Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ АДКРЫЎСЯ ГАБРЭЙСКІ АБШЧЫННЫ ДОМ


Галіна Абакунчык, Менск

Пад гукі аркестру й воплескі прысутных стужку перад уваходам у будынак разрэзаў прэзыдэнт Саюзу беларускіх габрэйскіх арганізацыяў Леанід Левін, прадстаўнік Камітэту ў справе нацыянальных меншасьцяў спадар Буко й віцэ-прэзыдэнт Амэрыканскага габрэйскага аб’яднаньня "Джойнт" Майкл Шнайдэр. І гэта не выпадкова, бо сёньняшняя ўрачыстацьць адбылася праз намаганьні гэтых трох арганізацыяў. Акрамя таго, на імпрэзе прысутнічаў амбасадар ЗША Майкл Козак, кіраўнікі дыпляматычных місіяў Ізраілю, Літвы й некаторых іншых, а таксама прадстаўнікі сталічнай адміністрацыі.

Спадар Козак падчас свайго выступу падкрэсьліў, што фундамэнтальная частка вонкавай палітыкі ЗША — гэта разьвіцьцё рэлігійнай свабоды й нацыянальнасьцяў, і што габрэйская культура складае значную частку культуры народу Беларусі. Майкл Шнайдэр — як лідэр буйной дабрачыннай арганізацыі, якая мае прадстаўніцтвы ў 60 краінах сьвету, адзначыў, што габрэйская нацыя ў Беларусі цяпер квітнее. У інтэрвію нашаму радыё спадар Шнайдэр гэтыя словы патлумачыў так:

(Шнайдэр: ) "Мы адчуваем, што ў габрэйскіх абшчынаў добрае супрацоўніцтва з урадам. Днямі я быў ва Ўкраіне на падобнай імпрэзе: і там, і тут габрэі могуць свабодна жыць, разьвіваць свае таленты й мець паўнацэннае жыцьцё. Вось што я меў на ўвазе".

На пытаньне, як ён ацэньвае разбурэньне будынку габрэйскай сынагогі, газэтныя публікацыі й выданьне антысэмісцкіх кніг, спадар Шнайдэр адказаў, што пра гэта яму нічога невядома. Лідэр Сусьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў Якаў Гутман патлумачыў неабазнанасьць прадстаўнічых гасьцей тым, што праўду пра сёньняшняе становішча габрэяў у Беларусі ад міжнароднай супольнасьці хаваюць улады й прадстаўнікі афіцыйных габрэйскіх арганізацыяў. З гэтай прачыны, паводле ягоных словаў, ён адмовіўся ўдзельнічаць у сёньняшняй імпрэзе. Гаворыць Якаў Гутман:

(Гутман: ) "Прыглядаюся, як пабудаваная сыстэма габрэйскай бюракратыі, і разумею, што яна пабудаваная, каб нішччыць габрэйскі дух. І габрэйскія бюракраты будуць нешта рабіць, каб падладзіцца пад гэты рэжым".

Габрэйскі абшчынны дом, разьмешчаны ў Менску на вуліцы Веры Харужай, — гэта будынак, набыты ў былой будаўнічай арганізацыі й пераабсталяваны на сродкі амэрыканскага таварыства "Джойнт". Цяпер тут будуць працаваць шэраг габрэйскіх грамадзкіх арганізацыяў, накірунак дзейнасьці якіх — ад культурных да навуковых і дабрачынных акцыяў. Леанід Левін — як лідэр адной з найбуйнейшых у Беларусі габрэйскіх абшчынаў і галоўны ініцыятар праекту — гатовы й надалей супрацоўнічаць і зь дзяржаўнымі, і зь недзяржаўнымі структурамі, але спадзяецца ўсё ж на ўласныя сілы:

(Левін: ) "Спадзяваньні на саміх сябе. Калі на некага спадзявацца, то можа здарыцца, што гэтыя дзьверы будуць зачыненыя. Мы магчыма ня так моцна крычым, але робім сваю справу”.

Спадар Левін асабліва падкрэсьліў, што дзьверы Менскага абшчыннага дому адкрытыя ня толькі для габрэяў, але для ўсіх жыхароў Менску й нават Беларусі. А першых наведнікаў тут гатовыя прыняць ужо заўтра.
XS
SM
MD
LG