Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІНІСТАР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ АСАБІСТА БУДЗЕ КІРАВАЦЬ ДЗЕЯНЬНЯМІ МІЛІЦЫЯНТАЎ ПАДЧАС ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра гэта Радыё Свабода паведаміла кіраўніца прэсавага цэнтру гарадзкой міліцыі Натальля Лапо:

(Лапо: ) "Гарадзкая міліцыя будзе выконваць сваю асноўную задачу — забясьпечваць ахову бясьпекі людзей, — і будзе дзейнічаць, зыходзячы з канкрэтных абставінаў. Але мы вельмі спадзяемся, што ўсё пройдзе гэтак жа мірна і спакойна, як год таму".

Паводле Натальлі Лапо, падрыхтоўка міліцыі да Чарнобыльскага шляху сёлета нічым асаблівым не вылучаецца. Гэта азначае, што акрамя міліцыі, да аховы грамадзкага парадку будуць задзейнічаныя пэўныя сілы АМОНу, задача якіх — не дазваляць адхіленьня ад вызначанага гарвыканкамам маршруту шэсьця. Але дэманстранты нават не заўважаць гэтых сілаў, калі ня будуць адхіляцца ад маршруту — паведамілі мне ў прэсавай службе гарадзкой управы міліцыі.

Між тым, агульнае кіраўніцтва дзеяньнямі міліцыі заўтра будзе належаць зусім не гарадзкой управе. Паводле некаторых зьвестак, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў зьбіраецца асабіста прыехаць да Акадэміі навук. Сёньня ў парлямэнце Навумаў нагадаў журналістам, што мае пасьведчаньне ліквідатара наступстваў Чарнобыльскай аварыі і таму для яго дзень 26 красавіка — асаблівы. Аднак Уладзімер Навумаў не зьбіраецца далучыцца да дэманстрантаў. "Ён будзе кіраваць непасрэдна на месцы падзеяў", — паведамілі з атачэньня міністра.

Паводле зьвестак кампэтэнтных крыніцаў, ужо некалькі дзён вядзецца інтэнсіўная падрыхтоўка да заўтрашняга шэсьця асабовага складу некаторых частак ўнутраных войскаў. У прыватнасьці, у вайсковай частцы, што разьмешчаная на вуліцы Маякоўскага, сёньня раніцай адпрацоўваліся дзеяньні па разгону калёны дэманстрантаў. У гэтай "рэпэтыцыі", паводле нашых крыніцаў, імітавалася выкарыстаньне адмысловай вадамётнай тэхнікі.

Нагадаю, што за апошнія тры гады падчас традыцыйных Чарнобыльскіх шляхоў у Менску міліцэйская спэцтэхніка не выкарыстоўвалася. Абыходзілася і без масавага скарыстаньня сілаў АМОНу і ўнутраных войскаў. Аднак асобныя выпадкі, калі пасьля акцыяў міліцыя затрымлівала дэманстрантаў, усё ж фіксаваліся.
XS
SM
MD
LG