Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРНОБЫЛЬСКАЯ ЗОНА


Ягор Маёрчык, Палесьсе

215 тысяч гектараў зямлі, лясоў, балотаў і з сотню мёртвых вёсак, дзе некалі жыло блізу 70 тысяч чалавек — усё гэта ўладаньні Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку, больш вядомага як Чарнобыльская зона. І праз 16 гадоў пасьля выбуху на атамнай электрастанцыі магутнасьць гамавыпраменьваньня ў некаторых месцах перавышае норму ў чатыры тысячы разоў, але ўжо праз 30 мэтраў можа быць выспа зямлі, "чысьцейшая" за Менск.

Забруджаныя тэрыторыі Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў зьведалі 3 хвалі адсяленьня. Пазьней для аховы землі абнесьлі калючым дротам. Той плот цяпер можна пабачыць толькі на кадрах кронікі: папросту саржавеў за гэты час. А на новы грошай няма. Таму сёньня належным чынам ахоўваецца толькі адзін КПП, празь які возяць усе афіцыйныя дэлегацыі. Праваруч, леваруч 100 мэтраў — ідзі сабе спакойна, ніхто ня спыніць.

"Самай вялікай праблемай" галоўны спэцыяліст адміністрацыі зоны адсяленьня Анатоль Мельнікаў называе менавіта ахову. Каб выявіць парушальнікаў, ладзяць аўтамабільныя рэйды. Але часьцей чым раз на тыдзень не выпадае: няма паліва. Праўда, і пры такіх акалічнасьцях пералік складзеных пратаколаў за паляваньне, рыбалоўства і грыбніцтва ідзе на сотні. Але, як звычайна кажуць у такіх выпадках, гэта толькі вяршыня айсбэргу.

А вось дырэктар запаведніку Мікалай Варанецкі, наадварот, імкнецца напоўніць зону людзьмі, зрабіць мёртвыя землі турыстычнай кропкай:

(Варанецкі: ) "Ёсьць такая мара: зрабіць запаведнік сапраўдным запаведнікам. Калі, прыкладам, маё прозьвішча Лукашэнка, гэта яшчэ ня значыць, што я прэзыдэнт. Тое самае, "запаведнік" — гэта ня значыць, што ён запаведнік. Так, аварыя прынесла шмат праблемаў, шмат кепскага для здароўя, але адсюль сышоў самы страшны вораг прыроды — чалавек. Прыродзе сапраўды пашанцавала, яна проста вяртаецца да таго стану, ў якім была сотні гадоў таму. На гэтым трэба зарабляць грошы: гэта арганізацыя экстрэмальнага турызму, экскурсіяў, паляваньняў на дзікоў. Не праблема! Усё гэта можна зрабіць. За год без праблемаў можна 60 тысяч даляраў для запаведніка зарабляць толькі на гэтым".

Запраўляю службовы транспарт бэнзынам за свой кошт і разам з супрацоўнікамі запаведніка накіроўваюся ў "зону".

У чалавека, які першы раз трапляе ў зону, адразу ўзьнікае "адчуваньне цішыні". І мяне папярэджвалі, што будзе ілюзія таго, што гэтая цішыня зьвініць. І сапраўды цішыня зьвініць. Адчуваецца абсалютна ўсё: кожная птушка, кожны хруст галінкі.

Там, дзе зараз я стаю, некалі пралягала цэнтральная вуліца вёскі Сабалі. На гаспадарчым падворку плоту няма. Шыбаў у вокнах хаты таксама няма. Разваліўся нават драўляны ганак. Зойдзем у хату.

Бачна, што сапраўды людзі зьяжджалі адсюль вельмі хутка. Усё нажытае стала падарункам для марадзёраў. Падымаю аркушык паперы. "Пятнаццатага сьнежня. Кантрольная дыктоўка. Сымбалічны назоў — "Адноўленая зямля". Вось яшчэ адна цікавая зхнаходка — гэта сшытак па гісторыі вучаніцы 10 "А" клясы Астралядзкай школы Паманенкі Дзіяны. Першая тэма — "26-ы зьезд КПСС". Канспэкт рашэньняў зьезду. Асобныя ўрокі прысьвечаныя палітычным постацям. Прыкладам, Эрыку Гонэкеру, Хо Шы Міну, Чаўшэску.

Я пакідаю вёску Сабалі і рухаюся ў бок лесу. Там сярод соснаў знаходзяцца вясковыя могілкі.

На тым месцы, дзе калісьці быў цэнтральны ўваход на могілкі, ад драўлянай брамы застаўся адзін толькі слуп. А ўся агароджа павалілася на зямлю і нават сям-там ужо прарасла травой. Пакуль тут не было чалавека, могілкі ператварыліся ў сапраўдны лес. На ускрайку могілак можна заўважыць умяціны ў травяным дыване і нават гной дзікіх жывёлаў. Вельмі цяжка падысьці да пахаваньняў. Бальшыня драўляных крыжоў ці то нахінулася да зямлі, ці то ляжыць на ёй.

Нягледзячы на высокі ўзровень радыяцыі, людзі сюды вяртаюцца ня толькі на Радаўніцу, але і назаўсёды. Людзі завяшчаюць, каб пасьля сьмерці іх пахавалі менавіта на радзіме. Я стаю цяпер ля аднаго з такіх пахаваньняў. Зусім сьвежае. Нават яшчэ зямля не пасьпела асесьці.

Штогод супрацоўнікі запаведніка напярэдадні Радаўніцы прыбіраюць могілкі.
(Спадар: ) "Могілкі агароджваем, прыбіраем сьмецьце, рубім кусты, каб падысьці можна было. Радыяцыя? Я на сабе не адчуваю".

(Карэспандэнт: ) "Я чуў тут такую прыказку, "народную мудрасьць": чым болей гарэлкі ўнутры, тым меней радыяцыя навокал. Наколькі гэта праўда?"

(Спадар: ) "З алькаголем... у каго якое здароўе. Калі дазваляе, можаш выпіць, калі не — ня пі".

(Карэспандэнт: ) "А паводле вашых назіраньняў, тыя хто працуюць тут, п'юць болей..".

(Спадар: ) "... ды не! Аднолькава ўсюль п’юць".

(Карэспандэнт: ) "А колькі атрымліваюць у "зоне"?

(Спадар: ) "Сталы стабільны заробак — 130-150 тысяч. Пуцёўкі даюць".

(Карэспандэнт: ) "Дык выгадна тут працаваць?”

(Спадар: ) "Так, натуральна!"

Сёньня ў зоне жыве некалькі дзясяткаў людзей сталага веку. Як яны кажуць, пасьля аварыі "засталіся паміраць у родных хатах". З супрацоўнікамі запаведніка і раённымі чыноўнікамі ў іх досыць прыязныя дачыненьні. Тыя часы, калі старых застрашвалі пакараньнямі за адмову пакінуць жытло, даўно прайшлі. Цяпер самасёлаў, якія афіцыйна прапісаныя ў бліжэйшым сельсавеце, раз на тыдзень наведвае аўталаўка. І час ад часу, паводле палітычнага календара, сябры выбарчых камісіяў, якія падказваюць пэнсіянэрам, за каго трэба галасаваць.

Я накіроўваюся ў самае буйное паселішча самасёлаў. Вёска Тульгавічы знаходзіцца на адлегласьці 35 кілямэтраў ад Хойнікаў і 10 кілямэтраў ад пачатку зоны. Адразу кідаецца ў вочы, што некалі гэта было вельмі заможнае і вельмі вялікае мястэчка. Ажно 500 сядзібаў. Тут самасёламі жывуць 12 чалавек. Яны вядуць натуральную гаспадарку.

Зойдзем у госьці.

(Спадар: ) "Вось ужо 70 гадоў жыву".

(Карэспандэнт: ) "Тут у гэтай вёсцы?"

(Спадар: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Дзеці ёсьць?"

(Спадар: ) "Ёсьць, трое".

(Карэспандэнт: ) "Часта прыяжджаюць?

(Спадар: ) "Часта. Як сала ё, кабана заб'ю, дык прыяжджаюць. Толькі давай! Гора вялікае, што баб няма! Адныя мужчыны!!"

(Карэспандэнт: ) "А навошта вам бабы?"

(Спадар: ) "Бульбу пасеяць трэба, акучыць яе. Усё самому рабіць! То ж бабская праца. Бульён той варыш і варыш кожны дзень! Аладкі няма каму сьпячы".

(Карэспандэнт: ) "Старастам, своеасаблівым грамадзкім лідарам зьяўляецца...”

(Спадар: ) "...Шамянок Іван Ёсіфавіч. Жыць пакуль нармалёва. Каб нейкая радыяцыя была, я б даўно памёр. А то не! Паглядзіце на мяне, колькі мне год дасьцё?"

(Карэспандэнт: ) "55".

(Спадар: ) "О-хо-хо! Ужо 78-ы год".

(Карэспандэнт: ) "А выглядаеце, як малады!"

(Спадар: ) "Таму што я ў радыяцыі жыву. (сьмяецца) Нікуды я не зьяжджаў. Я лепей на сваёй радзіме памру, ды й усё!"

Заходзім у іншую хату.

(Карэспандэнт: ) "Можна да вас?”

(Спадар: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "А што гэта вы нас з нажом сустракаеце?"

(Спадарыня: ) "То мы білі сьвінчо, дык я ўпарадчываю".

(Карэспавндэнт: ) "Як вам жывецца тут, раскажыце?"

(Спадарыня: ) "А! Дабра няма тут вялікага. А чым яны нам дапамагаюць мясцовыя ўлады? Чым?! Мікола, мясцовыя ўлады, чым нам дапамагаюць?"

(Спадарыня: ) "Нічым ніхто не памагае!"

Цікавае назіраньне: самасёлы фактычна не залежаць ад мясцовых і раённых уладаў, але выказваюцца пра першых і другіх вельмі абачліва.

(Карэспандэнт: ) "А я ведаю, што вы тут царкву самі збудавалі…"

(Спадарыня: ) "І прыяжджаюць бацюшкі. Нячаста, але прыяжджаюць".

(Карэспандэнт: ) "А самі часта Богу моліцеся?"

(Спадарыня: ) "Кожны дзень!"

(Карэспандэнт: ) "А што ў Бога просіце?"

(Спадарыня: ) "Здароўя! Тыя людзі, якія пазьяжджалі, яны ўсе памерлі ад нэрвовасьці, ад растройства, што гэта нарабілася".

(Карэспандэнт: ) "Але тут жа радыяцыя!"

(Спадарыня: ) "А дзе яе няма? Вы думаеце, у вас у Менску няма? А? І ў вас ёсьць!"

(Карэспандэнт: ) "А вам ніхто нічога не кажа, якая тут радыяцыя?"

(Спадарыня: ) "А хто кажа нам? Хто? Вы прыедзеце, вось так пагаворыце і пайшлі".

(Карэспандэнт: ) "Як вас завуць?"

(Спадарыня: ) "Ай! Ня буду казаць".

(Карэспандэнт: ) "Чаму? Баіцеся?"

(Спадарыня: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Каго?"

(Спадарыня: ) "Вас! (сьмяецца)"

(Карэспандэнт: ) "А што я такі страшны?"

(Спадарыня: ) "Ну вось гэтыя словы, яны ж пойдуць тудысьці туды".

(Карэспандэнт: ) "Пойдуць".

(Спадарыня: ) "Ну дык чаго вы!"

Цэзій, стронцый, плютоній — радыектыўныя хімічныя элементы, назовы якіх з 1986 году сталі спадарожнікамі жыцьця ў зоне ды й па ўсёй Беларусі. Але афіцыйныя ўлады замоўчваюць, што 2 гады таму ўвесь плутоній-241 распаўся на яшчэ больш небясьпечнае рэчыва — амэрыцый. Сапраўдная атрута, якая, у адрозьненьні ад іншых радыёнуклідаў, распушчаецца ў вадзе. Трапляе ў арганізм чалавека, першым чынам "забівае" страўнікавую сыстэму. Паводле прагнозаў, праз колькі гадоў праз амэрыцый колькасьць ахвяраў Чарнобылю можа падвысіцца на 200 тысяч чалавек.

Каб уведаць думку навукоўцаў, якія беспасярэдне працуюць у забруджаных раёнах, я еду на дасьледна-экспэрымэнтальную станцыю, што ў адселенай вёсцы Бабчын.

Намесьніца дырэктара запаведніка па навуковай працы кандыдат біялягічных навук Любоў Чарнега:

(Чаргнега: ) "Я мяркую, што патэнцыйная небясьпека існуе. Што да трапленьня амэрыцыю-241 у арганізм — гэта проста нонсэнс, бо вада тут увесь час кантралюецца, забаронены збор ягадаў і грыбоў, лоўля рыбы і паляваньне — усё, што можа прывесьці амэрыцый-241 у арганізм".

Любоў Чарнега прапануе наведаць пункт радыялягічнага кантролю. Рухаемся на поўдзень, у бок Чарнобыля.

Дарогі тут, у зоне, ўжо 16 год ня ведаюць, што такое асфальтавы каток. Калі сучаснае пакрыцьцё зьнікае, едзем па бруку, якому ўжо не адно стагодзьдзе. Праз акно назіраю за, так бы мовіць, "радыеактыўнымі" краявідамі. З таго часу, як адсюль сышоў чалавек, прырода ачуняла. Мэліяраваныя палі зноўку сталі балотамі, якія аж варушацца ад зьмеяў. Што да расьлінаў, прадстаўленая ледзь ня ўся Чырвоная кніга. Ласі, ваўкі, дзікі, зубры адчуваюць сябе сапраўднымі гаспадармі. Стоячы абапал дарогі, яны не баяцца двухногіх істотаў і толькі маўклівым позіркам праводзяць машыны, што нячаста зьяўляюцца тут.

Зараз я знаходжуся ў Масанах — гэта самая паўднёвая кропка, дзе вядзецца радыелягічны кантроль. Вахтавым мэтадам 7 чалавек рэгіструюць зьмяненьні фону і сочаць за надвор'ем. Адзін з супрацоўнікаў станцыі Эдуард Серж робіць экскурсію па Масанах і ейных наваколіцах.

(Серж: ) "Больш за ўсё у нас праблемаў з ваўкамі, таму што да нас могуць дабрацца. Ніякай у нас зброі няма".

(Карэспандэнт: ) "Як зграя нападзе, што ж вы рабіць будзіце?"

(Серж: ) "А нічога. Закроемся ў хаце ды й будзем сядзець".

Непадалёк ад будынкаў навукова-дасьледчай базы ёсьць некалькі могільнікаў. Там пахаваны мэтал з Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі".

(Серж: ) "Вось там, ля мэтэапляцоўкі, агароджана плотам. Фон — 15 тысяч рэнтгенаў!"

Адсюль да Чарнобыля празь лес нейкіх 8 кілямэтраў. Калі забрацца на адмыслова пабудаваную вежу, можна разглядзець рэактар.

(Серж: ) "Поп такі быў — Ясь. Вось ён на гэтай гары і жыў. Хацелі тут храм пабудаваць…"

(Карэспандэнт: ) "...а пабудавалі вежу і наглядаюць за Чарнобылем".

(Серж: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Калі паспрабаваць, дык пабачым Чарнобль?"

(Серж: ) "Можам. Ну, вось глядзіце: рэактар, мястэчка Прыпяць, вунь дамы дзевяціпавярховыя стаяць".

На даляглядзе сапраўды можна было пабачыць Чарнобыль. Але гэты атракцыён — для аматараў экстрэмальнага. У навукоўцаў іншыя праблемы. У перабсталяваных пад лябараторыі вясковых хатах тэрмінова робяць эўрарамонт: 26 красавіка тут чакаюць Аляксандра Лукашэнку.

Я пакідаю спачатку Масаны, а затым і мёртвыя раёны Чарнобыльскай зоны. Ад вандроўкі застаюцца няпростыя ўражаньні. Міжволі ўзьнікала жаданьне пасяліцца сярод гэтых маляўнічых палёў, лясоў і балотаў. Але ўвесь час з паказальніку дазімэтру на мяне глядзелі трох- і чатырохзначных лічбы роўню радыяцыі.

Сотні ж людзей жывуць у такіх умовах ня першы дзясятак год. Яны адкрыта гавораць, што іх мала турбуюць паўсядзённыя праблемы суайчыньнікаў і ўладаў там, на чыстых тэрыторыях. Зрэшты, і да іхнага жыцьця мала каму ёсьць справа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG