.

У дакладзе на пленарным паседжаньні некалькі словаў пра Беларусь сказаў і старшыня рады Фэдэрацыі Фэдэральнага сходу Расеі Сяргей Міронаў. Ён адзначыў, што ўспрымаць Беларусь як праблемную зону Эўропы – памылка. Цяперашнія праблемы Беларусі, мяркуе спадар Міронаў, хутчэй пераходныя і ўласьцівыя абсалютнай большасьці постсавецкіх дзяржаваў. Гэта лёгіка гістарычнага працэсу, і неабходна знаходіць канструктыўныя рашэньні. Расея, сказаў ён, цьвёрда выступае за хуткае далучэньне Беларусі да Рады Эўропы. Гэта былі адзіныя словы пра Беларусь, што прагучалі на гэтай сэсіі з галоўнай трыбуны.

А дэпутаты палаты прадстаўнікоў сёньня зьехалі са Страсбуру – але ня ў Менск, а ў Сочы, дзе праходзіць міжпарлямэнцкі футбольны турнір. Дарэчы, многія дэпутаты палаты прадстаўнікоў знаходзяцца ў Сочы ажно з панядзелка. Можна зразумець рытарычнае пытаньне Ўладзімера Канаплёва: “Цікава, перад кім жа ў Авальнай залі выступаў Аляксандар Лукашэнка?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG