Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РЭДАКТАРЫ НЕЗАЛЕЖНЫХ БЕЛАРУСКІХ СМІ Ў СТРАСБУРЫ


Ірына Халіп, Страсбур

Што датычыць беларусаў у Страсбуры, то дэпутаты палаты прадстаўнікоў ужо другі дзень не выходзяць з офісу Тэры Дэйвіса – кіраўніка Сацыялістычнай групы Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Што яны там абмяркоўвацль, даведацца пакуль што немагчыма.

Сёньня вельмі цікавая праграма ў групы рэдактараў незалежных СМІ, якія прыбылі ў Страсбур. Раніцай яны ўзялі ўдзел у традыцыйным ланчы генэральнага сакратара Рады Эўропы Вальтэра Швімэра з прэсай – гэткі ланч ладзіцца кожную сэсію. У другой палове дня беларускія журналісты сустрэліся з адмысловым дакладчыкам Рады Эўропы па Беларусі спадаром Бэрэндтам.

Вольфганг Бэрэндт сказаў журналістам, што, на ягоны погляд, беларускі рэжым пасьля выбараў не зрабіўся больш лібэральным. Працягваюцца рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў улады, дагэтуль нічога не вядома пра зьніклых людзей. Спадара Бэрэндта таксама вельмі турбуе лёс Юрыя Бандажэўскага, які знаходзіцца за кратамі.

Але Бэрэндт адзначыў пазытыўную тэндэнцыю ў беларускім парлямэнце, які, на ягоны погляд, стаў больш актыўным, мае больш жаданьня працаваць. Ёсьць надзея, што з часам ён зможа выконваць дастаткова незалежную функцыю ў беларускай палітыцы, мяркуе спадар Бэрэндт.

Вольфганг Бэрэндт перакананы што прэзыдэнт і ўрад Беларусі мусяць усталёўваць больш цесныя сувязі з Радай Эўропы, якая чакае ад Беларусі лібэралізацыі, зьмяненьня сытуацыі зь незалежнай прэсай і палітычнай апазыцыяй і наступных крокаў да дэмакратыі і падзяленьня заканадаўчай і выканаўчай улады.

А сёньня ўвечары рэдактары беларускіх незалежных СМІ запрошаныя на неафіцыйную сустрэчу з кіраўніцтвам Лібэральнай групы Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
XS
SM
MD
LG