Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА Ў МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізацыйны камітэт Чарнобыльскага шляху ў Менску пагадзіўся з тым фарматам акцыі, які дазволілі ўлады. Збор удзельнікаў прызначаны на палову шостай вечара каля Акадэміі навук.

Адтуль дэманстранты, хутчэй за ўсё, накіруюцца на плошчу Бангалёр, дзе пройдзе мітынг. Хаця ня выключана, што маршрут шэсьця можа быць зьменены — усё залежыць ад таго, колькі зьбярэцца людзей.

Першапачаткова плянавалася пачаць шлях з плошчы Я.Коласа, і таму цяпер арганізатары вядуць перамовы з гарадзкой міліцыяй, каб тая не замінала людзям прайсьці з гэтай плошчы да Акадэміі навук. Гаворыць адзін з арганізатараў Чарнобыльскага шляху, лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Сказана было, што перашкаджаць ня будуць, нават калі людзі будуць трымаць сьцягі й транспаранты. Але пойдуць па ходніках. Мы пагадзіліся на гэта. Што да далейшай хады, то міліцыя заявіла, што будзе пільнаваць выкананьне рашэньня гарвыканкаму".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Вячорка, нагадайце, пад якімі лёзунгамі будзе праходзіць заўтрашні шлях і чаго будуць дамагацца ягоныя ўдзельнікі?"

(Вячорка: ) "Асноўны лёзунг: "Чарнобыльскі шлях — дзеля будучыні". Мы пратэстуем супраць зьмены стратэгічнай чарнобыльскай палітыкі лукашэнкаўскага ўраду. Мы пратэстуем супраць бяздарнай эканамічнай палітыкі, якая давяла краіну да цяперашніх бедаў. Чарнобыль пазбаўляе фізычнай пэрспэктывы, а ўсё астатняе пазбаўляе духоўнай і нацыянальнай пэрспэктывы".

Аднак ня ўсе лідэры апазыцыйных партыяў задаволеныя такім маршрутам. Гаворыць лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Безумоўна, мы будзем браць самы шырокі ўдзел у гэтай акцыі, як у Менску, так і ў рэгіёнах. Мы прыйдзем і станем разам з усімі, са сваімі сьцягамі, хаця на на плошчы Бангалёр партыйных сьцягоў БСДП ня будзе. На месцы, якое спадар Лукашэнка назваў месцам, дзе павінна зьбірацца "отребье", на гэтым месцы мы не праводзім ніякіх масавых акцыяў.

Мы падпарадкоўваемся аргкамітэту й прыйдзем на пляцоўку каля Акадэміі навук. Будзем ісьці разам з усімі. Калі калёна пойдзе на плошчу Бангалёр, то мы каля гэтай плошчы свае сьцягі з калёны вынясем. І партыйных сымбаляў, а да гэтых сымбаляў, відаць, можна залічыць і старшыню партыі, на гэтым месцы ня будзе".

Паводле лідэра “Народнай грамады”, ягоная партыя прапаноўвала аргкамітэту каардынаваць дзеяньні ў справе правядзеньня Чарнобыльскага шляху, але адказу не атрымала. У сваю чаргу Вінцук Вячорка гаворыць, што ніхто не замінаў спадару Стакевічу й ягоным паплечнікам далучыцца да аргкамітэту.

Лідэру ЛДПБ Сяргея Гайдукевічу таксама прапаноўвалі далучыцца да Чарнобыльскага шляху, аднак ён вырашыў праводзіць асобную акцыю. Менскі гарвыканкам дазволіў ЛДПБ правесьці мітынг усё на той жа плошчы Бангалёр. Спадар Гайдукевіч паведаміў нашаму радыё, што ягоныя прыхільнікі на Бангалёр ня пойдуць, а арганізуюць свой Чарнобыльскі шлях 27 красавіка па маршруце Галоўпаштамт — станцыя мэтро "Ўсход". Гэтая акцыя пачнецца а 15-й гадзіне.

Заўтра ж на плошчы Бангалёр пройдзе афіцыйнае чарнобыльскае мерапрыемства, арганізаванае менскім гарвыканкамам.

Акцыі рознага фармату з нагоды 16-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі таксама пройдуць у Гомелі, Магілёве, Баранавічах, Сьветлагорску, Салігорску ды іншых гарадах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG