Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ КАШТУЕ МАЛЕВІЧ?


Сяргей Харэўскі, Вільня

Тыдзень таму ў Расеі на аўкцыёне дома “Гелиос” былі прададзеныя творы Казімера Малевіча. Гэты мастак, цяпер добра вядомы ў Беларусі, паходзіў з радзіны засьцянковае шляхты, што мела ўласны фальварак Малева на Меншчыне. Пра тое яшчэ ў “застойныя” 70-я гады мінулага стагодзьдзя пісаў славуты мастацтвазнаўца Віктар Шматаў. Але ў той час самое прозьвішча Малевіча было забароненае.

Па вялікім рахунку, мала што зьмянілася ў Беларусі. Хіба што цяпер імя Малевіча вядомае куды большаму колу публікі – як і ягоны даробак у Віцебску, дзе ён пэўны час ачольваў Народную мастацкую школу.

Апошняга аўкцыёну ў Маскве чакалі даўно. Пра тое, што ўладальнік Малевіцкіх твораў збанкрутавалы “Инкомбанк” будзе ладзіць распродаж, у Інтэрнэце можна было дазнацца яшчэ год таму. Аднак сэнсацыя адбылася.

На продаж быў выстаўлены “Чорны квадрат”. Казімер Малевіч напісаў іх пяць – ад 1923 па 1918 год. Цалкам верагодна, што гэты, апошні “Квадрат” быў напісаны ў Беларусі. Менавіта тут, у Віцебску, ён сфармуляваў задачы свае школы: “Вяршэнства чыстага мастацтва ці ўспрыманьня ў жывапісе – выказваньне беспрадметнасьці”.

Праз стагодзьдзе, аднак, мы маем прадмет – творы Малевіча, якія прадаюцца за рэкордныя лічбы. Ягоны “Аўтапартрэт” пайшоў за 600 тысяч даляраў, “Партрэт жонкі” за 60 тысяч, а на віцебскі “Чорны квадрат”, ацэнены ў мільён даляраў, пакупніка пакуль не знайшлося. З чаго паўстаюць гэткія лічбы? Сёньня мае суразмоўцы – літаратар і выдавец, калекцыянэр Міраслаў Шайбак і мастацтвазнаўца зь Віцебску Ларыса Міхневіч.

(Міраслаў Шайбак: ) “Калі кажуць у Маскве, што прадаюць Малевіча за 600 тысяч – то гэта неверагодна. Яго ж нельга з Расеі вывозіць! Сто працэнтаў. Я ня веру, я лічу што гэта падман, на маю думку”.

(Ларыса Міхневіч: ) “Я б, бясспрэчна, прынцыпова набыла гэтыя творы. Я бы зьвярнулася да расейскага прэзыдэнта: дапамажыце, зьбіце кошт... Пазычыць! Пазычыць у той жа Расеі!”

На падзеі вакол распродажу расейскім “Инкомбанком” адгукнулася ці ня ўся тамтэйшая прэса. Заўважылі гэтую падзею і польскія мэдыі. Штопраўда, з абавязковай прыпіскай, як у “Gazecie Wyborczej”: “Жывапісец і тэарэтык мастацтва польскага паходжаньня”. А ў Беларусі, дзе Малевіч выкладаў і выдаваў свае мастацтвазнаўчыя артыкулы і кнігі, дзе, дзякуючы і яму, паўстала ўнікальная віцебская школа мастацтваў, няма ніводнага ягонага твора.

Вучаніца Казімера Малевіча мастачка Надзея Хадасевіч, якая стала жонкаю слыннага францускага мастака Фэрнана Лёжэ, згадвала, што Малевіч вызначаўся сваім невыпраўляльным беларускім акцэнтам. Да таго ж Малевіч быў невыпраўляльны ідэаліст. Свой “Чорны квадрат” ён уважаў за перамогу інтэлекту над хаосам, што ёсьць у прыродзе як дадзенасьць. Што ягоная постаць для нас? Гавораць Міраслаў Шайбак і Ларыса Міхневіч:

(Ларыса Міхневіч: ) “Беларусь вылезла ў сусьветную культуру дзякуючы Малевічу. Я пачула, як была атрыбуцыя твора Малевіча ў Трацякоўскай галерэі – паўтары тысячы даляраў. Усе казалі – як танна. Трэба паглядзець на лічбы. Іх можна праз Інтэрнэт раздабыць”.

(Міраслаў Шайбак: ) “Малевіч – ён жа сымбалічная фігура. Да таго ж ён не патрабуе “раскруткі”. Ну, гэта сымбаль. На Малевіча ёсьць катыроўкі – “Christis”, “Sothbis”: ягоныя халсты прадаваліся за мільён даляраў на “Sothbis”. І таму на яго можа быць стартавы кошт 200 тысяч. А 600 тысяч... Я ня веру ў такі кошт. Гэта неканвэртабэльна, бо нельга вывезьці з Расеі, свабодна прадаваць. Таму я ня веру проста”.

Мае суразмоўцы Ларыса Міхневіч і Міраслаў Шайбак зьвярнулі ўвагу на кошты. Расейскія мэдыі ацанілі трансакцыю з палотнамі Малевіча не інакш як “неразбериху”. Пагатоў, звычайны беларус, прачытаўшы ў цягніку купленую ў Варшаве ці ў Маскве газэту, не зразумее ні пра якога творцу вядзецца, ні пра колькасьць нулёў...

Апошняе дзесяцігодзьдзе імёны Малевіча, Шагала ды іншых творцаў з пляяды віцебскага авангарду былі вернутыя ў публічны беларускі ўжытак. Але не былі вернутыя іхныя творы.

Рэчы, што ствараў Казімер Малевіч, – вялікая рэдкасьць на аўкцыёнах. Ягонае імя стала мітам. Сытуацыя вакол продажу ягоных твораў стала ў Расеі яшчэ адной дэтэктыўнай гісторыяй. “Чорны квадрат”, той самы, пяты, віцебскі, цяпер у Эрмітажы на экспэртызе. Дырэктар таго расейскага музэю, спадар Піятроўскі, кажа, што твор сапраўдны, але ў Расейскай дзяржавы няма гэтулькі грошай.

Адначасна пайшлі чуткі: хто набыў, за якія грошы... А Беларусь наогул нічым не выяўляла свае цікаўнасьці да гэтага мастака. У той самы час на эўрапейскіх аўкцыёнах творы, створаныя Казімерам Малевічам у Віцебску, сыходзяць за сотні тысяч даляраў... Як жа паўстаюць гэткія кошты? Колькі мы мусім плаціць?

(Ларыса Міхневіч: ) “Колькі просяць! Мне трэба залезьці ў Інтэрнэт, паглядзець, колькі гэта каштуе, паглядзець каталёгі Малевіча. На кожнага нашага Малевіча ёсьць закупачны кошт. Калі дзяржава вырашае – то гэтае пытаньне вырашаецца”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Як фармуецца цана на твор выяўленчага мастацтва?”

(Міраслаў Шайбак: ) “Мода! Сёньня модная сэцэсія. Альфонс Муха, альбо модны Клімт. І таму на Клімта пачынаецца раскрутка. Кошты пачынаюцца з 50 тысяч і скочуць да 200. У такіх межах. Заўтра модны Сыдні Полак – холст прадаваўся за 30 тысяч і раптам – 200 тысяч. Мода адыходзіць – кошты ўраўнаважваюцца. А ў Расеі папулярнае тое, што ў дзіцячым падручніку, у буквары, у хрэстаматыях па рускай літаратуры стаяла ілюстрацыя. “Тры мядзьведзі” ўсе памятаюць. У Расеі моды на мастацтва няма”.

Беларусы нацяпер творчасьць Казімера Малевіча настолькі ж ведаюць, як і тыя лічбы, што за ягоныя рэчы гатовыя плаціць. У любым разе, бальшыня твораў гэтага мастака знаходзіцца ў Расеі – там, дзе цяпер нехта можа іх набыць. А што з твораў мастацтва наогул купляюць у Расеі? Міраслаў Шайбак мае немалы досьвед:

(Міраслаў Шайбак: ) “Самы дарагі –Айвазоўскі. Для іх гэта застаецца сымбалем. Вельмі дарагі Каровін. Чаму Каровін? Я ня ведаю. Авангард, дарэчы, недарагі. Я ня веру, што ён там за 600 тысяч. Гэта невераемна. А прадаюцца... Шышкін! Шышкін адзін з самых дарагіх паводле аўкцыёнаў. Па “Christis” праходзілі Шышкін і Айвазоўскі – самыя дарагія катыроўкі. Васьняцоў вельмі дарагі. “Мір искусства” яшчэ дарагі. Руская сэцэсія. Хруцкі ня самы дарагі, але даволі дарагі. Катыроўкі такія на Хруцкага – яго купляюць па 25 тысяч, а прадаюць па 60 тысяч даляраў. У Расеі ён лічыцца рускім мастаком”.

Іван Хруцкі, сын уніяцкага сьвятара зь мястэчка Ўла, што на Віцебшчыне, стаў заснавальнікам жанру натурморта ў расейскім мастацтве. Для палякаў ён адзін з майстраў пабытовага жанру. А для літоўцаў – аўтар клясычнага абраза Сьвятога Казімера, што зьберагаецца цяпер у Каўнасе.

А колькі каштуе цяпер клясычнае мастацтва ў Эўропе? Пра парадак тых лічбаў я папрасіў адказаць Міраслава Шайбака, які калекцыянуе мастацкія рэчы:

(Міраслаў Шайбак: ) “Парадак лічбаў? Ён ніжэйшы за Хруцкага. Колькі рускі авангард? Калі лічыць Дэйнеку авангардам, то там лічбы проста як за Бялыніцкага-Бірулю – 2-3-5 тысяч даляраў”.

(Сяргей Харэўскі: ) “А што цяпер у Расеі каштуе найбольш? Якія творцы прадавабельныя?”

(Міраслаў Шайбак: ) “Катыруецца хрэстаматыйны жывапіс. Вось Васьняцоў у хрэстаматыі – тое, што памятаюць з падручнікаў. Шышкіна памятаюць, Айвазоўскага. А Шагала не было ў падручніках. Дзе небудзь на “Christis”, на аўкцыёнах ён цэніцца. А ў Маскве – не”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Ну а ў Эўропе, напрыклад, за якія грошы можна што набыць? За якія лічбы?”

(Міраслаў Шайбак : ) “Прыстойны мастак, прыстойная графіка прыблізна каштуюць як прыстойная машына. Вось у Вене гэта відаць. Там салён “Saab” – нy, там 30 тысяч даляраў. 30-40 тысячаў. Побач галерэя – і там быў Брак, Джакамэты. Нам называлі тыя ж лічбы ў шылінгах іхных – столькі, як каштуе прыстойная машына. У кожнай галерэі ёсьць свая спэцыялізацыя. У адной – Шагал, у другой – Міро. Бачыў у Парыжы Фэрнана Лёжэ, прыстойны холст за 30 тысяч даляраў. Холст, масла. Бачыў Матыса тамсама, за тысяч 50. Вельмі прыстойная гуаш. І бачыў у Барсэлёне за 30-50 тысяч Матыса, вельмі знакамітую рэч – “Джаз”. Вось такія лічбы”.

Міраслаў Шайбак падкрэсьліў розьніцу ва ўспрыманьні мастацтва й гандлю творамі паміж Эўропай і Расеяй. Розьніца ў цэнах на творы можа быць у дзесяць разоў.

Я ўявіў сабе 1918 год. Некалі, седзячы ў халодным, зруйнаваным грамадзянскай вайной Віцебску, з тым самым “невыпраўляльным” беларускім акцэнтам, зьмерзлымі пальцамі выводзіў тушшу – “вяршэнства чыстага мастацтва...” Супрэматызм, Народная мастацкая школа, Віцебск. І сымбаль таго гораду – Казімер Малевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG