Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ВЫСТУПІЎ СА ШТОГАДОВЫМ ПАСЛАНЬНЕМ У НАЦЫЯНАЛЬНЫМ СХОДЗЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Разгорнутага бачаньня праблемаў унутранай і вонкавай палітыкі Аляксандар Лукашэнка так і не прадставіў. Увесь час ён пераходзіў на канкрэтныя прыклады і недахопы, крытыкаваў урад і мясцовыя ўлады. Да дэпутатаў зьвяртаўся па імёнах, часта дапамагаў сабе простанароднымі выказваньнямі. Але ўсё ж ён прызнаў крызысную сытуацыю ў беларускай эканоміцы ды заклікаў да больш жорсткай палітыкі эканоміі.

Лукашэнка сказаў і пра неканкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў, якіх назапасілася на сховішчах на 1 трыльён даляраў, і пра запазычанасьць па заробках у 32 мільярды рублёў, спазьненьні з выплатамі пэнсіяў. Тым ня менш, ён заявіў, што да 2005 году будзе выкананая задача дасягнуць росту ВУП на 40% і павялічыць сярэдні заробак у 2,5 разы.

Кіраўніцтва праваслаўнай царквы Лукашэнка абвінаваціў у празьмерным будаўніцтве храмаў, для якіх, кажучы ягонымі словамі, ужо не хапае "спэцыялістаў" — г.зн. сьвятароў, а акрамя таго, гэтае будаўніцтва адбірае сродкі ў прадпрыемстваў і бізнэсмэнаў. Ставячы задачу эканоміць, Лукашэнка таксама паведаміў, што дзяржава атрымлівае вельмі сьціплыя прыбыткі ад продажу зброі:

(Лукашэнка: ) “Даход можа быць чатырыста мільёнаў даляраў, а прыбытак у гэтых мільёнах — чатырыста тысячаў”.

Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што прыбытак ад гандлю зброяй складае ўсяго шэсць адсоткаў.

Але, паводле словаў Лукашэнкі, ня трэба шкадаваць грошы на будаўніцтва спорткомплексаў.

Зноў жа дзеля эканоміі дзяржава купіла каля двухсот “мэрсэдэсаў” для вэртыкалі:

(Лукашэнка: ) “Ды вось гэтыя “мэрсэдэсы”, за якія крытыкуюць, за бясцэнак удалося купіць — вунь Жураўкова сядзіць, ездзіла, вяла перамовы ў Нямеччыне. Купілі на сем год для вэртыкалі ўлады, іншых органаў. Маглі купіць “Волгі”. Але, па-першае, расход паліва, па-другое, практычна той жа кошт, а эксплюатацыя ў некалькі разоў даражэйшая. Навошта мне гэта рабіць”.

Спадар Лукашэнка паведаміў, што грошы на гэтыя мэрсэдэсы пайшлі не зь бюджэту, але адмовіўся назваць, адкуль канкрэтна.

Выказаўся Аляксандар Лукашэнка і пра маніфэстацыю апазыцыі 19 красавіка, якую ён назваў антыграмадзкай акцыяй:

(Лукашэнка: ) “Людзі, якія гэта хацелі, што хацелі, тое й атрымалі. Яны хацелі атрымаць карцінку”.

Аляксандар Лукашэнка ўпэўнены, што "тэлекарцінка" патрэбная, каб пераканаць Джорджа Буша націснуць на Ўладзімера Пуціна падчас візыту ў Маскву, каб той паўплываў на Беларусь:

(Лукашэнка: ) “Напярэдадні сустрэчы Буша з Уладзімерам Уладзімеравічам у Расеі 23 траўня трэба паказаць, а яму ўжо ў тэзысы ўпісалі, каб ён запатрабаваў ад Пуціна прыдушыць Беларусь, таму што там рэжым ненармальны, там за фашыстаў галасуюць, там усё дрэнна, там няма правоў чалавека, няма ніякай дэмакратыі. Трэба задушыць Беларусь”.

Акрамя таго, спадар Лукашэнка абвінаваціў у наўпроставай падтрымцы апазыцыі карэспандэнта НТВ ў Менску Паўла Селіна і запатрабаваў ад яго доказаў праўдзівасьці сваіх матэрыялаў, прыгразіўшы высылкай зь Беларусі ў іншым выпадку.

Пасьля таго, як трансьляцыя выступу Лукашэнкі на БТ была адключаная, ён выказваўся яшчэ больш шчыра, у прыватнасьці, паведаміў, што на ягоны нядаўні адпачынак дзяржава ня выдала ні капейкі, а адпачываў ён коштам НАК Аўстрыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG