Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РЭСТАЎРАЦЫЮ НЯСЬВІСКАГА ПАЛАЦУ РАДЗІВІЛАЎ СПАТРЭБІЦЦА 15 ГАДОЎ


Галіна Абакунчык, Нясьвіж

Зь мінулага году ў палацавым комплексе ў Нясьвіжы вядуцца рэстаўрацыйныя работы: з галоўнай гадзіньнікавай вежы — візытоўкі палацу — зьняты купал. Елкі й кустоўе ва ўнутраным дворыку высечаныя, а на сьценах будынкаў — аголеныя ад тынкоўкі пляміны чырвонай цэглы. Гаворыць дасьледчыца гісторыі Нясьвіжу Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая.

(Патоцкая: ) "Зараз гэта разваліна. І калі развозілі ўсё санаторскае, дык яны там вырывалі й расьцягвалі й карціны тыя, і шмат што. Тут быў люкс з залатымі ручкамі — дык усё вылуплівалі. А цяпер людзі тыя, хто раней бачылі, то за галаву хапаюцца — да чаго вы давялі — асабліва ўнутры. Ужо пачалі панэлі адрываць — калі вы бачылі — такія цёмна-карычневыя".

Уратаваць тое, што засталося ў палацы ад былых гаспадароў — санаторнага аб'яднаньня Белмежкалгасздраўніца — спрабуюць усяго чацьвёра будаўнікоў. Паводле дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясьвіж” Валерыя Сталярчука, пры такіх тэмпах рэстаўрацыя комплексу расьцягнецца ня менш як на пятнаццаць гадоў. Але што можна зрабіць, калі Міністэрства культуры яшчэ летась мусіла выдаткаваць на супрацьаварыйныя работы сто тысяч рублёў, але пералічыла толькі сорак тысяч і толькі сёлета. Гаворыць Валеры Сталярчук:

(Сталярчук: ) "Каб было на сёньняшні дзень мільён ці два даляраў, можна было б любую фірму запрасіць з Польшчы, альбо беларускіх рэстаўратараў. Каб былі сродкі, то й пытаньняў сёньня не было б".

Палацавы комплекс быў перададзены запаведніку адмысловым загадам Лукашэнкі — як сьцьвярджаюць адмыслоўцы — пасьля няўдалых спробаў адшукаць скарбы Радзівілаў і стварыць тут прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю. Пра гэта доўга гаварылі на розных узроўнях, а ў Нясьвіжы й сёньня распавядуць, што ў адной зь ямінаў, пакінутых шукальнікамі, загінулі, засыпаныя зямлёй, дзеці. Але шматлікія залатыя й срэбныя вырабы, бібліятэка Радзівілаў схаваныя далёка ад палацу — сьцьвярджае супрацоўнік інстытуту электронікі НАН Аляксей Канойка:

(Карэспандэнтка: ) "Зь якой дакладнасьцю можна сказаць, што ў тым месцы, пра якое вы гаворыце, ёсьць падземныя анамаліі і, магчыма, каштоўныя мэталы?"

(Канойка: ) "А зь якой дакладнасьцю вы можаце сказаць, што ў руках вы трымаеце мікрафон?"

Ягоная перакананасьць грунтуецца на шматгадовых гістарычных і навуковых дасьледаваньнях. Тры гады таму тэарэтычныя гіпотэзы пацьвердзіліся, калі пры ўдзеле Міністэрства культуры спадар Канойка распачаў раскопы. Аднак чыноўнікі хутка спынілі пошук, і ўвесь гэты час спадар Канойка праз суд патрабуе прадоўжыць работы. Адпаведныя лісты навуковец пісаў у высокія інстанцыі і нават Лукашэнку, але ўсе запыты засталіся без адказу. Журналіст Алег Карповіч, які займаўся дасьледаваньнем незвычайнай гісторыі, лічыць, што ўлады мелі прычыны спыніць раскопы. Гаворыць Алег Карповіч:

(Карповіч: ) "Спачатку дзяржава ўзялася шукаць золата, бо патрэбнае было золата. А цяпер — такое ўражаньне — баіцца знайсьці тое, што можа адшукаць. Бо золата тут не галоўнае, а галоўнае — бібліятэка Радзівілаў. Дакладней, летапісы, у якіх расказваецца пра гісторыю славянства й ягонае зараджэньне яшчэ ад рымскіх часоў. І тады прыйдзецца перапісваць усю гісторыю ня толькі ўсходняга славянства, а ўсяго славянства. Тым больш гісторыю Расеі, перапісаную некалі пад яе велікадзяржаўнасьць Карамзіным. Гэта вельмі сур’ёзна закране інтарэсы й той жа Чэхіі, і Польшчы, Украіны, Літвы, тым больш Расеі, ня кажучы ўжо пра Беларусь".

Напачатку красавіка Аляксей Канойка зьвярнуўся ў ЮНЭСКА з просьбай дапамагчы вырашыць гэтую праблему, бо вынікі дасьледаваньняў могуць мець агульнаэўрапейскую значнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG