Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АД ІНФАРМАЦЫІ СВАБОДЫ МАЮЦЬ КАРЫСЬЦЬ ТОЛЬКІ СПЭЦСЛУЖБЫ РЭЖЫМУ”


Валянцін Жданко, Менск

Адна з важных тэмаў, якая ўжо некалькі гадоў пастаянна гучыць на нашых хвалях — гэта тэма нявысьветленых лёсаў апазыцыйных палітыкаў ды іншых вядомых у Беларусі асобаў, якія бясьсьледна зьніклі і выкрадальнікі якіх дагэтуль ня знойдзеныя. Тое, што гэтай праблеме мы надаем так шмат увагі, задавальняе ня ўсіх слухачоў. Апошнім часам у нашай пошце сталі зьяўляцца лісты, аўтары якіх задаюць пытаньні кшталту тых, якія паставіў у сваім допісе Леанід Малашка зь Менску:

“Нашага чалавека ня дужа цікавіць тое, пра што вы так часта гаворыце. Даўно ўжо нікому нецікава слухаць адно і тое ж пра Ганчара, Захаранку... Новых зьвестак жа ў вас ніякіх. Дый забываецца з часам, якія ў іх заслугі перад Беларусьсю. Я дык, напрыклад, памятаю толькі тое, што абодва яны надта ж стараліся, калі Лукашэнка рваўся да ўлады — з усіх сіл дапамагалі яму. За што і высокія пасады атрымалі...”

Спыню на гэтым цытаваньне ліста Леаніда Малашкі дзеля некалькіх тлумачэньняў. Ні ў адной эўрапейскай краіне, спадар Малашка, не зьнікаюць бясьсьледна адзін за адным дзеячы апазыцыі, якія мелі рэальныя шанцы на заваяваньне палітычнай улады. Зьява гэтая была ўласьцівая толькі лацінаамэрыканскім дзяржавам у часе захопу ўлады вайсковымі хунтамі.

Існуе вялікая небясьпека таго, што ў выпадку, калі грамадзкасьць і мэдыі перастануць зьвяртаць увагу на гэтую тэму, паласа зьнікненьняў працягнецца. І Беларусь апынецца яшчэ далей ад свабоды і дэмакратыі, чым дагэтуль.

Леанід Малашка разважае і на яшчэ адну актуальную тэму:

“Ня надта зразумела і тое, чаму вы становіцеся на абарону ўчарашніх міністраў, генэральных дырэктараў, “вэртыкальшчыкаў”, якія сёньня пад сьледзтвам або ў турме. Няўжо вы ня бачыце, што 95% людзей цалкам падтрымліваюць такую палітыку Лукашэнкі. Бо ўсе ж бачаць: чыноўнік альбо дырэктар, у якога заробак максымум 200 даляраў, езьдзіць на ўласным “джыпе” коштам 50 000 даляраў і жыве ва ўласным маёнтку ў трохпавярховым асабняку за сотні тысяч даляраў. Адкуль грошы, калі ён ня можа займацца ніякай дзейнасьцю, апроч дзяржаўнай службы? Ясна — альбо скраў у дзяржавы, альбо набраў хабару за спрыяньне камэрсантам (што, зрэшты, адно і тое ж)”.

Мы не становімся, спадар Малашка, на бок арыштаваных чыноўнікаў ды іншых начальнікаў. Аднак лічым, што нашы слухачы маюць права ведаць максімум інфарацыі пра ўсе абставіны гэтых гучных справаў. Пагадзіцеся, сам факт таго, што ўчорашні высокапастаўлены чыноўнік альбо дырэктар не дагадзіў уладзе, яшчэ ня ёсьць падставай дзеля таго, каб лічыць яго злачынцам. А за апошнія гады было шмат выпадкаў, калі ў судзе гучныя справы аб карупцыі фактычна рассыпаліся, і ўрэшце станавіліся відавочнымі палітычныя матывы крымінальнага перасьледу.

Ліст ад Любові Цімафеевай з Магілёву:

“Мая сястра жыве ў вёсцы ў Слаўгарадзкім раёне, працуе даяркай у калгасе. Нядаўна атрымала зарплату за люты — 40 тысяч беларускіх рублёў. І гэта за цяжкую штодзённую працу. Тыя, хто яшчэ працуюць, зайздросьцяць пэнсіянэрам і самі мараць пра пэнсійны ўзрост. А працаваць празь некалькі гадоў ня будзе каму. Пасьля школы ў вёсцы амаль ніхто не застаецца — хіба што які недарэка-“двоечнік”, які ні да вучобы, ні да працы ня здольны... Вёска бедная, паўгалодная, пьяная...

Лукашэнка кажа, што ўсяляк дапамагае калгасам, дае мільярды рублёў то на пасяўную, то на жніво. Але калгасьнікі гэтых грошай як ня бачылі, так і ня бачаць. Няхай бы іх пускалі не на калгас, а наўпрост дзялілі паміж гэтымі няшчаснымі калгасьнікамі — можа, хоць гэта дапамагло б выцягнуць іх зь беспрасьветнага жабрацтва...”.

Ня думаю, спадарыня Любоў, што нават гэта здольнае ўратаваць калгасную сыстэму. Людзям у вёсцы патрэбныя ня гэтыя жабрацкія субсыдыі. Ніякая дзяржава ня здольная ўзяць на ўтрыманьне бюджэту шматмільённую армію працаздольных людзей. Задача дзяржавы — стварыць сялянам такія ўмовы, пры якіх яны самі ўласнай працай забясьпечылі б сабе годнае жыцьцё. Зрабіць гэта без эканамічнай свабоды вёскі, без прыватнай ўласнасьці на зямлю ніводнай дзяржаве яшчэ не ўдавалася.

Ліст ад Мікалая Чыбісава зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну:

“З кім ні размаўляеш, усе кажуць: “Пры камуністах жылося лепш!”. Тых, хто думае інакш — меншасьць. Што да кіраўнікоў дэмакратычных партыяў, то ў мяне такое ўражаньне, што яны працуюць менавіта так, каб дэмакратыя ў Беларусі пажыцьцёва цярпела паразу. Іншымі словамі, яны дапамагаюць рэжыму. Гэта яскрава было бачна падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі, калі апазыцыя ня здолела вылучыць са свайго асяродзьдзя дастойнага кандыдата.

На вялікі жаль (і гэта бяда Беларусі), у выніку будучых прэзыдэнцкіх выбараў ніякіх зьменаў не адбудзецца. Нават калі сам Лукашэнка не наважыцца пераступаць праз уласную Канстытуцыю і не застанецца прэзыдэнтам пасьля дванаццаці гадоў кіраваньня, то на гэтую пасаду ён лёгка паставіць свайго пераемніка, які будзе ажыцьцяўляць такую ж палітыку”.

Падобныя папрокі на адрас апазыцыі, спадар Чыбісаў, даволі распаўсюджаныя і збольшага аднолькавыя. Як і абвінавачаньні ў тым, што лідэры апазыцыі нібыта сьвядома дапамагаюць рэжыму. Хоць ніякіх пэўных і пераканаўчых доказаў гэтага не існуе.

Тое ж можна сказаць і наконт доўгатэрміновых прагнозаў адносна трываласьці ўлады Лукашэнкі. Грунтуюцца яны, відавочна, на досьведзе папярэдніх васьмі гадоў кіраваньня Лукашэнкі, на працягу якіх ён толькі ўмацоўваў сваю ўладу. Таму для многіх гэтая ўлада падаецца ці ня вечнай.

Вось і наш сталы слухач Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім чарговым допісе разважае на гэтую тэму:

“Беларускі люд ня дужа любіць уладу, не давярае ёй, але ўрэшце рэшт заўсёды пакорліва слухаецца яе. Таму беларуская бюракратыя можа быць спакойнай за сваё становішча і не баяцца зьвяржэньня сябе паўстанцамі. Паўстаньня ў Беларусі ня будзе.

Інтэлігент-адраджэнец у Беларусі павінен паслухмяна сагнуць сьпіну і прасіць у бюракратыі сабе месца, каб яе абслугоўваць. А ўжо потым са звышспрытнасьцю і звышасьцярожнасьцю намякаць бюракратыі пра свае адраджэнскія ідэі.

...Жыцьцяздольнае тое, што ідзе ад рэальнага матэрыяльнага інтарэсу, як гэта ёсьць у бюракратыі (улада, грошы, маёмасьць). А інтэлігенцкая ідэя нацдэмаў-адраджэнцаў ня мае грунту, яна абстрактная, прывідная. Люд адчувае гэтую ненатуральнасьць ідэяў нацдэмаў. Люд-прагматык на папярова-слоўную ідэйку-пісульку ня купіцца (люд баіцца новага экспэрымэнту інтэлігентаў—адукаванцаў)”.

У вашую схему, спадар Алесь, зусім ня ўпісваюцца многія факты найноўшай беларускай гісторыі. Вы сьцьвярджаеце, што беларускі люд заўсёды пакорліва слухаецца ўладу. Але згадайце свабодныя прэзыдэнцкія выбары 1994 году. Які лёс напаткаў на іх кандыдата ад улады Вячаслава Кебіча?

Альбо наконт, як вы пішаце, “новага экспэрымэнту інтэлігентаў-адукаванцаў”. А што, быў нейкі стары, папярэдні экспэрымэнт так званых “нацдэмаў-адраджэнцаў”? Можа, яны мелі ўладу і ажыцьцяўлялі ўласную палітыку? Ці вы называеце нацдэмамі партыйных функцыянераў канца 1980-х, якія са страху пад ціскам грамадзкасьці пагадзіліся на адкрыцьцё некалькіх беларускамоўных школаў?

На заканчэньне — урывак зь ліста Міхаіла Васілеўскага зь Берасьця. Ён таксама закранае тэму паразаў апазыцыі, ад якіх стаміліся нават самыя заўзятыя прыхільнікі гэтай апазыцыі:

“Вы, Радыё Свабода, кажаце, што сваімі перадачамі даводзіце да слухачоў усебаковую інфармацыю. Але пакуль ад вашай інфармацыі маюць карысьць толькі спэцслужбы рэжыму, якія вынішчаюць самых разумных, актыўных і сьвядомых беларусаў. Вы дзейнічаеце, як “наводчыкі”.

Рэжым і далей будзе хлусіць і падманваць простых людзей, пакуль, эканамічна давёўшы краіну да поўнага краху, ня здасьць Расеі. А прафэсары тым часам будуць працягваць плакаць, што ім плацяць паўстаўкі, пакуль іх канчаткова ня выкінуць на вуліцу.

Нават нам, простым рабацягам, відавочна, да чаго ўсё ідзе, а вось “вярхі” беларускія ня могуць аб’яднацца, каб выратаваць краіну. Якія ім яшчэ доказы патрэбныя? Інфармацыйная прастора ў Беларусі цалкам здадзеная Расеі; Акадэмія навук зьнішчаецца на вачах; Саюз пісьменьнікаў задушаны эканамічна; школьніцтва стала цалкам расейскамоўным; вышэйшая і сярэдняя адукацыя – таксама...

Колькі ўжо часу мінула, а беларуская апазыцыя так і не знайшла лекаў ад палітычнай “лейкеміі”, якая апанавала Беларусь”.

Калі кіравацца вашай лёгікай, спадар Міхаіл, дык тады ўвогуле трэба пазбавіць людзей любой праўдзівай інфармацыі, не называць прозьвішчы і факты, увесьці ва ўжытак мянушкі ды псэўданімы — словам, сысьці ў падпольле і пісаць прапагандысцкія ўлёткі ды заклікі.

Апазыцыйныя актывісты церпяць ад перасьледу не таму, спадар Васілеўскі, што мы пра іх распавядаем, а таму, што ў краіне грамадзянам не забясьпечанае законнае права адкрыта выказваць і адстойваць уласныя перакананьні.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Канстанцін Кузьняцоў зь Віцебску і Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG