Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЧОРА ЎВЕСЬ КАБІНЭТ МІНІСТРАЎ ГАЛЯНДЫІ ПАДАЎ У АДСТАЎКУ – УСЯГО ЗА МЕСЯЦ ДА НОВЫХ ВЫБАРАЎ


Віталь Цыганкоў, Прага

Даклад Нідэрляндзкага інстытуту ваеннай дакумэнтацыі ўскладае на галяндзкае кіраўніцтва значную віну за няздольнасьць прадухіліць разьню ў Срэбраніцы. Гэты басьнійскі горад стаў месцам самай жахлівай масавай бойні на тэрыторыі Эўропы пасьля другой усясьветнай вайны. У 1995 годзе больш як 8 тысяч мусульманаў-басьнійцаў былі забітыя сіламі басьнійскіх сэрбаў, якія захапілі горад, нягледзячы на тое, што там разьмяшчаліся галяндзкія міратворцы.

Лёгкаўзброены батальён са 110 галяндзкіх міратворцаў павінен быў абараніць 30-тысячнае мусульманскае насельніцтва Срэбраніцы ад басьнійскіх сэрбаў. Аднак рашучасьць міратворцаў трымалася нядоўга, і горад быў захоплены сэрбамі без адзінага стрэлу. Адразу пасьля гэтага галяндзкі кабінэт міністраў пастанавіў, што вайскоўцы павінны вярнуцца дадому і пакінуць басьнійскіх мусульманаў на волю лёсу.

Як вынік, сэрбы на чале з генэралам Раткам Младычам забілі ў Срэбраніцы каля 8 тысяч мусульманскіх мужчынаў і хлопцаў, а целы кінулі ў агульныя магілы.

Даклад незалежнай камісіі падсумаваў сямігадовыя дасьледаваньні. Справаздача робіць выснову, што галяндзкі ўрад даслаў у рэгіён міратворцаў выключна зь меркаваньняў прэстыжу. У дакладзе сьцьвярджаецца, што ўрад недастаткова падрыхтаваў міратворцаў для дзеяньняў у надзвычайных умовах, і тыя ня здолелі абараніць насельніцтва Срэбраніцы.

Прэм’ер-міністар Галяндыі Вім Кок, які падаў у адстаўку, ужо быў кіраўніком ураду у час трагедыі ў Срэбраніцы. У папярэдняй адміністрацыі, якая пастанавіла даслаць кепска ўзброеных міратворцаў у Босьнію, Кок быў міністрам фінансаў. За ўрадам падаў у адстаўку і камандуючы ўзброенымі сіламі Нідэрляндаў генэрал Ада ван Бааль.

Урад Босьніі вітаў адстаўку галяндзкага ўраду, назваўшы гэтае рашэньне “маральным крокам”. Аднак ацалелыя ў срэбраніцкай бойні заяўляюць, што гэты крок занадта позьні. “Яны павінны былі пайсьці ў адстаўку гадамі раней, – кажа Сабагета Фэйзыч, сын якой загінуў у Срэбраніцы. – Гэтая віна заўжды застанецца на іхным сумленьні”, – лічыць яна.

Дасюль Гаагскім трыбуналам быў асуджаны толькі адзін басьнійскі сэрб, які ўдзельнічаў у срэбраніцкай бойні, – генэрал Радаслаў Крстыч. Яго прызналі вінаватым у генацыдзе і засудзілі на 46 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG