Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ НАВУКІ


Віталь Тарас, Прага

Мурашы, якія атакуюць дамы людзей, сталіся сапраўдным бедзтвам на поўдні Эўропы.

Сетка мурашнікаў, якая налічвае мільярды насякомых, працягнулася амаль на 4000 кілямэтраў. Як кажа выкладчык экалёгіі са швайцарскага гораду Лазана Лоран Келер, навукоўцы-энтамолягі раней ніколі ня бачылі такой вялікай калёніі мурашоў. Размова ідзе пра аргентынскіх мурашоў віду Linepithema humile, якія зьявіліся на поўдні Эўропы яшчэ ў 1920-я гады. З таго часу яны змаглі выціснуць з арэалу каля 20 відаў эўрапейскіх мурашоў. Але толькі цяпер навукоўцам удалося высьветліць, чаму так адбылося.

Мурашы, якія жывуць у розных мурашніках, звычайна паводзяць сябе агрэсіўна ў адносінах да суседзяў. Аднак аргентынскія мурашы значна менш агрэсіўныя за эўрапейскіх. Менавіта дзякуючы неверагоднаму ўзроўню ўзаемадзеяньня паміж аргентынскімі мурашамі з суседніх мурашнікаў і была створаная такая разгалінаваная супэркалёнія, лічаць энтамолягі.

Як піша брытанская газэта “Independent”, барацьба з мурашамі вядзецца ў найлепшых традыцыях халоднай вайны. Напрыклад, згаданы Лоран Келер спадзяецца знайсьці прычыны, здольныя выклікаць канфлікты паміж аргентынскімі мурашамі, каб потым справакаваць паўстаньне ўнутры асноўнай супэркалёніі.


* * *
Пацяпленьне клімату можа выклікаць паводку ў Гімалаях.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што больш за 40 азёраў у Гімалаях – самай высокай горнай сыстэме плянэты – могуць выйсьці зь берагоў, калі не зрабіць адпаведных захадаў. Як паведамляе “ВВС”, навукоўцы, якія працуюць у рамках экалягічнай праграмы ААН і ў Міжнародным цэнтры горных дасьледаваньняў, падлічылі, што ў выніку могуць паводкі пацярпець некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

Небясьпека ўзьнікла ў выніку глябальнага пацяпленьня клімату, з-за якога пачалі раставаць горныя леднікі. З 1970 году агульная тэмпэратура атмасфэры Зямлі павысілася на адзін градус. Ужо цяпер робяць захады, каб зьнізіць ровень вады ў адным з азёраў Нэпалу. Падобная праца вядзецца і ў суседнім Бутане. У абедзьвюх краінах шмат ледніковых гімалайскіх азёраў.


* * *
Магнітныя полюсы Зямлі – Паўночны і Паўднёвы – пачынаюць мяняцца месцамі.

Пра гэта паведамляе амэрыканскі навуковы часопіс “Nature. Як паказваюць дасьледаваньні горных пародаў вульканічнага паходжаньня, геаграфічныя і магнітныя полюсы Зямлі не заўсёды супадалі. Апошняя замена полюсаў на процілеглыя адбылася 730–780 тысяч гадоў таму, а геамагнітны хаос працягваўся пасьля гэтага яшчэ некалькі тысяч гадоў.

Францускі навуковец Гацье Гюло ды ягоныя калегі з Інстытуту навук аб Зямлі ў Парыжы выявілі першыя прыкметы новай перамены полюсаў. Паводле праведзеных імі вымярэньняў, магнітная амплітуда Зямлі саслабела на 10% за апошнія 150 гадоў. Калі справа будзе працягвацца гэткімі тэмпамі, магнітныя полюсы плянэты могуць цалкам зьнікнуць на пачатку наступнага тысячагодзьдзя. Пра компасы тады можна будзе надоўга забыцца.


* * *
Паверхня Зямлі чатыры мільярды гадоў таму цалкам зьмянілася ў выніку бамбаваньня астэроідамі, а не камэтамі, як лічылася раней.

Дэвід Крынг зь лябараторыі Месяца й плянэтаў Унівэрсытэту штату Арызона і Барбара Коэн з Унівэрсытэту Гавайскіх выспаў лічаць, што бамбаваньне зямной паверхні астэроідамі было настолькі інтэнсіўным, што цалкам разбурыла горныя пароды старэйшыя за 3,9 мільярда гадоў. У выніку гэтага працэсу на Зямлі ўзьнікалі моцныя сыстэмы тэрмальных водаў, якія маглі быць цудоўнымі інкубатарамі для ўзьнікненьня першасных формаў жыцьця.

Паводле Крынга і Коэн, пад узьдзеяньнем астэроідаў апынуліся ў той самы час і іншыя плянэты – Мэркуры, Вэнэра, Марс, а таксама спадарожнік Зямлі Месяц, на паверхні якіх зьявіліся тысячы кратэраў. Вынікі дасьледаваньняў апублікаваныя ў выданьні Геаграфічнага Саюзу Амэыркі “Journal of Geophysical Research”.

(Зараз у астранамічныя каталёгі занесеныя каля 40 тысяч астэроідаў. Аднак агульная колькасьць астэроідаў з дыямэтрам больш за кілямэтар ацэньваецца прыкладна на 1 мільён 200 тысяч. Вядомыя ўсяго 500 астэроідаў, арбіта якіх можа перасякацца зь зямной.)


* * *
Некаторыя дыназаўры былі… птушкамі.

Гэтак лічаць навукоўцы з Інстытуту палеанталёгіі Польскай Акадэміі навук. Яны вывучалі парэшткі так званых авіраптаразаўраў – групы драпежных дыназаўраў, якія жылі 65–140 мільёнаў гадоў таму. Упершыню гэты від адкрылі амэрыканскія навукоўцы, якія знайшлі ў пустыні Гобі ў Манголіі парэшткі гэтага дыназаўра ў гнязьдзе са скамянелымі яйкамі. Лічылася, што дыназаўр загінуў падчас рабаваньня гнязда. Адсюль і назва авіраптаразаўр (ovirоptorozaurus), што азначае ў перакладзе з лацінскай мовы “грабежнік яек”.

Аднак выяівілася, што гэтая назва цалкам несправядлівая, бо ў скамянелых яйках былі знойдзеныя эмбрыёны тых самых авіраптаразаўраў. Яны былі ня самыя дужыя сярод яшчараў: самы вялікі быў памерам са страўса, самы маленькі – індыка.

Польскія палеантолягі даказалі, што гэтыя яшчары насамрэч былі птушкамі – на думку навукоўцаў, пра гэта сьведчыць будова іхнага чэрапу і скелету. У гэтых жывёлаў была даўгая шыя і кароткае тулава. Праўда, лётаць яны ня ўмелі. Пра вынікі дасьледаваньняў паведаміла польская “Gazeta Wyborcza” са спасылкай на часопіс “Acta Palaenologica Polonika”.


* * *
Фізык Роналд Малет з Унівэрсытэту штату Канэктыкут заявіў аб прынцыповай магчымасьці стварыць машыну часу.

Пра гэта паведаміла газэта “Boston Globe. Паводле словаў Малета, ягоная ідэя пабудаваная на выкарыстаньні тэорыі гравітацыі Эйнштэйна. Згодна з тэорыяй гравітацыі, кожнае цела, якое мае масу альбо энэргію, скрыўляе прастору і хаду часу вакол сябе – падобна таму, як шар у кегельбане, калі падае на дарожку.

На думку навукоўца, лазэрныя промні, калі іх прапусьціць праз аптычны кабэль і адмысловы крышталь, могуць стварыць скрыўленьне прасторы, якое тэарэтычна дазволіць перасоўвацца ў часе. Прафэсар Малет і ягоныя калегі плянуюць пабудаваць прыладу для праверкі таго, ці можна перасоўваць у часе элемэнтарныя часьцінкі – да прыкладу, нэўтроны.
XS
SM
MD
LG