Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДАЎНІКІ СПРАБАВАЛІ ЗААТАКАВАЦЬ КУРАПАЦКІ МЭМАРЫЯЛ


Альгерд Невяроўскі, Менск

А палове пятай вечара на курапацкую пляцоўку побач з намётам заехаў будаўнічы экскаватар. У той час у лягеры знаходзіліся чатыры валанцёры, якія як маглі пратэставалі супраць уварваньня будаўнічай тэхнікі на тэрыторыю ўрочышча.

Экскаватар езьдзіў па пляцоўцы каля галоўнага курапацкага крыжа прыкладна паўгадзіны й пакінуў глыбокія каляіны на зямлі. За дзеяньнямі экскаватаршчыка з дарогі назіралі міліцыянты з Савецкага райаддзелу Менску, але дзеяньням ягоным не перашкаджалі.

Тэхніка пакінула галоўную курапацкую пляцоўку толькі пасьля таго, як ва ўрочышча прыехалі актывісты палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Гаворыць актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі:

(Чахольскі: ) “Працягваецца зьнішчэньне Курапатаў. Ніякіх дамоваў з гэтымі ўладамі быць ня можа. Курапаты – гэта наша сьвятыня. Без усялякіх падставаў увялі тэхніку, хаця раней было катэгарычна заяўлена, што тэхнікі ў Курапатах быць не павінна. Відавочная яшчэ адна задумка ўладаў – падвесьці трубу пад Крыж пакутаў і зрабіць тут балота. Хочуць прынізіць гонар беларуса, зноў зьдзекуюцца з ахвяраў, расстраляных расейскімі бальшавікамі ў гэтым лесе”.

Абаронцы Курапатаў перакананыя, што й учорашняе затрыманьне валанцёраў, і сёньняшні наступ будаўнічай тэхнікі перасьледуюць адну мэту – выдаліць з урочышча тых, хто перашкаджае пракладаць праз пляцоўку трубу вадаводу.

Сьледам за апазыцыянэрамі ў Курапаты прыехаў і супрацоўнік амбасады ЗША ў Менску спадар О’Ніл, які цікавіўся, што адбылося сёньня ва ўрочышчы. Прыехала таксама й першая сакратарка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Мэгі Фіцджэральд. Вось што яна сказала ў інтэрвію нашаму радыё:

(Фіцджэральд: ) “Я прыехала высьветліць, што тут сёньня здарылася й таксама паглядзець помнікі”.

Спадарыня Фіцджэральд дадала, што яна як замежны дыплямат ня мае права даваць публічных ацэнак таму, што адбываецца ў Курапатах, але сказала, што маніторынг менскай групы АБСЭ ў справе парушэньня правоў чалавека атрымаюць усе зацікаўленыя міжнародныя арганізацыі.

Тымчасам шэсьць валанцёраў, якія застануцца ў Курапатах на ноч, усталявалі каля намёту флагшток зь вялікім бел-чырвона-белым сьцягам. Гаворыць валанцёрка Іра Вяткіна:

(Вяткіна: ) “Напэўна будзе зноў начная варта. Спаць ня будзем, будзем чакаць новых нападаў”.

(Карэспандэнт: ) “Вы не баіцеся, што зноў могуць прыехаць міліцыянты і вас затрымаць?”

(Вяткіна: ) “Мы ўжо нічога не баімся. Будзем чакаць і адбівацца, калі спатрэбіцца”.

Перад самым эфірам я яшчэ раз зьвязаўся з курапацкім лягерам, і валанцёры паведамілі, што сытуацыя спакойная й яны рыхтуюцца да начной варты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG