Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТРАСБУРЫ ПАЧАЛАСЯ ЧАРГОВАЯ СЭСІЯ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ


Ірына Халіп, Страсбур

Уладзімер Навасяд запрошаны лібэральнай групай Рады Эўропы, Юры Мароз – сацыялістычнай групай, Уладзімер Канаплёў, Зінаіда Пянькова і Ўладзімер Лойка прыехалі ў Страсбур за кошт “палаты прадстаўнікоў”.

Сёньня работа сэсіі пачалася з паседжаньняў у групах. Амаль што ўсе ўдзельнікі сэсіі найперш абмяркоўвалі выхад Лё Пэна ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі. Гэта была сапраўды галоўная сэнсацыя сёньняшняга дня.

Ствараецца ўражаньне, што беларускае пытаньне для Рады Эўропы цяпер ня вельмі актуальнае – у кожнай групе, у кожным камітэце сёньня размаўлялі пра сытуацыю ў Чачэніі і ў Ізраілі. Дзьве вайны на гэтай сэсіі – галоўныя пытаньні.

Заўтра на паседжаньні будзе абмяркоўвацца пытаньне свабоды слова ў Расеі. Нагода – судовыя пазовы на паўмільёна даляраў да расейскай “Новой газеты”. Гэтыя пазовы пагражаюць існаваньню газэты – зусім як некалі судтовы пазоў Віктара Шэймана зьнішчыў газэту “Навіны”. Розьніца толькі ў тым, што з нагоды закрыцьця “Навінаў” слуханьні на Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы не праводзіліся.

Дарэчы, з 15 красавіка ў Страсбуры знаходзіцца група рэдактараў беларускіх незалежных СМІ, усяго 13 чалавек. Сярод іх рэдактар “Свободных новостей” Аляксандар Уліцёнак, рэдактар “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў, рэдактар Радыё “Рацыя” Жана Ліцьвіна, рэдактар “Рабочага” Віктар Івашкевіч ды іншыя. На мінулым тыдні яны знаёміліся з работай Рады Эўропы, а падчас сэсіі ў праграме рэдактараў усяго два, але даволі важныя мерапрыемствы: раніцай у сераду яны ўдзельнічаюць у сустрэчы з генэральным сакратаром рады Эўропы Вальтэрам Швімэрам, а ў чацьвер рэдактараў незалежных мэдыяў запрасіла на вячэру лібэральная група.

У Страсбуры цяпер знаходзіцца амбасадар Беларусі ў Францыі Ўладзімер Сянько і дарадца амбасады Валеры Рамашка. Уладзімер Сянько выконвае ролю пэрсанальнага перакладчыка Ўладзімера Канаплёва, а Валеры Рамашка ходзіць за Канаплёвым з фотаапаратам і фіксуе ўсе абдымкі Канаплёва з эўрапейскімі дэпутатамі – напэўна, пасьля сэсіі гэтыя здымкі ўпрыгожаць першыя старонкі “Советской Белоруссии”.
XS
SM
MD
LG