Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ ЗАКЛІКАЕ БАРАНІЦЬ КУРАПАТЫ


Ул. інф.

Спадарыня Сурвілла піша ў сваім звароце: “Няма таго дня, каб не прыйшла якая прыкрая зьвестка зь Беларусі. Найбольш цяжка ўспрымаць весткі пра злачынствы, зьдзек з усяго беларускага, нячэснасьць тых, хто нясе адказнасьць за долю нашага народу, за адсутнасьць свабоды, за страх, за нялюдзкія ўмовы жыцьця.

Апошняя вестка – арышт абаронцаў Курапатаў і нішчэньне іхнага лягеру, – піша старшыня Рады БНР. – Што чакае цяпер маладых герояў? Што для іх прыдумаў “прэзыдэнт”? Адно ёсьць пэўнае: вялікае расчараваньне кожнага беларуса, які яшчэ верыў, што ён можа нейкім чынам нешта зьмяніць на лепшае ў жыцьці свайго народу.

Ня менш праймае аднак і сам факт перарваньня вахты. Бо ж гэта значыць, што ўлады будуць рабіць тое, што ім захочацца ў Курапатах, каб сьцерці зь людзкой памяці сотні тысяч ахвяраў сталінскага тэрору”.

Івонка Сурвілла зьвяртаецца да беларусаў: “Ідзеце бараніць хлапцоў і дзяўчат, якія на працягу шасьці месцаў баранілі ня толькі магілы вашых дзядоў, але і ваш гонар, гонар беларускага народу.

Памятайце, што зьдзек з гэтых маладых людзей – гэта зьдзек з нашай гістарычнай памяці, з нашага народу, з нашай беларускасьці. Мы ня можам быць пасіўнымі гледачамі гэтага зьдзеку”.
XS
SM
MD
LG