Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШТО АДБЫВАЕЦЦА З ЗАТРЫМАНЫМІ ЎДЗЕЛЬНІКАМІ АКЦЫІ “ТАК ЖЫЦЬ НЕЛЬГА”?


Любоў Лунёва, Менск

Арганізатары апазыцыйнай акцыі Зьміцер Бандарэнка, Валеры Шчукін, Мікалай Халезін і Юры Хашчавацкі знаходзяцца ў спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Разам зь імі трымаюць больш як паўсотні затрыманых удзельнікаў шэсьця.

У дзіцячым спэцпрыёмніку трымаюць 17 непаўналетніх удзельнікаў акцыі, большасьць іх – з Барысава, некаторыя з Баранавічаў, Маладэчна і Гомеля. Супрацоўнікі Савецкага РУУС сёньня ўвесь дзень складалі пратаколы на дзяцей у прыёмніку, бо ўчора не пасьпелі скончыць гэтую справу ў райаддзеле. Дзяцей аддадуць бацькам пад подпіс. Начальнік гэтай установы Іван Шапіцын паведаміў Радыё Свабода, што ўсе затрыманыя непаўналетнія сёньня мелі сьняданак і абед. Умовы ўтрыманьня іх больш-менш нармальныя.

Сёньня раніцай супрацоўнікі Савецкага РУУС Менску забралі Валерыя Шчукіна з ваеннага шпіталю. Яго туды ўчора прывезьла “хуткая дапамога” з пабітай сьпіной. Міліцыянты ў РУУС склалі пратакол на Валерыя Шчукіна як на арганізатара акцыі й адвезьлі яго ў спэцпрыёмнік. Там ён разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі будзе ўтрымлівацца да панядзелка, калі пачнуцца суды.

Многія затрыманыя моцна зьбітыя. У выніку дзеяньняў АМОНу пяць чалавек трапілі ў шпіталь. Першы Валеры Шчукін, а потым Алесь Ялавіцкі й Яўген Восіпаў, якіх са страсеньнем мазгоў адвезьлі ў шпіталь з райаддзелу. А амаль а першай гадзіне начы “хуткая дапамога” прыехала ў міліцыю за Іванам Дзегцяровым, у якога зламаныя рэбры, і прафэсарам Міколам Савіцкім з-за падвышанага ціску і абвастрэньня стэнакардыі. Прафэсар Савіцкі плакаў, калі яго вялі ў машыну.

Людзям сталага веку, якія былі моцна зьбітыя, міліцыянты ўручылі позвы ў суд на панядзелак і выпусьцілі позна ўначы дахаты. Сярод іх і прафэсар-гісторык Леанід Лыч і прафэсар-фізык Георг Лепін. Сёньня ён паехаў у паліклініку, бо яму моцна баліць нага. Мы зьвязаліся зь ім па мабільным тэлефоне, калі ён выйшаў з кабінэта лекара.

(Лепін: ) “Напад быў абсалютна нечаканы. Яны такім натоўпам кінуліся на людзей – як бандыты. Разьбілі іх на часткі й пачалі біць і цягнуць па асфальце. Я ўбачыў, як зьбіваюць хлопчыка гадоў чатырнаццаці. Яго білі, цягнулі за руку па асфальце. Я кінуўся да яго, каб дапамагчы. Схапіў хлопчыка за руку і крыкнуў амонаўцу, каб ня білі дзіця. Той паглядзеў на мяне, кінуў хлопчыка, схапіў мяне і пацягнуў да аўтобуса. Пры гэтым біў мяне дубінкай.

А ля аўтобусу нібыта канвэер. Хапаюць некалькі амонаўцаў аднаго чалавека і кідаюць яго, як мяшок. А там можна і галаву разьбіць, і што заўгодна. Я пабіў сабе плячо і нагу. Адразу я гэтага не адчуваў, бо быў, разумееце, у шокавым стане. А, калі выводзілі з аўтобусу, то я ўжо кульгаў. Мне далі позву і адпусьцілі толькі пасьля гадзіны начы, калі ўжо і транспарт ня ходзіць. Я ледзь-ледзь ішоў. Добра, што пад’ехаў Андрэй Саньнікаў на машыне і адвёз мяне дахаты”, – распавёў прафэсар Лепін.

Прафэсар мае намер паскардзіцца ў пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Гэта ж будуць рабіць і некалькі бацькоў, чыіх дзяцей зьбілі пры затрыманьні, а потым яшчэ некалькі гадзінаў трымалі ў РУУС.

Сёньня на вуліцу Акрэсьціна прыехалі людзі, каб перадаць затрыманым харчовыя перадачы. Адміністрацыя спэцпрыёмніка спачатку дазволіла напісаць заявы на перадачы, але праз паўгадзіны паступіла каманда з гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў: для “палітычных” перадачы не прымаць. Дзяжурны паведаміў, што перадачы прымуць толькі ад сваякоў, але на гэта засталося дзьве гадзіны. Людзі тэлефанавалі сваякам затрыманых, каго ведалі, і тыя тэрмінова ехалі да спэцпрыёмніка.

Адміністрацыя спэцпрыёмніка паведаміла Радыё Свабода, што заўтра раніцай затрыманым дадуць гарбату і яшчэ раз у панядзелак – перад тым, як усіх павязуць у суд.
XS
SM
MD
LG