Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Віталь Цыганкоў, Прага

Рызыкуюць таксама працаўнікі цырульняў. Прадстаўнікі Эўракамісіі кантролю якасьці выступілі з рэзкай крытыкай на адрас вытворцаў фарбы, якія ня робяць сваю прадукцыю бясьпечнай. Найбольш небясьпечнымі экспэрты лічаць трывалыя фарбы цёмных адценьняў, калі іх выкарыстоўваць кожныя чатыры-шэсьць тыдняў. Часовыя і нетрывалыя фарбы, на думку экспэртаў, не спрыяюць узьнікненьню раку. Рызыкуюць толькі тыя жанчыны, якія карыстаюцца трывалай фарбай для валасоў на працягу многіх гадоў.


* * *
Хлопчыкаў нараджаецца больш, чым дзяўчынак. Аднак апошнія гады ў Нямеччыне, Вялікабрытаніі, ЗША і Канадзе гэтая прапорцыя зьмянілася на карысьць дзяўчынак. Аўтары новага дасьледаваньня лічаць, што прычына гэтага – паленьне. Раней было вядома, што тытунёвы дым зьніжае здольнасьць спэрмы да апладненьня яйкаклеткі, але цяпер атрымалі зьвесткі, што паленьне зьмяншае магчымасьць нараджэньня хлопчыка. Дасьледаваньне было праведзенае пад кіраўніцтвам японскага доктара Місаа Фукуда. У сем’ях, дзе бацькі ня паляць, колькасьць народжаных хлопчыкаў была на 20% большая, чым дзяўчынак. А ў сем’ях, дзе абодва бацькі выкурвалі ў сярэднім па адным пачку штодня, нараджалася на 20% болей дзяўчынак.


* * *
У адной шатляндзкай музычнай краме пачалі распаўсюджваць бясплатныя наборы для выяўленьня хлямідыёзу. Тэсты будуць аформленыя ў выглядзе кампакт-дыскаў, што, на думку экспэртаў, дапаможа падлеткам пераадолець сарамлівасьць. Хлямідыёз – хвароба, якая паражае полавыя органы і вельмі шкодзіць рэпрадуктыўнай сыстэме жанчын. Але хворы на хлямідыёз часта ня мае ніякіх сымптомаў хваробы. Экспэрты лічаць, што неабходна абсьледаваць як мага большую колькасьць людзей, асабліва падлеткаў.


* * *
Усеагульнае захапленьне харчамі зь нізкім утрыманьнем тлушчу можа прывесьці да сур’ёзных праблемаў са здароўем. Як лічыць шатляндзкі дасьледчык Віктар Заміт, высокі ўзровень вугляводаў у такіх харчах можа прывесьці да збояў у абмене рэчываў у арганізьме. Гэты стан атрымаў назву “сындром ІКС”, якія праяўляецца ў стомленасьці й страце канцэнтрацыі. Толькі ў Вялікабрытаніі ад яго церпяць каля 5 мільёнаў чалавек. На думку Заміта, прычына – парушэньні харчаваньня. Пры частым ужываньні ежы з высокім утрыманьнем вугляводаў узровень цукру ў крыві увесь час падвышаны, што прыводзіць да высокага ўзроўню гармону інсуліну. Каб пазбавіцца “сындрому ІКС”, трэба зьнізіць масу цела, пры гэтым клеткі становяцца больш адчувальнымі да інсуліну.


* * *
Група ірляндзкіх навукоўцаў даказала, што праца падвышае рызыку ўскладненьняў у цяжарных жанчын. Дактары правялі сутачны кантроль артэрыяльнага ціску ў 1000 маладых цяжарных жанчын, падзяліўшы іх на тры групы – тыя, што працуюць; тыя, што пакінулі працу на час цяжарнасьці, і тыя, што не працавалі раней. Высьветлілася, што ў працоўных жанчын рызыка падвышанага ціску была значна вышэйшая. Высокі ціск у многіх жанчын быў зьвязаны з клопатамі на працы. Асабліва небясьпечныя прафэсіі, зьвязаныя зь фізічнай працай.
XS
SM
MD
LG