Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЦЯРПЕЛЫ АД АПЁКАЎ АБАРОНЦА КУРАПАТАЎ АЛЕСЬ ПОКЛАД — У РЭАНІМАЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Аляксандра Поклада прывезьлі сёньня ў апёкавы цэнтар менскага шпіталю хуткай дапамогі прыкладна а пятай гадзіне раніцы, і адразу ж зьмясьцілі ў рэанімацыйную палату інтэнсіўнай тэрапіі. Гаворыць загадчык апёкавага цэнтру шпіталю Ўладзімер Дарафеенка:

(Дарафеенка: ) "Пастаўлены папярэдні дыягназ — тэрмічная хвароба, тэрмічныя апёкі полымем (паводле словаў пацярпелага). Апёкі каля 15%. Пашкоджаныя твар, рукі, ногі. Каля 15% цела — апёкі 1, 2, 3 ступені. Дэталі глыбіні й плошчы апёкаў высьвятляцца сёньня пасьля перавязкі хворага".

(Карэспандэнт: ) "Уладзімер Міхайлавіч, скажыце, а наколькі сур'ёзныя гэтыя апёкі, і колькі часу Аляксандар Поклад можа прабыць у вас?"

(Дарафеенка: ) "Мне цяжка даваць прагнозы, бо ў кожнага хворага хвароба працякае па-свойму. Могуць быць знойдзеныя нейкія спадарожныя хваробы, могуць быць нейкія складанасьці. Пасьля сёньняшняй перавязкі пад наркозам мы ўбачым глыбіню й плошчу апёкаў. Пасьля гэтага зможам зрабіць нейкі папярэдні прагноз адносна тэрмінаў ягонага лячэньня".

Загадчык апёкавага цэнтру, дзе ляжыць Аляксандар Поклад, аднак, прагназуе, што лячэньне пацярпелага курапацкага валанцёра зойме ня менш за тры тыдні. Уладзімер Дарафеенка не выключае, што Алесю Покладу спатрэбіцца перасадка скуры й пераліваньне крыві, але дадае, што пра гэта пакуль казаць рана. Загадчык апёкавага цэнтру сказаў, што ў шпіталі ёсьць усе неабходныя прэпараты для лячэньня Алеся Поклада, а таксама кроў для пераліваньня. У рэанімацыю да Поклада нікога не пускаюць, але паводле словаў Уладзімера Дарафеенкі, ягонаму жыцьцю нічога не пагражае:

(Дарафеенка: ) "Я не лічу гэты выпадак нейкім экстраардынарным, бо ў нашае аддзяленьне паступаюць вельмі цяжкія хворыя. У нас і цяпер ляжаць хворыя з апёкамі скуры плошчай на 50 і 70%. І перад, і пасьля апэрацыі. Таму гэты выпадак у сэнсе цяжкасьці лячэньня для нас не ўяўляе нечага асаблівага".

Лекар таксама дадаў, што зробіць усё магчымае, каб Алесь Поклад як мага хутчэй паправіўся.
XS
SM
MD
LG