Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ДРУК ПРА БЕЛАРУСКІ ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ


Ул. інф.

Як піша журналіст Маркус Вэнэр, кіраўнік беларускай дзяржавы ўжо набыў рэпутацыю сябра тых краінаў, дзе пануюць дыктатарскія рэжымы. Справа аднак не абмяжоўваецца аднымі асабістымі сымпатыямі. Існуе нямала небяздоказных меркаваньняў наконт таго, што афіцыйны Менск гандлюе зброяй з гэтымі рэжымамі.

Падставай для апошняга міжнароднага скандалу стала падрыхтоўка Менскам ірацкіх ваенных для абслугоўваньня ракет С-300.Паводле некаторых зьвестак, Беларусь быццам бы абяцала Іраку ў 2000 годзе мадэрнізаваць ягоную супрацьракетную абарону. Апошнім часам ірацкая авіяцыя рэгулярна абстрэльвае амэрыканскія і брытанскія патрульныя самалёты ў забароненай для палётаў зоне. Толькі сёлета такіх абстрэлаў адбылося звыш за 400.

У зьвязку з плянамі ваеннага ўдару супраць рэжыму Гусэйна, Вашынгтон разглядае падобную палітыку Беларусі, мякка кажучы, як непажаданую. Зразумела, Менск пастаянна падкрэсьлівае, што ня мае ніякіх ваенных дачыненьняў з Іракам. Аднак гэтыя заявы апошнім часам настойліва абвяргаюцца, у тым ліку расейскімі палітыкамі. У пачатку сакавіка адзін з адказных функцыянэраў беларуска-райсейскага зьвязу Сяргей Калашнікаў пацьвердзіў у радыёінтэрвію факт адмысловай падрыхтоўкі ў Беларусі вайскоўцаў з Іраку. Ён таксама паведаміў, што не без настойлівай рэкамэндацыі Масквы гэтыя афіцэры накіраваныя назад у Ірак яшчэ да завяршэньня сваёй вучобы.

Як піша "Frankfurter Allgemeine", пачынаючы дзесьці зь сярэдзіны 1990-х Беларусь адыгрывае нейкую таямнічую ролю ў міжнародным гандлі зброяй. Пасьля распаду СССР гэтая 10-мільённая рэспубліка атрымала ў спадчыну вялікі баявы арсэнал — адных савецкіх танкаў Т-72 ажно 1700. У той жа час у 40-мільённай Польшчы такіх танкаў засталося ўсяго 900. Сёньня ніхто ня можа выключыць таго, што ў сваім ваенным гандлі Беларусь часткова выступае ў якасьці пасярэдніка Расеі. Стасункі паміж старымі кадрамі з ваенна-прамысловых комплексаў абедзьвюх краінаў надзвычай цесныя. Тое, чаго пры наяўнасьці пэўнага дэмакратычнага іміджу ня можа рабіць Масква, зробіць Менск, рэпутацыя якога не найлепшая.

Зразумела дакладных лічбаў адносна прыбытку Беларусі ў выніку падобнага гандлю няма. У любым выпадку гэтыя грошы (ад сотняў мільёнаў даляраў, паводле дадзеных Стакгольмскага інстытуту мірнага дасьледаваньня — да мільярду даляраў, паводле дадзеных беларускай апазыцыі) не трапляюць у нацыянальны бюджэт, а ідуць непасрэдна ў адмысловы прэзыдэнцкі фонд, падкантрольны выключна Лукашэнку. Так заявіў ў часе свайго выступу перад беларускімі парлямэнтарамі міністар фінансаў Корбут.

У той час як Ірак, ваеннае супрацоўніцтва зь якім цягнецца быццам бы з 1995 году, зьяўляецца верагодным пакупніком беларускай зброі, Судан, дзе некаторы час хаваўся Бін Лядэн і іншыя тэрарысты, набыў у Беларусі танкі Т-55 і баявыя гелікоптэры тыпу МІ-24 і МІ-35. Паводле дадзеных кампэтэнтных службаў, у першай палове 2001 году Менск заключыў дамовы пра экспарт зброі альбанскім і мусульманскім экстрэмістам на суму 500 мільёнаў даляраў. Ваенная тэхніка, улучна з танкамі, накіроўвалася праз Таджыкістан і Афганістан у Альжыр.

Яшчэ адзін ня менш пікантны момант — ваенныя пастаўкі Беларусі праз Турэччыну і Грузію ў Чачэнію. Пасярэднікамі ў гэтым гандлі маглі быць байцы асобага беларускага фармаваньня "Алмаз". Ня выключана, што пра гэтыя гешэфты ведаў апэратар ОРТ Завадзкі. Гэта і каштавала яму жыцьця.

Як піша "Frankfurter Allgemeine", у часе свайго нядаўняга візыту ў Менск дэлегацыя амэрыканскіх кангрэсмэнаў на чале са Стывэнам Пфайфэрам выказала беларускаму боку сваю заклапочанасьць у зьвязку з тым, што беларускія ўлады супрацоўнічаюць з краінамі, што падтрымліваюць тэрарызм. Аднак наўрад ці падобныя заўвагі кранулі Лукашэнку. Hекалькі пазьней ў часе перамоваў з ірацкай дэлегацыяй ён адкрыта заявіў, што зацікаўлены ў цесных стасунках з гэтай краінай.

Відавочна, што Беларусь, якая сама не вырабляе ніякай зброі, а мае толькі стары савецкі арсэнал, ня можа гандляваць сучаснай ваеннай тэхнікай. Яе яна можа браць толькі з Расеі. Пакуль ні Пуцін, ні расейскае палітычнае кіраўніцтва, якія ў часе прэзыдэнцкіх выбараў паставілі на Лукашэнку, ня выказалі свайго стаўленьня да гэтага пытаньня. Аднак, як заявіў адзін з кіраўнікоў расейска-беларускага зьвязу, інтэграцыя Масквы зь Менскам зайшла настолькі далёка, што канфлікт беларускіх уладаў з Вашынгтонам ўжо нельга разглядаць як пагаршэньне выключна беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. Гэты канфлікт адбіваецца і на расейскім палітычным іміджу, і на пазыцыі Расеі ў сьвеце, піша "Frankfurter Allgemeine".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG