Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШВАЙЦАРСКІЯ СМІ ПРА ДАЧЫНЕНЬНІ БЕЛАРУСІ І ЭЎРОПЫ


Ул. інф.

Як перадае швайцарская інфармацыйная агенцыя SPA, беларускія ўлады ня хочуць пускаць у Менск адмысловага пасланьніка АБСЭ Эбэргарда Гайкена, аргумэнтуючы гэта адсутнасьцю крызысу і канфлікту ў краіне, на падставе якіх і прызначаецца падобны пасланьнік. Як піша “Neue Zuercher Zeitung” (“NZZ”) у сваім артыкуле "Менск выганяе місію АБСЭ", беларускія ўлады з часу працы ў Менску амбасадара Ганса-Геарга Віка бачаць у міжнародных эўрапейскіх назіральніках выключна шпіёнаў і дывэрсантаў, а таму фактычна ня робяць ніякай таямніцы з таго, што хочуць пазбавіцца ад гэтае групы.

Як піша выданьне, на цяперашні момант дачыненьні паміж АБСЭ і Менскам дасягнулі найніжэйшай адзнакі. Аднак, праўдападобна, беларускае кіраўніцтва на чале з аўтарытарным Лукашэнкам гэта вельмі мала хвалюе. Нягледзячы на хвалю міжнароднай крытыкі, беларускае МЗС не зьбіраецца аказваць візавую падтрымку прадстаўнікам Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Па сутнасьці, піша “NZZ”, кіраўніцтва АБСЭ яшчэ ніколі не было настолькі шакаванае падобнымі дзеяньнямі краіны-сябра гэтае структуры. Без сумневу, дачыненьні паміж Менскам і Эўропай ідуць да пагаршэньня. Менск у любым выпадку парушае свае абавязкі перад АБСЭ.

Аднак, зазначаюць швайцарскія аглядальнікі, курс Беларусі на канфрантацыю сёньня мала каго зьдзіўляе. Кажучы на дыпляматычнай мове, рашэньне Лукашэнкі аб прысутнасьці ў Беларусі місіі АБСЭ з самага пачатку прымалася супраць ягонай волі. Спатрэбіўся год перамоваў і адпаведны ціск Расеіі для таго, каб гэтая місія была адкрытая.
XS
SM
MD
LG