Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ НЯ ЗГОДНЫЯ З ПРЫЗНАЧЭНЬНЕМ СПЭЦПРАДСТАЎНІКА СТАРШЫНІ АБСЭ ПА БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Дыпляматычнае супрацьстаяньне Беларусі і АБСЭ працягваецца. Сёньня ў МЗС Беларусі яшчэ раз пацьвердзілі, што не зьбіраюцца размаўляць наконт пэрспэктываў працы групы АБСЭ ў Беларусі і прызначэньня яе кіраўніка ды зьмены мандату гэтай місіі. Прадстаўнік МЗС Павал Латушка заявіў, што нядаўняе прызначэньне спадара Гайкена адбылося з парушэньнямі фармальных палажэньняў. Акрамя таго, на думку афіцыйнага Менску, такі спэцпрадстаўнік можа прызначацца толькі ў выпадку канфлікту ці крызысу ў краіне, чаго ў Беларусі няма.

(Латушка: ) "МЗС Беларусі вядома, што дзейны старшыня АБСЭ без кансультацыяў зь Беларусьсю і краінамі-сябрамі АБСЭ, парушаючы артыкул 22 Гельсынскага дакумэнту 1992 году, прызначыў Эбэргарда Гайкена адмысловым пасланьнікам па Беларусі. У гэтай сувязі наш прадстаўнік у АБСЭ Віктар Гайсёнак накіраваў дзейнаму старшыні адпаведную пазыцыю беларускага боку. Яна заключаецца ў тым, што пазыцыя АБСЭ ў адносінах да Беларусі павінна быць зразумелай як беларускаму боку, гэтак і дзяржавам-сябрам гэтай арганізацыі”.

Паводле словаў прэсавага сакратара МЗС, усе кансультацыі з АБСЭ даручана весьці Віктару Гайсёнку. Павал Латушка сёньня агучыў тэкст заявы, зь якой 16 красавіка выступіў амбасадар Гайсёнак на паседжаньні Сталае Рады АБСЭ. У прыватнасьці, Віктар Гайсёнак зазначыў, што Беларусь прапанавала перагледзець мандат КНГ АБСЭ ў Беларусі яшчэ летась 21 сьнежня:

(Латушка: ) “Прапанавалася зафіксаваць неабходнасьць правядзеньня кансультацыяў для вызначэньня формаў і мадальнасьці працы місіі, якія павінны дапоўніць існуючы мандат. Фактычна гэтая прапанова нават не абмяркоўвалася. Нашыя дзеяньні ў многім вызначаюцца адсутнасьцю належнай рэакцыі на ўнесеную прапанову”.

Ён паведаміў, што дзейны старшыня не праінфармаваў Беларусь пра намер прызначыць адмысловага пасланьніка. Прадстаўнік МЗС Беларусі зазначыў, што Беларусь ня можа пагадзіцца з працягам з боку місіі АБСЭ ўмяшаньня ва ўнутраныя справы краіны ды патрабуе большай увагі да свайго меркаваньня. У якасьці прыкладу прыводзіцца закрыцьцё місіяў АБСЭ ў Латвіі і Эстоніі.
XS
SM
MD
LG