Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ПОБАЧ З ПАПЯЛІШЧАМ УСТАЛЯВАНЫЯ ДВА НЕВЯЛІКІЯ НАМЁТЫ


Ганна Соусь, Менск

Раніцай у Курапатах я засьпела толькі аднаго валанцёра — Сяржука Мацкойця.

(Мацкойць: ) “Начавала нас пяць чалавек. Ноч прайшла ціха, спакойна, без эксцэсаў. Адзінае што — пад раніцу згасла нашае любімае акенца на восьмым паверсе, трэцяе ад пачатку дома. У нас ёсьць вельмі абгрунтаваныя падазрэньні, што менавіта з гэтага акна й назіраюць за абаронцамі Курапатаў. Яно пачало гарэць з самага пачатку варты. Адзінае, што сёньня данімала — гэта холад. У намёце спаць было практычна немагчыма. Сёньня чакаем актывізацыі будаўнікоў. Калі тут "катаўся" МАЗ, яны абяцалі, што дашлюць сюды бульдозэр. Вось чакаем...

Галоўнае, каб падыходзілі людзі, таму што, я гляджу, цікаўнасьць да гэтага месца ў людзей паціху страчваецца. А людзі тут неабходныя для працы й начной варты”.

Сяржук Мацкойць распавёў, што астатнія валанцёры накіраваліся ў суд Савецкага раёну, дзе на сёньня быў прызначаны суд над Васілём Парфянковым. 16 красавіка яго разам з Алесем Покладам, Антосем Шкурынскім і Марыяй Кантаўтайтэ затрымалі ў Курапатах супрацоўнікі Савекага райаддзелу міліцыі, пасьля чаго Васіля Парфянкова й Алеся Поклада абвінавацілі ў "дробным хуліганстве".

Ля суду Савецкага раёну поўна людзей — усе чакаюць, калі прывязуць удзельнікаў акцыі 19 красавіка, і таму ўвага да справы Васіля Парфянкова крыху меншая. Судзьдзя Руслан Казадаеў пераносіць разгляд справы на 26 красавіка. Сытуацыю тлумачыць адвакатка Васіля Парфянкова Вера Страмкоўская.

(Страмкоўская: ) “Зараз справа адкладзеная зь іншай прычыны, але хутчэй за ўсё справы будуць перададзеныя ў Менскі раённы суд. Па-другое, тое, што мы зьвярнуліся 16 красавіка да пракурора Менскага раёну й у камітэт па арганізаванай злачыннасьці, гэта было выклікана занепакоенасьцю тым, што адбывалася на працягу двух-трох месяцаў, а пасьля й 16 красавіка. І тое, што ўлады былі павінны зрабіць нешта. каб забясьпечыць для беларускіх грамадзян, для іншых грамадзян, якія там знаходзіліся, бясьпеку. Тады б гэтага не адбылося. А зараз у нас ёсьць ня толькі судовыя паседжаньні супраць Поклада й Парфянкова, якія цягнуцца, але й Антось Шкурынскі знаходзіцца ў прыёмніку-размеркавальніку на Акрэсьціна”.

Вера Страмкоўская паведаміла Радыё Свабода, што ў сувязі з усім гэтым зноў накіраваная скарга пракурору Менскай вобласьці.

Далей я накіроўваюся ў менскі шпіталь хуткай дапамогі, каб высьвятліць стан здароўя Алеся Поклада, які пацярпеў з прычыны падпалу намёта ў ноч на 19 красавіка. Гаворыць загадчык апёкавага цэнтру Уладзімер Дарафеенка.

(Дарафеенка: ) "Стан здароўя — сярэдняй цяжкасьці. Сёньня была перавязка. Застаецца ўсё тое ж — 15% агульнай плошчы, 1, 2 і 3 ступень апёкаў. Адчувае сябе нядрэнна".

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, калі ласка, колькі часу ён яшчэ будзе знаходзіцца ў шпіталі?"

(Дарафеенка: ) "Прагнозы можа даць, напэўна, толькі Гасподзь Бог. Мінімум — тры тыдні, а можа й больш".

Сёньня ж Васіль Парфянкоў і Сяржук Высоцкі наведалі пацярпелага сябра ў шпіталі. Прынесьлі яму сокаў і адмысловую трубачку, каб піць, бо сам Алесь Поклад яшчэ ня ў стане самастойна харчавацца. Валанцёры напісалі Алесю запіску са словамі падтрымкі. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

(Парфянкоў: ) "Калі я пайшоў перадаваць гэтую паперу, ён спытаў: "Як вы? Як Ірына?" Я яму адказаў, што ўсё добра, лепш клапаціся пра сябе, а не пра нас, і хутчэй папраўляйся".

(Высоцкі: ) "Відавочна, што патрэбныя грошы, каб забясьпечыць нарамальны дагляд Алесю, для таго, каб потым забясьпечыць лекі. Мы вымушаныя зараз зьвярнуцца з тым, каб цэнтралізавана распачаць збор сродкаў менавіта на дапамогу Алесю Покладу".
XS
SM
MD
LG