Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЕТ ЗА ВАКНОМ


Сяргей Шупа, Прага

Дык вось, у рамках гэткага форуму сёлета адбыўся сэмінар аб авангардзе цяперашніх навуковых дасьледаваньняў. Перад удзельнікамі выступілі вядучыя навукоўцы ў самых навамодных галінах сёньняшняй навукі – касмалёгіі, квантавай фізыкі, малекулярнай біялёгіі, нанаэлектронікі, а таксама адзін амэрыканскі астранаўт.

І вось што цікава – калі кожны з гэтых навуковых зорак знаёміў аўдыторыю з апошнімі дасягненьнямі ў сваіх галінах, прысутных найбольш уразілі ня тыя неверагодныя посьпехі, якія зрабіла навука за апошнія дзесяцігодзьдзі, а ўсё большае ўсьведамленьне таго, як шмат яшчэ застаецца невядомым.

Яшчэ зусім нядаўна ўсім на плянэце здавалася, што навука наблізілася да адкрыцьця самых фундамэнтальных фактаў існаваньня – навукоўцам думалася, што засталося вырашыць яшчэ пару падставовых пытаньняў – і навука зможа растлумачыць абсалютна ўсё. І вось новыя дасьледаваньні выяўляюць усё больш і больш рэчаў, пра якія навука нічога ня ведае і нават ніколі не падазравала, што наагул мусіць пра іх ведаць.

Вось пачалі разьбірацца біёлягі з геномам чалавека – здавалася б, вялізны крок наперад. А там наперадзе раптам адкрыліся такія глыбіні і далечыні, што й думкай не ахапіць. І як тут чалавеку не адчуць сваё месца, калі даведваесься, што ў цябе ўсяго ўдвая больш генаў, чым у мухі або ў чарвяка... Тое самае ў іншых галінах. Узяць хоць бы астраномію – чым больш дасканалыя прылады назіраньня – тым большыя выяўляюцца абсягі нязьведанага, неабдымнага, неверагоднага.

Ладна напалохаў удзельнікаў сэмінару на “Форуме-21” амэрыканскі астранаўт Расты Швэйкгарт, якога непакоіць кволасьць жыцьця на нашай плянэце і небясьпека поўнага зьнішчэньня ўсяго жывога – ня толькі з прычыны нечых злых намераў або дурасьці, але і праз розныя касьмічныя бедзтвы – скажам, падзеньне астэроідаў, якое некалі загубіла дыназаўраў. Астранаўт заклікаў як найхутчэй распачаць пазазямную калянізацыю, напрыклад на Марсе, дзе зямляне маглі б жыць і пладзіцца.

Хто б мог падумаць, што так пачнецца трэцяе тысячагодзьдзе – зь вялікіх сумневаў чалавека ў сваёй неабмыльнасьці і ўсемагутнасьці. А што будзе далей?


* * *
Якіх толькі дзівосных адкрыцьцяў не адбылося за жыцьцё цяперашніх пакаленьняў! Сёньня цяжка ўявіць сабе штодзённае жыцьцё без, ну скажам, відэо, мабільных тэлефонаў, Інтэрнэту ды шмат чаго іншага, тым часам як яшчэ нейкіх 10-15 гадоў таму ўсё гэта ўяўлялася нечым далёкім і недасягальным. А што чакае нас у наступныя 10-20-30 гадоў?

Навукоўцы з дасьледнага аддзелу кампаніі “British Telecom” ад 1991 году публікуюць расклад навуковых і тэхналягічных прагнозаў на бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Летась у лістападзе выйшаў чарговы – 5-ы выпуск гэтай публікацыі. Прагнозы расьпісаныя па гадох і падзеленыя на асобныя разьдзелы – Штучны Розум, Біятэхналёгія, Бізнэс і Адукацыя, Вольны Час, Бясьпека і Законнасьць, Транспарт і Падарожжы і падобнае.

Асобны разьдзел прысьвечаны “непрадказальным прагнозам”. Сёньня – якраз пра іх. А пра астатнія згадкі зь недалёкай будучыні – пагаворым у наступных перадачах.

Аўтар ідэі “непрадказальных прагнозаў” – Джон Пэтэрсэн, заснавальнік Арлінгтанскага Інстытуту – няўрадавай дасьледнай установы, якая вывучае нашу магчымую будучыню. У сваёй кнізе “Як прадбачыць непрадказальныя падзеі і вялікія сюрпрызы будучыні”, якая выйшла ў 2000 годзе, Пэтэрсан разглядае падзеі, якія могуць адбыцца калі заўгодна, аднак не раней за пэўны момант у часе – калі ўзьнікнуць умовы для іх ажыцьцяўленьня. Аўтары раскладу прагнозаў разьлічылі канкрэтныя даты парогу магчымасьці гэтых падзеяў.

Сьпіс непрадказальных падзеяў выглядае страшнавата – у ім выяўляюцца ўсе небясьпекі, якія нясуць у сабе новыя тэхналёгіі. У нечым ён пацьвярджае засьцярогі таго амэрыканскага астранаўта, які прапануе перабрацца недзе на Марс або куды яшчэ далей – надта ж шмат чалавецтва назапасіла прыладаў да самазьнішчэньня. Ну вось канкрэтна:

Ад 1960 году існуе магчымасьць глябальнай ядзернай вайны. Ад 1980-га пад уплывам экалягічных зьменаў можна чакаць зьяўленьня супэрбактэрыяў-мутантаў. Ад 1990 году існуе небясьпека мутацыі вірусаў СНІДу ды іншых сьмяротных хваробаў, якія змогуць перадавацца праз паветра. Ад 1995 году існуе пагроза біятэрарызму – гэты прагноз, што праўда, у вельмі малых памерах, ужо й спраўдзіўся ў Злучаных Штатах.

А вось што можа чакаць насельнікаў нашай плянэты, якія дачакаліся 2000 году: грамадзянская ядзерная вайна, масавы голад і войны з прычыны глябальнага эканамічнага каляпсу, глябальная грамадзянская вайна, супэрбактэрыі завезеныя з космасу, шантаж урадаў і сьвету з боку вытворцаў кампутараў/працэсараў або апэрацыйных сыстэмаў, канец салідарнасьці паміж рознымі пакаленьнямі, усясьветная фінансавая катастрофа, масавы бязлад у Афрыцы, ядзерны напад тэрарыстаў на Злучаныя Штаты Эўропы, прыход да ўлады дыктатара ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

Нагадаю – усё гэта можа здарыцца ў любы момант, бо адпаведныя перадумовы для ўсіх гэтых жахаў ужо сасьпелі. Аднак зьбіраць чамаданы на Марс яшчэ ўсё ж зарана, бо, так сказаўшы, “сьветлы бок сілы” таксама не перастае разьвівацца, хоць і з пэўным адставаньнем ад “цёмнага”.


* * *
А зараз пра мэлёдыю, якая дзівосным чынам мае дачыненьне да станцыі Парафіянава.

Песьня ў выкананьні Фрэнка Сынатры завецца “Красавік у Парыжы”. Напісаў яе ў 1932 годзе малавядомы амэрыканскі кампазытар Вэрнон Дук, які хіба што й увайшоў у гісторыю папулярнай музыкі дзякуючы менавіта гэтай песьні, якая ў наступныя дзесяцігодзьдзі трывала ўвайшла ў рэпэртуар шматлікіх джазавых сьпевакоў і музыкаў. А тым часам аўтар заслугоўвае куды большай увагі.

Вэрнон Дук апрача песьняў і мюзыклаў пісаў і музыку больш сур’ёзную – сымфоніі, балеты, араторыі, і пісаў іх пад сваім сапраўдным імем – Уладзімер Дукельскі. Вось жа Ўладзімер Дукельскі, паводле біёграфаў – чалавек літоўска-грузінска-аўстрыйска-гішпанска-расейскага паходжаньня – нарадзіўся ў 1903 годзе ў цягніку, калі яго маці ехала з Пскова ў Кіеў, і здарылася гэта на станцыі Парафіянава ў цяперашнім Докшыцкім раёне.

Бліскучую кар’еру маладога кампазытара перапынілі рэвалюцыйныя завірухі. Перажыўшы надзвычайныя прыгоды, ён праз Крым і Канстантынопаль уцякае ў Нью-Ёрк, дзе лёс зводзіць яго зь іншым эмігрантам – Якавам Гершовічам, які на той час ужо быў зрабіўся Джорджам Гершвінам.

Дарэчы, Гершвін і намовіў Дукельскага падкараціць сваё імя й прозьвішча – каб прасьцей было перабівацца ў Амэрыцы. Гэтак і зьявіўся Вэрнон Дук. А гэты Вэрнон Дук быў сярод іншага аўтарам фартэпіяннай вэрсіі Гершвінавай “Рапсодыі ў стылі блюз”. Далей было вяртаньне ў Эўропу, праца з балетам Дзягілева, сяброўства зь Сяргеем Пракоф’евым. У 1929 годзе Дукельскі канчаткова вяртаецца ў Штаты, дзе піша свае найлепшыя песьні, а таксама творы акадэмічнай музыкі. Памёр Вэрнон Дук – Уладзімер Дукельскі ў Каліфорніі ў 1969 годзе.

Калі будзеце праяжджаць праз станцыю Парафіянава – хай вам уявіцца красавік у Парыжы, квецень каштанаў, столікі рэстаранаў пад дрэвамі і тое непаўторнае пачуцьцё.

На гэтым я з вамі разьвітаюся. Да сустрэчы ў наступную нядзелю з новымі адкрыцьцямі, ідэямі і героямі тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG