Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Юры Сьвірко, Прага

Нягледзячы на вялікую цікавасьць сродкаў масавай інфармацыі да продажу рукапісу, патэнцыйныя пакупнікі ня здолелі пераадолець мінімальны грашовы бар’ер для ўдзелу ў аўкцыёне. Памер гэтай мінімальнай сумы не разгалошваецца. Прадстаўнікі “Крыстыз” заявілі, што расчараваныя вынікам.

Рукапіс “Дракулы” са шматлікімі праўкамі, на якім сам аўтар Брэм Стокер паставіў назву “Нямёртвы”, спрабаваў прадаць амэрыканскі калекцыянэр, які купіў яго ў 1984 годзе. З рукапісу вынікае, што Стокер плянаваў іншы канец раману – замак Дракулы разбураўся вульканічным выкідам. Раман Стокера быў надрукаваны ў 1897 годзе, аднак ягоны рукапіс знайшлі толькі ў 1980 годзе ў амэрыканскім штаце Масачусэтс.


ЛЁНДАН. Былая прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр і шэраг іншых знакамітых асобаў зьбіраюцца ўзяць удзел у Сьвінданскім літаратурным фэстывалі, які пачнецца 1 траўня й будзе доўжыцца 13 дзён. Камэдыйная аўтарка Джэні Эклер будзе распавядаць пра свой першы раман “Камбэрвэльская прыгажосьць”, надрукаваны летась.


ЮДЖЫН, Орэган. На 80-м годзе жыцьця памёр Дэман Найт, знакаміты аўтар навуковае фантастыкі, які дапамог зрабіць з гэтай літаратуры рэспэктабэльны жанр. Найт, стан здароўя якога быў вельмі дрэнны апошнія гады, памёр у шпіталі гораду Юджын з прычыны ўзроставых хваробаў, паведаміў прадстаўнік ягонай сям’і. “Яго вельмі-вельмі паважалі”, – сказаў пра Найта рэдактар ягонага апошняга раману Пэтрык Нільсэн Гайдэн. “Усе ў галіне былі альбо занепакоеныя ім, альбо ўражаныя ім, і часта й тое й другое аданачасова”.

Найт апублікаваў сваё першае апавяданьне ў 1941 годзе, і пасьля выдаў яшчэ 13 раманаў, пачынаючы з “Дарогі ў ад” у 1955 годзе, а таксама больш як 100 кароткіх апавяданьняў. Хаця Найт быў вядомы найперш як пісьменьнік, ён быў таксама ўплывовым настаўнікам, крытыкам і арганізатарам. Ён быў адным з заснавальнікаў амэрыканскае асацыяцыі пісьменьнікаў-фантастаў.


ВАШЫНГТОН. Пісьменьніца крымінальнага жанру, якая правяла больш за пяць месяцаў у турме з прычыны адмовы перадаць свае паперы пра забойства, прайграла апэляцыю па сваёй справе ў Вярхоўным судзе ЗША.

Ванэса Легіт правяла за кратамі больш часу, чым любы іншы амэрыканскі пісьменьнік, які выкарыстаў першую папраўку да Канстытуцыі ЗША для таго, каб праігнараваць позву ў суд. Першая папраўка забараняе ўсялякае абмежаваньне свабоды слова. Вярхоўны суд не пракамэнтаваў сваю адмову задаволіць патрабаваньне Легіт на падставе ейнай справы пашырыць правы пісьменьнікаў і журналістаў на абарону канфідэнцыйнасьці іхных крыніцаў.

Легіт была вызваленая з-пад варты сёлета ў студзені, празь некалькі тыдняў пасьля падачы апэляцыі ў Вярхоўны суд. Амэрыканскі ўрад сьцьвярджае, што яе вызваленьне робіць апэляцыю бессэнсоўнай. Легіт дагэтуль знаходзіцца ва ўрадавым сьпісе сьведкаў, якія мусяць браць удзел у будучым судовым працэсе ў справе жыхара Х’юстана, які замовіў забойства сваёй жонкі. Пісьменьніца кажа, што ня дасьць суду канфідэнцыйных матэрыялаў.
XS
SM
MD
LG