Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРТАНЬНЕ БЫЛОГА КАРАЛЯ АФГАНІСТАНУ НА РАДЗІМУ


Кастусь Бандарук, Прага

Захір Шах прыляцеў у Кабул з трыма сынамі й членамі сям’і на вайсковым італьянскім самалёце. Яго суправаджалі з Рыму кіраўнік часовай адміністрацыі Хамід Карзай і шэсьць міністраў ягонага кабінэту.

У сталічным аэрапорце былога караля прывітаў гарматны салют. Ён саступіў на чырвоны дыван, паціснуў рукі спэцыяльнаму пасланьніку ААН Лахдару Брагімі, вайсковаму камандзіру генэралу Рашыду Дустуму і старэйшынам афганскіх плямёнаў у традыцыйных турбанах і туніках. Затым былы кароль сеў у браніраваны мэрсэдэс і накіраваўся ў спэцыяльна падрыхтаваную для яго вілу.

На вуліцах сталіцы каралеўскі картэж віталі музыкай, сьпевамі, танцамі й радаснымі воклічамі тысячы сьвяточна апранутых людзей, якія прыбылі ў Кабул з самых розных куткоў краіны. На лётнішчы і на вуліцах Кабулу зрабілі надзвычайныя захады дзеля бясьпекі. Тры месяцы вілу караля будуць ахоўваць дзясяткі італьянскіх спэцназаўцаў і адмыслова падрыхтаваных афганскіх ахоўнікаў.

“Гэта сьвяты дзень. Я думаю, усе афганцы спадзяюцца, што ён прынясе краіне мір. Калі ён быў пры ўладзе, ніхто ня ведаў, як карыстацца зброяй”, – заявіў Джаваз Ізмалхез, які прыбыў у Кабул сустрэць манарха з далёкай правінцыі Хост. Іншы афганец выказаў спадзяваньне, што дзень вяртаньня Захіра Шаха на Радзіму стане днём незалежнасьці Афганістану.

Часовы лідэр Хамід Карзай лічыць былога караля “бацькам народу і сымбалем нацыянальнага адзінства”. Ён спадзяецца, што былы кароль, які паходзіць з дамінуючага ў краіне племені пуштунаў, аб’яднае варагуючыя этнічныя групоўкі й плямёны ды стабілізуе сытуацыю ў краіне.

Дарэчы, амаль 40-гадовае кіраваньне Захіра Шаха было адным зь нешматлікіх пэрыядаў міру і адноснага дабрабыту ў гісторыі краіны. Ён стварыў у Афганістане канстытуцыйную манархію, жанчынам дазволіў удзельнічаць у выбарах, працаваць і вучыцца. Большасьць афганцаў памятаюць караля як добрага, лагоднага чалавека.

Захір Шах быў пацыфістам, што асабліва заўважна на фоне палявых камандзіраў ды ісьлямскіх фундамэнталістаў, што выйшлі на авансцэну пасьля зьвяржэньня манархіі. За 30 гадоў пасьля таго, як караля скінуў з трону ягоны сваяк Мухамад Давуд, які зрабіўся прэзыдэнтам краіны, Афганістан не спазнаў нічога, акрамя гвалту і кровапраліцьця. Сьпярша была савецкая акупацыя, потым грамадзянская вайна, затым кіраваньне фанатычных талібаў і нарэшце ваенная апэрацыя ЗША.

Аднак жа вяртаньне Захіра Шаха ў Афганістане ніхто ўсур’ёз не разглядае магчымасьць для аднаўленьня канстытуцыйнай манархіі, нават у вельмі сымбалічнай форме. Але вядомы афганскі аналітык Гонар Гайтар, які жыве ў Нарвэгіі, цьвердзіць, што каралеўская сям’я не выключае такой магчымасьці.

Паводле аналітыка, найбольш верагодным кандыдатам на трон зьяўляецца 44-гадовы сын былога караля Мірвайс Шах. Нядаўна ён заявіў у інтэрвію, што ня супраць аднаўленьня манархіі. Дарэчы, разам з каралём прыбылі два ягоныя сыны і ўплывовы зяць – былы генэрал Абдул Валі, пра амбіцыі якіх пакуль нічога не вядома.

У кожным разе, аглядальнікі лічаць, што ў цяперашняй нестабільнай сытуацыі рабіць спробы аднавіць манархію – гэта што падліваць алей у агонь.

Што да самога Захіра Шаха, дык былы кароль, якому споўнілася 87 гадоў, не прэтэндуе на трон. У інтэрвію “Associated Press” у мінулым месяцы ён заяўвіў, што апошнія гады свайго жыцьця проста хоча дажыць на Радзіме, служачы свайму народу. “Я патрыёт і хачу выканаць любую ролю і задачу, якую ўскладзе на мяне народ”, – сказаў ён.

У чэрвені Захір Шах сымбалічна адкрые Нацыянальную Асамблею Лоя Джыргу. Дэлегаты сходу мусяць прызначыць пераходны ўрад, які будзе кіраваць краінай 18 месяцаў – да часу выбараў у наступным годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG