Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ ДЗЯСЯТЫ ЗЬЕЗД БЕЛАРУСКАГА ТАВАРЫСТВА АХОВЫ ПОМНІКАЎ ГІСТОРЫІ Й КУЛЬТУРЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Косаўскі, Нясьвіскі й Ружанскі палацы, Мір і гарадзенская Каложа — толькі асобныя буйныя старажытныя помнікі архітэктуры, якія неабходна тэрмінова ратаваць. Але на сёньняшнім зьезьдзе таварыства больш за ўсё гаварылі пра адсутнасьць грошай, колькасьць сэмінараў і канфэрэнцыяў, праведзеных за мінулыя пяць гадоў, а таксама неабходнасьць ствараць пярвічныя арганізацыі таварыства ў рэгіёнах. Будучую дзейнасьць намесьніца кіраўніка грамадзкай арганізацыі Галіна Саўчанка пазначыла наступным чынам:

(Саўчанка: ) "Неабходна дамагацца, каб помнікі архітэктуры не разбураліся, а на іх месцах ня ўзводзіліся муляжы. Але вельмі многае ўпіраецца ў грошы".

Паводле ейных словаў, кіраўніцтва таварыства спадзяецца на дапамогу дзяржструктураў. Але выказваліся й крытычныя погляды адносна супрацоўніцтва грамадзкай арганізацыі зь дзяржаўнай установай — Дэпартамэнтам па захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама пра ролю самога таварыства ў захаваньні матэрыяльнай культуры беларусаў. Навукоўца інстытуту археалёгіі НАН Тамара Габрусь, бадай, адзіная, хто сваімі пытаньнямі спрабавала завастрыць увагу на праблеме практычнага захаваньня архітэктурных помнікаў. Гаворыць Тамара Габрусь:

(Габрусь: ) "Юрыдычна мы супрацоўнічаем, але толькі тады калі нешта здараецца. А так ніхто на нас не зьвяртае ўвагу. І сёньня я пыталася — што з Нясьвіскім, што з Косаўскім палацам, але ніхто нічога мне не адказаў. А Чарняўскі дык увогуле зрабіў выгляд, што гэта яго не датычыць, хоць ён ня толькі сябра нашага таварыства, але й прадстаўнік Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны".

Цяперашняе становішча помнікаў многія навукоўцы й практыкі ацэньваюць як крытычнае. Недасканалыя й юрыдычныя дакумэнты, пакліканыя іх абараняць. Гучалі нават прапановы ўвесьці ў школьныя праграмы курс па вывучэньні і захаваньні гістарычнай спадчыны. Тое, што сёньня неабходна рабіць стаўку на моладзь, зразумелі й навукоўцы, якія нядаўна стварылі Беларускі камітэт міжнароднай рады па помніках і мясьцінах. Гэтая грамадзкая арганізацыя — партнэр ЮНЭСКА, якая аб’ядноўвае прафэсіяналаў — гісторыкаў, архітэктараў, археолягаў, юрыстаў і г.д. Яны, у сваю чаргу, працуюць з моладзьдзю. У Беларусі гэта — моладзевае аб’яднаньне "Гісторыка", "Экадом" й іншыя. Толькі ў гэтым выпадку можна разьлічваць на практычны вынік намаганьняў грамадзкай арганізацыі па захаваньні помнікаў гісторыі й культуры. Гаворыць сябра новастворанай арганізацыі Сяргей Тарасаў:

(Тарасаў: ) "Што да грамадзкіх арганізацыяў, дык надышоў час працаваць па-іншаму. Новыя грамадзкія арганізацыі аб’ядноўваюць шмат моладзі й выкарыстоўваюць новыя формы працы. Да прыкладу, прыбраць сьмецьце ў музэі камянёў ці тэрыторыю архітэктурнага помніку".

Ужо 27 красавіка моладзевае аб’яднаньне "Гісторыка" пры ўдзеле Беларускага камітэту міжнароднай рады арганізуе прыборку Кальварыйскіх могілак, а з 6 траўня — палац у Косаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG