Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ БЕЛАРУСКАЙ АМБАСАДЫ Ў ВАРШАВЕ ЗЬЯВІЛАСЯ ГРАФІЦІ “STOP LUKA”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Вялікі трохмэтровы надпіс “Stop Luka”, зроблены белай фарбай на тратуары насупраць беларускай амбасады на вуліцы Атэньскай, зьявіўся, праўдападобна, сёньня ўначы. Жыхар суседняга з амбасадай дома паведаміў, што ўчора ўвечары яго ня бачыў.

Мне ўдалося знайсьці аднаго з аўтараў надпісу – сябра незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Зубр”, які вымушана зьехаў зь Беларусі й жыве цяпер у Польшчы. Малады чалавек пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў Радыё Свабода, пры ўмове, што ягонае імя ня будзе названае.

(Сябар “Зубра”: ) “Мэта гэтай акцыі – падтрымка тых людзей, якія былі асуджаныя за ўдзел ў акцыі “Так жыць нельга”. Мы хочам падтрымаць людзей, побач зь якімі даводзілася змагацца, а таксама вядомых апазыцыянэраў – Бандарэнку, Шчукіна, якім далі арышты. Гэта яшчэ і пратэст супраць таго, што робіцца ў Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Гэткая акцыя магла б зашкодзіць Вам як неграмадзяніну Польшчы і палітычнаму ўцекачу. Што вы пра гэта думаеце?”

(Сябар “Зубра”: ) “Так, наступствы могуць быць, але гэта ня тое, што магло б быць у Беларусі, дзе за графіці можна атрымаць некалькі гадоў зьняволеньня. Тут гэта ня так страшна, як у Беларусі”, – паведаміў адзін з аўтараў надпісу “Stop Luka”, які быў зроблены напярэдадні каля беларускай амбасады ў Варшаве.
XS
SM
MD
LG