Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗНАЙШЛІ ТРЫ КАНТЭЙНЭРЫ З РАДЫЕАКТЫЎНЫМ ЦЭЗІЕМ-137


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Радыеактыўнае рэчыва цэзій-137 знойдзенае на складзе акцыянэрнага таварыства "Менскжалезабэтон", якое знаходзіцца на вуліцы Кабушкіна. Адмыслоўцы зь Міністэрства па надзвычайных сытуацыях сьцьвярджаюць, што пагрозы ад радыяцыі для жыхароў вуліцы Кабушкіна і суседніх вуліцаў няма і быць ня можа, бо цэзій захоўваўся ў мэталічных кантэйнэрах. Між тым, замер узроўню радыяцыі на складзе паказаў перавышэньне нормы ў 8 разоў — радыяцыя каля кантэйнэраў складала 20 мікрарэнтген на гадзіну.

Кіраўнік цэнтру прапаганды і навучаньня менскай гарадзкой управы міністэрства па надзвычайных сытуацыях Васіль Гамолка назваў знаходку вельмі рэдкай і патлумачыў, чаму на заводзе захоўваўся цэзій.

(Гамолка: ) "У прынцыпе, ён патрэбны жалезабэтонным заводам для апаратаў дэфэктаскапіі, але непасрэдна гэтыя крыніцы выпраменьваньня не выкарыстоўваліся, іх проста трымалі на складзе. Як мы высьветлілі, ажно з 1975 году. Зараз кантэйнэры ўжо адвезлі на ўнітарнае прадпрыемства "Экарэс", у цэх утылізацыі радыеактыўных рэчываў. Мы яшчэ будзем правяраць, ці ня мог хто ад іх пацярпець на заводзе, але здаецца, нічога жахлівага там няма, бо кантэйнэры былі гермэтычна зачыненыя”.

Паводле Васіля Гамолкі, у Менску гэта першая знаходка цэзія-137 за апошнія некалькі гадоў, і ён не чакае, што падобныя небяспечныя знаходкі стануць рэгулярнымі.

Аптымістычныя прагнозы практыкаў не падзяляюць некаторыя вучоныя. Член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка лічыць, што ў горадзе яшчэ шмат дзе без нагляду адмыслоўцаў знаходзяцца радыеактыўныя рэчывы.

(Нікітчанка: ) "У нас гэты цэзій валяецца паўсюль, кучамі валяецца гэты цэзій. Панабіраліся гэтых рэчываў ўсе каму заўгодна. Яны ў дасьледчых інстытутах ды лябараторыях, на заводах самых розных, ня толькі абаронных. За новым часам шмат прадпрыемстваў распаліся, і дзе цяпер гэтыя рэчывы, высьветліць немагчыма. Выпадкова нешта само ўзьнікае, а астатняе чакае свайго часу. Добра, што ў дадзеным выпадку хутка разабраліся і не давялі справу да ўцечкі радыяцыі, але магло быць і горш. Збольшага становішча небясьпечнае, і ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў дарэмна пануюць такія добрыя настроі".

Іван Нікітчанка не выключае, што пэўныя недобрасумленныя людзі могуць нават гандляваць радыеактыўнымі рэчывамі альбо выкарыстоўваць іх у іншых злачынных мэтах. На думку Івана Нікітчанкі, у справе захоўваньня радыеактыўных рэчываў у дадатак да дзяржаўных захадаў яшчэ патрэбныя галоснасьць і грамадзкі кантроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG