Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ ПАПЯРЭДЗІЛА КАРЭСПАНДЭНТА НТВ ПАЎЛА СЕЛІНА


Алесь Грыневіч, Менск

Карэспандэнта НТВ Паўла Селіна сёньня выклікалі на размову ў міністэрства замежных справаў Беларусі. Там яму зачыталі папярэджаньне за неаб'ектыўнае асьвятленьне падзеяў у Беларусі.

Пярэчаньні беларускіх уладаў выклікалі тры сюжэты — аб эміграцыі зь Беларусі, аб падзеях у Курапатах, калі згарэў намёт добраахвотнікаў, якія нясуць вахту ў абарону мэмарыялу, і аб разгоне міліцыяй апазыцыйнага шэсьця 19 красавіка. Прадстаўнікі МЗС лічаць, што ў кожным з выпадкаў інфармацыя была пададзеная аднабакова.

Спадар Селін ня згодны з такой ацэнкай сваіх сюжэтаў. Ён кажа, што ўва ўсіх выпадках карыстаўся некалькімі, у тым ліку афіцыйнымі крыніцамі інфармацыі. У сюжэце ж з Курапатаў прадстаўнікі міліцыі адмовіліся ад камэнтараў, кажа расейкі карэспандэнт.

(Селін: ) "Я задаволены гэтай размовай, бо я лічу, што выбачацца тэлекампаніі НТВ за мае рэпартажы ня прыйдзецца. Таму што выбачацца няма за што — мы працуем у фармаце люстэрка, паказваем тое, што ёсьць. Калі гэта некаму не падабаецца, гэта справа асабістая. Я прыняў іхныя аргумэнты да ведама, але іх не падзяляю".

У выпадку яшчэ аднаго папярэджаньня Паўла Селіна могуць пазбавіць акрэдытацыі ў Беларусі. Але кіраўніцтва НТВ ня лічыць, што іх карэспандэнт дзейнічаў няправільна. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы НТВ Алег Сапожнікаў:

(Сапожнікаў: ) "Цяпер нашыя юрысты вывучаюць прававыя наступствы гэтага папярэджаньня. Тым ня менш, нашая пазыцыя была і застаецца наступнай — тэлекампанія НТВ заўсёды імкнулася аб'ектыўна, карэктна асьвятляць дзейнасьць усіх палітычна значных удзельнікаў працэсу ў Беларусі. І мы ад гэтай сваёй пазыцыі ня будзем адыходзіць. Карэспандэнт НТВ і рэдактары НТВ выконвалі свой прафэсійны абавязак".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG