Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОРАДНІ РАСПАЧАЎСЯ СТРАЙК ПРАЦАЎНІКОЎ ВЫТВОРЧАГА ЎПРАЎЛЕНЬНЯ “МЭДЫК”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Цэлы дзень на падворку вытворчага ўпраўленьня “Мэдык” было людна. Сабраліся больш як 100 чалавек, якія пакінулі працу – а ўсяго ў “Мэдыку” (разам з раённымі філіямі) працуе 300 чалавек. Патрабаваньне іхнае простае – каб заплацілі цалкам заробкі за студзень, люты і сакавік. Першыя два месяцы ім аплацілі часткова – па 70 тысяч рублёў. А зарабляюць тут па 160-180 тысяч.

Працаўнікі “Мэдыка” абслугоўваюць установы аховы здароўя – даглядаюць і рамантуюць абсталяваньне. Гаворыць адзін з удзельнікаў страйку Міхаіл Ешчык:

(Ешчык: ) “Нам за работу павінны пералічваць грошы шпіталі, паліклінікі. Аднак у іх гэтых грошай няма – таму што яны ад бюджэту, а як у іх няма, дык і ў бюджэце няма. Дык вось пытаньне такое: як нам жыць далей, калі нам не пералічваюць грошы, не аддаюць? Мы ж робім за так – ня плацяць, і ўсё. Што хочаце, тое і рабіце”.

Сёньня раніцай страйкоўцаў наведаў начальнік абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Аляксандар Каранік. Ён сказаў, што зможа расплаціцца зь імі толькі за студзень. А калі людзей гэта не задавальняе і яны ня згодныя працаваць далей, “Мэдык” могуць з 1 траўня расфармаваць – маўляў, шукайце тады працы.

Спачатку рабочыя хацелі правесьці 26 красавіка мітынг пад назвай “Ня хочам паміраць з голаду ў цэнтры Эўропы”, але гарадзкія ўлады не дазволілі яго. Тады працаўнікі “Мэдыка” распачалі страйк. Яны настроеныя яго працягваць і ў пятніцу, і пасьля выходных, калі не атрымаюць сваіх заробкаў.
XS
SM
MD
LG