Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Галерэя Свабоды” . 20 красавіка

Колькі каштуюць творы Казімера Малевіча? Гэты выбітны мастак ачольваў Народную мастацкую школу ў Віцебску, дзе й заснаваў стыль супрэматызму, што зьмяніў твар сусьветнае культуры на пачатку ХХ стагодзьдзя. Днямі ў Маскве на аўкцыёне ягоныя творы былі прададзеныя за рэкордныя грошы. “Аўтапартрэт” Малевіча купілі за 600 тысяч даляраў, а на віцебскі “Чорны квадрат”, ацэнены ў мільён даляраў, пакупніка пакуль не знайшлося. З чаго паўстаюць гэткія лічбы? Зь Сяргеем Харэўскім гутараць літаратар, выдавец і калекцыянэр Міраслаў Шайбак і мастацтвазнаўца зь Віцебску Ларыса Міхневіч.


“Вострая Брама”. 21 красавіка

Калі ў беларускай вёсцы колюць кабана, удзельнікі працэсу падзяляюцца: нехта падстаўляе конаўку пад струмень сьвежай крыві, а нехта зашываецца ў дальні куток двара, каб ня чуць сьвінскага віску і не глядзець на сьмерць.

“Дзяльба кабанчыка” стала адной з цэнтральных сцэнаў нашага вясковага жыцьця і нашай прафэсійнай літаратуры. Аднак маральнае пытаньне заўсёды было і застаецца ў гэтай справе адкрытым. Права чалавека на такое забойства і правы жывёлаў абуджаюць самыя зацятыя спрэчкі ва ўсім сьвеце. Што на сёньня прыдумала чалавецтва, каб закрыць гэтае пытаньне і што ў гэтай справе прагназуецца на заўтра – вось тэма новага выпуску “Вострае Брамы”. Аўтар перадачы Сяргей Дубавец.


“Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”. 21 красавіка

“Я баяўся ўсё сваё жыцьцё. Баяўся, калі мне выбівалі зубы, калі ламалі ногі, калі мой сын затрымліваўся ўвечары пасьля школы. Баяўся, як і кожны чалавек. Зараз я найбольш баюся таго, што мае ўнукі будуць жыць у такой самай краіне, што і я. Гэта мяне вымушае змагацца зь цяперашнім рэжымам у Беларусі”. Гэтак беларускі кінэматаграфіст Юры Хашчавацкі адказаў на пытаньне – ці адчуваў ён калі-небудзь страх? Пытаньне было зададзенае падчас анлайнавай канфэрэнцыі Хашчавацкага на чэскім сайце www.chat.сz.

Інтэрвію зь вядомым рэжысэрам слухайце ў перадачы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце” ў нядзелю, 21 красавіка. Сярод іншых тэмаў выпуску – навіны сайту Беларускай псыхагістарычнай асацыяцыі. Ці гвалтавалі ў дзяцінстве бін Лядэна? Перадачу падрыхтаваў Віталь Тарас.


“Вольная студыя”. 21 красавіка

Апошні беларускамоўны падручнік вышэйшай матэматыкі выйшаў у 1933 годзе. Пасьля таго, як ягоны аўтар выпускнік Венскага ўнівэрсытэту прафэсар Ц.Бурстын памёр ад катаваньняў у шпіталі менскай турмы, на вышэйшую матэматыку па-беларуску надоўга забыліся. Пра родную мову беларускія матэматыкі ўспомнілі толькі на пачатку 1990-х.

А днямі пабачыла сьвет “Матэматычная энцыкляпэдыя”. Адна зь яе аўтарак, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Людміла Майсеня, ужо 10 гадоў выкладае вышэйшую матэматыку па-беларуску — беларусам, расейцам і нават кітайцам... Яна лічыць, што беларуская інтэлігенцыя павінна адпрэчыць капітулянцкія настроі й сьмела выходзіць на перадавую змаганьня за беларускую дзяржаву. Пра гэта ды іншае слухайце ў нядзельнай перадачы “Вольная студыя”, якую вядзе Міхась Скобла.
XS
SM
MD
LG