Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ


Віталь Тарас, Прага

Суд над галоўным рэдактарам гарадзенскай газэты “Пагоня” Міколам Маркевічам і журналістам Паўлам Мажэйкам па абвінавачаньні ў паклёпе на кіраўніка дзржавы, як вядома, быў перанесены на травень. Тым часам на гэтым тыдні сайт забароненай газэты “Пагоня” заняў трэцяе месца ў рэйтынгу www.10.by.com.

Яшчэ адзін сайт, у якога было шмат наведнікаў на гэтым тыдні, – www.april19.org, прысьвечаны акцыі 19 красавіка ў Менску “Так жыць нельга”.

Кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, аўтар вядомай кінастужкі “Звычайны прэзыдэнт”, напярэдадні правёў анлайнавую канфэрэнцыю ў Чэхіі на сайце www.xсhat.сz. Канфэрэнцыю зладзіла праваабарончая арганізацыя “Чалавек у нядолі” ў рамках міжнароднага кінафэстывалю “Адзіны сьвет”. Дарэчы, сёлета чэскія праваабаронцы зарганізавалі анлайнавую канфэрэнцыю ў Празе Зянона Пазьняка, якую мы падрабязна асьвятлялі ў нашай перадачы.

Юры Хашчавацкі быў сябрам міжнароднага журы фэстывалю “Адзіны сьвет”, падчас якога адбыўся інфармацыйны паказ і ягонага новага фільму “Багі сярпа й молата”. Карыстаючыся нагодай, я папрасіў кінарэжысэра адказаць на некалькі пытаньняў у праскай студыі Свабоды.

(Карэспандэнт: ) “Некалькі тыдняў таму вы правялі анлайнавую канфэрэнцыю ў Менску на сайце “Хартыі-97”. Наколькі я ведаю, гэта быў Ваш першы такі досьвед. Якія Вашыя ўражаньні?”

(Хашчавацкі: )“Гэта захапляе вось у якім сэнсе – пачынаеш разумець, наколькі ты ў звычайнай размове разьняволены. А вось калі ты гэта на паперу выплёскваеш, дык разумееш, што патрэбныя больш жорсткія й дакладныя фармулёўкі. Ну, і потым – шмат цікавых пытаньняў.

Рэч у тым, што публіка ў Інтэрнэце асаблівая. Як я ўяўляю, гэта ў асноўным маладыя “тэхнары”, якія, не зважаюць на аўтарытэты, яны гатовыя цябе спляжыць. Але ж гэта й добра. Мне не цікавыя камплімэнтарныя пытаньні. А вось калі цябе абразяць, тады зьяўляецца ахвота іх таксама ў адказ “разарваць”. Гэта такая своеасаблівая інтэлектуальная бойка”.

Падчас анлайнавай канфэрэнцыі ў Чэхіі Хашчавацкаму задалі й такое пытаньне: ці адчуваеце вы страх іншым разам? Адказ быў такі: “Я баяўся ўсё сваё жыцьцё. Баяўся, калі мне выбівалі зубы, калі ламалі ногі, калі мой сын затрымліваўся ўвечары пасьля школы. Баяўся, як і кожны чалавек. Зараз я найбольш баюся таго, што мае ўнукі будуць жыць у такой самай краіне, што і я. Гэта мяне вымушае змагацца зь цяперашнім рэжымам у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат часу Вы праводзіце ў сеціве? І наогул, на Вашу думку, ці шмат дае Інтэрнэт мастаку, кінэматаграфісту, палітыку?”

(Хашчавацкі: ) “У мяне Інтэрнэт займае гадзіны паўтары-дзьве штодня. Бывае нашмат болей, калі я нешта шукаю. Але шчыра кажучы, для мяне гэта зашмат, таму што ў мяне крыху іншая прафэсія: мне трэба кіно мантажаваць, а я па сайтах поўзаю. Асабліва калі ўлічыць, што Інтэрнэт у Беларусі яшчэ слабы і працуе марудна – у параўнаньні з тым, як ён працуе ў Празе. Шмат губляецца часу. Але зь іншага боку, шмат часу і эканоміцца. Таму што калі мой герой прамаўляе нейкую фразу па-ангельску, нейкую цытату, а я толькі прыблізна ведаю, што гэта з Шэксьпіра – дзе яшчэ гэта можна спраўдзіць, як не ў Інтэрнэце?

Канечне, вельмі шкада, што нашыя палітыкі пакуль збольшага не далучаныя да Інтэрнэту, а толькі іхныя памочнікі, маладыя хлопцы. Палітыку трэба ісьці ў Інтэрнэт – адразу адчуваньне, што ты кантактуеш з усім сьветам”.

(Карэспандэнт: ) “Лічыцца, што ў Беларусі аўдыторыя інтэрнэтаўская ня надта вялікая. Але па некаторых зьвестках, гэтая лічба дасягае ста тысячаў. І сярод іх пэўна ёсьць ня толькі маладыя тэхнары, як вы казалі. А што для Вас асабіста Інтэрнэт – бібліятэка, сродак масавай інфармацыі, ці нешта яшчэ?”

(Хашчавацкі: ) “І бібліятэка, безумоўна, і СМІ – у першую чаргу. А іншым разам і забава – але забава, зноў-ткі, зьвязаная з інфармацыяй. Мне цікава, напрыклад, якое надвор’е ў маіх сяброў у Чыкага”.


* * *
Сеціва ў Беларусі хоць і павольна, але разьвіваецца. І ўжо зусім ня рэдкасьць электронныя газэты ў глыбінцы.

Сьведчаньнем таму – Інтэрнэт-газэта “Вольнае Глыбокае”. Карэспандэнты гэтага выданьня перадаюць інфармацыю ня толькі з Глыбокага, але і Паставаў, Докшыцаў, Шаркоўшчыны, Мёраў ды Браслава.

З апошняга выпуску можна ўведаць, што Глыбокае займае першае месца на Віцебшчыне па колькасьці прадпрымальнікаў на душу насельніцтва. “Вольнае Глыбокае” правяла апытаньне на тэму “Якая Вашая ўлюбёная крама?” Той, каго цікавіць інфармацыя з гэтага рэгіёну, можа адчыніць старонку www.vglybokaye.promedia.minsk.by

Сярод новых рэгіянальных рэсурсаў адзначым таксама старонку з адрасам www.saligorsk.narod.ru. На жаль, гэтая старонка выходзіць цалкам на расейскай мове.


* * *
Дарэчы, дамэны “by” (што азначае Беларусь) і “ru” (Расея) у беларускім Інтэрнэце апошнім часам нярэдкасьць. Пад адрасам www.bpa.by.ru хаваецца вельмі цікавая старонка Беларускай псыхагістарычнай асацыяцыі. Тут можна прачытаць навуковае дасьледаваньне “Мэнтальны сьвет сучаснай Беларусі (да сярэдзіны 1990-х)” кандыдата гістарычных навук Эдуарда Дубянецкага.

Псыхагісторыя – зусім маладая навука, пачатак якой заклаў у 1958-м годзе выхад у сьвет кнігі “Малады Лютэр” Эрыксана – амэрыканскага пасьлядоўніка тэорыі псыхааналізу Фройда. Новая дысцыпліна сфармавалася на сумежжы дзьвюх навук – гісторыі і псыхалёгіі. Псыхагісторыя займаецца псыхалягічнай матывацыяй гістарычных падзеяў.

Вось што сказаў у тэлефоннай размове аб пэрспэктывах пакуль яшчэ малавядомай навукі беларускі філёзаф і культуроляг Алесь Анціпенка:

(Анціпенка: ) “Папярэдняя гістарычная навука мела такі падыход – як бы безасабовы. І гэта ня толькі быў марксістскі погляд. Але ўвогуле быў, скажам, такі макрападыход да гісторыі, калі ў поле зроку траплялі толькі вялікія падзеі. Але гісторыя толькі з гэтага не складаецца, Я думаю, што гэтая навука ўсё-ткі будзе разьвівацца. І для гэтага ёсьць шмат, скажам так, гістарычнага матэрыялу. А гэтым гістарычным матэрыялам зьяўляюцца ня толькі вялікія дзеячы з розных краінаў, удзельнікі важных гістарычных падзеяў, але й простыя людзі. Яны таксама ёсьць тэмай для дасьледаваньняў псыхагісторыі”.

Тым ня менш, на Інтэрнэт-старонцы БПА шмат матэрыялаў, прысьвечаных псыхалягічнаму аналізу дзейнасьці дыктатараў – такіх як Гітлер або Сталін.

Сярод навінаў, зьмешчаных на сайце БПА, можна прачытаць і такую:

“Бін Лядэна ў дзяцінстве гвалтавалі. Так сьцьвярджае кіраўнік Інстытуту псыхагісторыі ЗША Лойд дэ Мос, які прааналізаваў размову знакамітага тэрарыста з арабскім шэйхам, запісаную на відэастужку. (Гэты відэазапіс са спасылкай на арабскую кампанію “Аль-Джазіра” дэманстраваўся па ўсіх буйных тэлеканалах.)

Дэ Мос адзначае той факт, што бін Лядэн вельмі часта ўжывае словы, якія сьведчаць пра жаданьне правадыра ісьлямскіх фанатыкаў зьнішчаць сымбалі мужчынскасьці. Менавіта гэтым можна тлумачыць рэлігійны настрой бін Лядэна і ягонае гняўлівае стаўленьне да ЗША.

Бін Лядэн нарадзіўся ў заможнай арабскай сям’і й атрымаў традыцыйнае выхаваньне. Магчыма, у дзяцінстве ён стаў ахвярай бацькі ці старэйшых братоў, што часьцяком здараецца ў арабскіх сем’ях. Дэ Мос нагадвае калегам, што вынікі аналізу не зьяўляюцца канчатковымі, бо відэазапіс паказваўся шырокаму колу амэрыканскіх гледачоў толькі аднаго разу ў скарочаным выглядзе”.

Дарэчы, сёлета ў траўні ў Нью-Ёрку, дзе знаходзіцца Інстытут псыхагісторыі, адбудзеца 25-я канвэнцыя Міжнароднай псыхагістарычнай асацыяцыі з удзелам навукоўцаў розных краінаў сьвету. Чакаецца, што значная колькасьць прамоўцаў закране падзеі 11 верасьня 2001 году і тэму міжнароднага тэрарызму. Для таго, каб узяць удзел у канвэнцыі, неабавязкова быць сябрам асацыяцыі. Дастаткова адправіць электронны ліст на адрас, зьмешчаны на сайце БПА.


* * *
І на заканчэньне вынікі апытаньня на сайце Радыё Свабода www.svaboda.org. На пытаньне: “Ці пацярпелі Вы або Вашыя блізкія ад Чарнобылю?” 39 чалавек адказалі “Так”, чатыры “Не”. Яшчэ 11 удзельнікаў апытаньня ня ведаюць адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG