Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДА ІМКНЕЦЦА ЛІЦЭНЗАВАЦЬ ДЗЕЙНАСЬЦЬ САЦЫЁЛЯГАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

На брыфінгу рэспубліканскага аб'яднаньня "Беларускія фабрыкі думкі" быў распаўсюджаны падрыхтаваны ўладамі праект закону аб зьменах і дапаўненьнях у Выбарчым кодэксе, якія фактычна абмяжуюць сацыялягічныя дасьледаваньні, зьвязаныя з правядзеньнем выбараў і рэфэрэндумаў.

Гэты законапраект прадугледжвае ліцэнзаваньне навуковых арганізацыяў, якія праводзяць грамадзкія апытаньні, кантроль за такімі апытаньнямі з боку адмысловай камісіі, што павінна стварацца ўрадам. Акрамя таго, уладныя структуры мяркуюць стварыць адмысловае "палажэньне аб сацыяльных апытаньнях", што фактычна ёсьць умяшаньнем у навуковую працу.

Кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў з гэтай нагоды зазначыў, што ўлады імкнуцца падаць гэтую ініцыятыву аб ліцэнзаваньні сацыялягічнай дзейнасьці як ініцыятыву саміх навуковых колаў і грамадзкасьці. З гэтай мэтай ужо створаная адмысловая група, у якую ўвайшлі навукоўцы зь дзяржаўных дасьледчых цэнтраў, дзейнасьць якой курыруе прэзыдэнцкая адміністрацыя. Але не дачакаўшыся нейкага канкрэтнага рашэньня гэтай грамадзкай камісіі, улады пайшлі на паскарэньне працы дзеля абмежаваньня дзейнасьці сацыёлягаў. Гаворыць прафесар Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “У нетрах адміністрацыі прэзыдэнта (а да гэтага падключаная і камісія па заканадаўству палаты прадстаўнікоў) ужо распрацаваны праект адпаведнага закону. Нават першы погляд на гэты дакумэнт сьведчыць, што тут у кожным абзацы накіраванасьць на тое, каб увесьці ня проста абмежаваньні на правядзеньне незалежных сацыяльных дасьледаваньняў і перш за ўсё апытаньняў грамадзкай думкі, але і на прадстаўленьне іх вынікаў публіцы, абнародаваньне і публікацыю”.

Такім чынам, дзяржава фактычна не пачула гучныя пратэсты навукоўцаў, якія прагучалі сёлета ў студзені. Сам Алег Манаеў яшчэ ня ўпэўнены, як далей будзе разьвівацца сытуацыя з гэтым законапраектам, ці пагодзіцца дзяржава на нейкія кансультацыі з самімі навукоўцамі.

А всоь былы палітвязень Андрэй Клімаў, які быў запрошаны на гэты брыфінг “Беларускіх фабрык думкі” ў якасці госьця, упэўнены, што гэты законапраект неўзабаве будзе ўхвалены, бо ён адпавядае агульнай сытуацыі ў краіне:

(Клімаў: ) “Увогуле, мяжы абмежаваньням свабоды ў нашай краіне, у нашай дыктатуры, ня будзе. Правільней, у ягонай дыктатуры. І гэта не апошняя папера, будуць іншыя законы. Палітычным дзеячам і тым людзям, якія здольныя ўплываць на грамадзкую думку, трэба гуляць па тых жа правілах. Нас б'юць па балючых месцах, нашае балючае месца — тое, што мы жывем паводле законаў, іх мяняюць, але мы усё роўна іх выконваем, бо мы мірныя і цывілізаваныя людзі, а маем справу з праціўнікам, які нецывілізаваны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG