Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ РЫЗЫКУЕ АПЫНУЦЦА НЕЎЗАБАВЕ Ў ЯШЧЭ БОЛЬШ ГЛЫБОКІМ ЭКАНАМІЧНЫМ КРЫЗЫСЕ


Алесь Грыневіч, Менск

Калі ўрад Беларусі ня зробіць неадкладных захадаў, Беларусь рызыкуе апынуцца ў сур'ёзным эканамічным крызысе, заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску прадстаўнік Усясьветнага банку Люка Барбонэ. Спадар Барбонэ, дырэктар аддзелу Беларусі і Ўкраіны, апошнімі днямі сустракаўся з прадстаўнікамі беларускага ўраду, абмяркоўваючы эканамічную сытуацыю і пэрспэктывы супрацоўніцтва паміж Усясьветным банкам і Беларусьсю. На думку экспэртаў банку, за апошнія месяцы стан эканомікі краіны значна пагоршыўся. Кажа спадар Барбонэ:

(Барбонэ: ) "Патэнцыйна крызыс можа прывесьці да таго, што будуць і далей павялічвацца запазычанасьці па заробках і пэнсіях. Гэта адна верагоднасьць. Іншая верагоднасьць — калі зьменшацца валютныя рэзэрвы, зьменшыцца доступ да імпартаваных тавараў і будзе цяжэй знайсці харчовыя ды іншыя тавары ў крамах".

Адмыслоўцы Ўсясьветнага банку лічаць асноўнай прычынай пагаршэньня сытуацыі леташняе падвышэньне сярэдняга заробку да эквіваленту 100 даляраў. Гэта было зроблена напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Спадар Барбонэ кажа, што падвышэньне было эканамічна неабгрунтаваным і прывяло да страты канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў. Да таго ж, пры канцы мінулага году прадпрыемствы былі вымушаныя павялічыць вытворчасьць, каб выканаць плянавыя паказьнікі. Цяпер непраданая прадукцыя на складах і ў дварах заводаў, кажа спадар Барбонэ.

Паводле ягоных словаў, урад Беларусі цяпер робіць захады, каб павялічыць рэнтабэльнасць прадпрыемстваў і канкурэнтаздольнасьць іх прадукцыі, пры гэтым не зьмяншаючы заробку.

(Барбонэ: ) "У мяне не было магчымасьці дэталёва разгледзець усе лічбы. Я крыху скептычна да гэтага стаўлюся. Але, натуральна, я спадзяюся на лепшае з боку ўраду. Я думаю, што яны добра разумеюць цяжкасьць сытуацыі".

Але ў Міністэрстве эканомікі з такой ацэнкай не пагаджаюцца. Вось як адрэагавала на выказваньні спадара Барбонэ кіраўніца прэсавай службы міністэрства Натальля Пацейка.

(Пацейка: ) "Пазыцыя міністэрства эканомікі — няма цяпер ніякага крызысу. Усе апошнія гады ёсьць тэндэнцыя да падвышэньня і валавага ўнутранага прадукту, і усіх парамэтраў макраэканамічнага разьвіцьця. Што да заробкаў — ёсьць праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця да 2005 году, дзе прапісана, як будуць падвышацца заробкі. Усё гэта робіцца плянава, ніякага абвалу няма, таму я нават ня бачу сэнсу нашым спэцыялістам камэнтаваць гэтыя заявы".

Экспэрты Ўсясьветнага банку лічаць, што беларускаму ураду трэба сур'ёзна зьмяніць стаўленьне да малога й сярэдняга бізнэсу. Кажа спадар Барбонэ.

(Барбонэ: ) "Вам трэба стварыць сыстэму, у якой Беларусь пачне набліжацца да многіх іншых разьвітых краінаў, дзе значная частка людзей занятая на малых і сярэдніх прадпрыемствах. Яны будуць вырашаць праблему занятасьці, ствараць прыбыткі, падаткі, каб адысьці ад старой сыстэмы, якая цалкам абапіралася на вельмі буйныя прадпрыемствы для збору падаткаў. Для гэтага трэба час, трэба ствараць клімат даверу, трэба мець урад, які ня лічыць малыя прыватныя прадпрыемствы патэнцыйным ворагам".

Як прыклад такой варожасьці, прадстаўнік Усясьветнага банку называе нядаўняе рашэньне ўладаў прыбраць з вуліцаў Менску камэрцыйныя шапікі. Пытаньне пра шапікі абмяркоўвалася на перамовах паміж банкам і беларускім урадам, але абодва бакі засталіся пры сваіх меркаваньнях, кажа спадар Барбонэ.
XS
SM
MD
LG