Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"АФІЦЫЙНЫ МЕНСК АДСЕК ГАЛАВУ МІСІІ АБСЭ"


Ул. інф.

Праўдападобна, беларускі прэзыдэнт Лукашэнка ў сваім жаданьні пазбавіць краіну ад назіральнікаў АБСЭ паступова рухаецца да мэты. Днямі місія Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе была па сутнасьці абезгалоўленая — беларускія ўлады не працягнулі візы выканаўцу абавязкаў старшыні КНГ Мішэлю Рывалье. Такім чынам, піша “Die Tageszeitung” (“ТАZ”), сэрыя вэрбальных атакаў і пагрозаў на адрас эўрапейскіх структураў з боку беларускага рэжыму працягваецца.

Трэба, аднак, зазначыць, што ў 1998 годзе місія АБСЭ распачала дзейнасьць у Менску, маючы на тое поўную згоду беларускіх уладаў. Пазьней, у Стамбуле, сам Лукашэнка падпісаўся пад чатырма ўмовамі АБСЭ як асновай для далейшага супрацоўніцтва паміж гэтай структурай і Беларусьсю. Размова ішла адносна зьменаў у выбарчым законадаўстве, пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту, роўнага доступу апазыцыі і ўладаў да дзяржаўных СМІ, а таксама аб стварэньні ў краіне клімату даверу.

Аднак насамрэч усё адбылося інакш, — піша бэрлінскае выданьне. Ні парлямэнцкія, ні прэзыдэнцкія выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам і не былі свабоднымі і празрыстымі. Замест гэтага — піша “ТАZ” — старшыня місіі АБСЭ Ганс-Георг Вік стаў мішэньню для выпадаў беларускага прэзыдэнта. Неаднойчы беларускі лідэр пагражаў амбасадару высылкай і абвінавачваў яго ў падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня ў Беларусі. Пасьля добраахвотнага ад'езду Віка зь Беларусі, місія АБСЭ была вымушаная працаваць з гэтак званым часовым бюджэтам — на працягу чатырох месяцаў беларускія ўлады адмаўляліся акрэдытоўваць новага старшыню КНГ Эбэргарда Гайкена. У інтэрвію “ТАZ” былы кіраўнік місіяй КНГ Ганс-Георг Вік заявіў, што падобныя дзеяньні афіцыйнага Менску ёсьць працягам рэжыму байкоту ў адносінах да АБСЭ. "Краіна хоча пазбавіцца ад міжнародных назіральнікаў", — лічыць ён.

Як піша “ТАZ”, падобнага меркаваньня прытрымліваецца і старшыня рабочай групы АБСЭ, дэпутат Бундэстагу Ута Цапф. Паводле ейных словаў, разрадка у дачыненьнях паміж Беларусьсю і Захадам адсунулася ў далёкую пэрспэктыву.

Тым часам — зазначае “ТАZ” — кіраўніцтва ЭЗ падкрэсьлівае, што супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўропай ня можа адбывацца асобна, без удзелу АБСЭ.
XS
SM
MD
LG