Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОРАДНІ АКТЫВІСТЫ АПАЗЫЦЫІ СУДЗЯЦЦА З ГАРВЫКАНКАМАМ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Забаранілі, як высьветлілася, назаўжды. Сёньня ў Ленінскім судзе гораду адбылося першае паседжаньне. Сьвятлана Нех і Зьміцер Іваноўскі плянавалі правесьці ў сакавіку пікеты з праваабарончай тэматыкай пад назвай “Маю права”.

У той жа час у гарвыканкам трапілі яшчэ некалькі заявак на пікетаваньне ў падтрымку журналістаў газэты “Пагоня”. Усім заяўшчыкам адмовілі. Але для Нех зь Іваноўскім улады прыдумалі адмысловую адмову.

У адказе гаворыцца, што яны “шматразова парушалі патрабаваньні заканадаўства пры арганізацыі розных грамадзкіх акцый”. А таму ўлады папярэджваюць абодвух, што і надалей ніколі не дазволяць ім праводзіць грамадзкія акцыі.

Сьвятлана Нех і Зьміцер Іваноўскі мусілі падаць у суд скаргу на рашэньне гарадзкіх уладаў. Яны просяць скасаваць рашэньне і вынесьці прыватнае азначэньне на адрас гарвыканкаму, бо ён парушыў іхныя палітычныя правы і свабоды і перавысіў сваю кампэтэнцыю, акрэсьленую заканадаўствам аб мясцовым самакіраваньні.

Сёньня ў судзе заслухалі абодвух аўтараў скаргі і прадстаўніка гарвыканкаму. Разбор справы будзе працягнуты, але дата наступнага паседжаньня пакуль ня вызначаная.
XS
SM
MD
LG