Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХРАНАЛЁГІЯ ПАДЗЕЯЎ НА ВУЛІЦАХ МЕНСКУ


Ягор Маёрчык, Менск

А шостай вечара на пляцы Якуба Коласа зьбіраецца паўтары тысячы людзей. Лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі з сымбалямі незарэгістраванай арганізацыі “Зубр”, некалькі чалавек трымаюць у руках плякат "Патрабуем падвышэньня заробкаў, пэнсіяў і стыпэндыяў", іншыя — вялікую расьцяжку, на якой напісаны назоў акцыі — "Так жыць нельга".

Адзін з арганізатараў Зьміцер Бандарэнка прамаўляе праз мэгафон:

(Бандарэнка: ) "Ма падалі заяву ў Менгарвыканкам. Адказу мы не атрымалі (на правядзеньне шэсьця і дэманстрацыі), было толькі ўдакладненае месца — Бангалор. Але ніхто ня можа нас пазбавіць права на правядзеньне мірнай дэманстрацыі, маршу пратэсту".

Прысутныя адзінагалосна вырашаюць крочыць на тое месца, дзе ўлады Менску дазволілі мітынг — парк Дружбы народаў, што на пляцы Бангалор, але наступным маршрутам: праспэкт Францішка Скарыны, пляц Перамогі, Кастрычніцкі пляц (паўз адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі), далей вуліцамі Леніна і Багдановіча.

Калёна пачанае рушыць спачатку па ходніках, а пасьля выходзіць на праезную частку.

Падчас руху малады чалавек тлумачыць, чаму ён удзельнічае ў акцыі "Так жыць нельга".

(Малады чалавек: ) "Гэтым я хачу паказаць. што наш беларускі народ не задаволены тым. што Лукашэнка ня выканаў сваіх перадвыбарчых абяцаньняў. Гэтай акцыяй мы паказваем. што так жыць нельга.

На скрыжаваньні праспэкту з вуліцамі Казлова і Варвашэні дэманстрантаў падпільноўваюць некалькі шэрагаў АМОНу і жаўнераў унутраных войскаў. Калёна на колькі хвілінаў спыняецца. А пасьля разварочваецца і ідзе назад, на пляц Якуба Коласа. Але з тылу паўстаюць шэрагі міліцыянтаў. Такім чынам маніфэстанты трапляюць у пастку.

Пачынаюцца затрыманьні. Вось што кажа сьведка:

(Спадарыня: ) "Падагналі аўтобусы па цэнтру праспэкту з расчыненымі дзьвярыма. І сталі туды піхаць ну літаральна ўсіх. Астатніх пагналі вунь у той двор. Стаяў страшэнны крык".

Першымі хапаюць арганізатараў акцыі Зьмітра Бандарэнку, Мікалая Халезіна, Юрыя Хашчавацкага і журналістку Натальлю Радзіну. Дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна спачатку запіхваюць аўтобус, але ўжо праз колькі хвілінаў выкідваюць назад, тварам у зямлю. Ён ня можа падняцца. (Хуткая дапамога, яка прыехала пазьней, канстатуе сур'ёзныя пашкоджаньні хрыбта.)

Прадстаўнікі сілавых структураў аднаўляюць аўтамабільны рух на праспэкце Францішка Скарыны. Тым часам аўтобусы, бітком набітыя затрыманымі, ад'яжджаюць зь месца сутычкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG