Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫЯЖДЖАЕ ПРЭМ'ЕР-МІНІСТАР ЧЭХІІ


Валер Каліноўскі, Менск

Як зазначылі ў штаб-кватэры "Народнай Грамады", Мілаш Зэман прыбудзе ў Менск на прыватным аўтамабілі — ягоны ўрадавы самалёт спыніцца ў Вільні. Гэтым падкрэсьліваецца, што візыт мае чыста партыйны характар, і Мілаш Зэман ня можа выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі і структуры дзеля яго арганізацыі. У Менску спадар Зэман прабудзе да раніцы 19 красавіка выключна ў якасьці старшыні камісіі ў справе правоў чалавека і дэмакратыі Сацінтэрну.

Сёння ж, крыху раней за Зэмана, у Менск прыбывае і генэральны сакратар Сацыялістычнага інтэрнацыяналу Луіс Аяла.

Сам Мілаш Зэман напярэдадні свайго візыту заявіў чэскай прэсе, што жадае аказаць падтрымку беларускім дэмакратам, паспрыяць руху Беларусі да дэмакратыі. Гэта надзвычай важны візіт — лічыць лідэр "Народнай грамады" Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Гэты візыт — унікальная, скажам так, ня маючая прэцэдэнтаў падтрымка з боку нашых сяброў беларускай дэмакратыі і беларускай сацыял-дэмакратыі. Гэта мужны, рашучы і моцны крок. І акрамя ўсяго, гэты крок сьведчыць, што Сацыялістычны інтэрнацыянал зьвяртае сваю ўвагу на Беларусь, вывучае сытуацыю ў Беларусі, і будзе прынятая адпаведная рэзалюцыя 31 траўня на кангрэсе Сацінтэрну ў Каса-Бланцы”.

На 18 красавіка ў дэлегацыі Сацінтэрну заплянаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам БСДП "Народная грамада", з Касультацыйнай радай апазыцыйных палітычных партыяў і лідэрамі прафсаюзаў, прадстаўнікамі аналітычных і сацыялягічных цэнтраў, няўрадавых арганізацыяў. Адбудуцца і сустрэчы прэм'ера Чэхіі і генэральнага сакратара Сацінтэрну зь сем'ямі зьніклых апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі ды палітыкамі, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў.

Арганізатарамі не выключаюцца сустрэчы і з прадстаўнікамі ўлады, каб дэлегацыя атрымала альтэрнатыўную апазыцыйнай інфармацыю. У прыватнасьці, дэпутаты палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд і Аляксей Ваганаў запрошаныя ў якасьці кіраўнікоў няўрадавых арганізацыяў. Разам зь незалежнымі навукоўцамі з дэлегацыяй Сацінтэрну будзе сустракацца кіраўнік дасьледчага цэнтру пры прэзыдэнцкай адмінстрацыі Яўген Матусевіч.

Дагэтуль абмяркоўваецца пытаньне пра магчымасьць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Гаворыць лідэр БСДП "Народная Грамада" Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Акрамя таго, разглядаецца магчымасьць сустрэчы дэлегацыі і са спадаром Лукашэнкам. Але гэта пакуль што толькі застаецца магчымасьцю. Бо пакуль няўзгоднены фармат гэтай сустрэчы. Таму што дэлегацыя мае магчымасьць сустракацца толькі ў фармаце дэлегацыі Сацыялістычнага інтэрнацыяналу”.

Паводле Міколы Статкевіча, улады разьлічваюць на асобную сустрэчу зь Мілашам Зэманам. Пазыцыя беларускіх і чэскіх сацыял-дэмакратаў палягае ў тым, што магчымыя перамовы толькі з цэлай дэлегацыяй Сацінтэрну і ў прысутнасьці беларускіх сацыял-дэмакратаў.

Натальля Пяткевіч, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі, на пытаньне пра магчымасьць ягонай сустрэчы зь Мілашам Зэманам і дэлегацыяй Сацінтэрну, адказала:

(Пяткевіч: ) “Пакуль не гатовая вам адказаць на гэтае пытаньне. Давайце сазвонімся заўтра раніцай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG