Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ СХОД ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РЫНКУ "ТРАКТАР"


Міхал Стэльмак, Менск

А 10 гадзіне раніцы каля трохсот гандляроў "Трактару" спынілі працу. Яны прыйшлі да будынку адміністрацыі рынку, дзе адбыўся стыхійны сход. Прамоўцы выказалі абурэньне рашэньнем Менскага гарвыканкаму, паводле якога ўжо ў верасьні рынак мусіць быць ліквідаваны:

(Спадар: ) "Тут сабралася толькі пятая частка гандляроў, гаспадароў боксаў”.

(Міхаіл: ) “Я — цыган. Я не хачу займацца наркотыкамі, красьці. Я хачу займацца сумленнай працай, і таму гандлюю тут. Я заплаціў за гэта грошы і ня хачу адсюль сыходзіць”.

(Аляксандар: ) "Ёсьць людзі, зацікаўленыя ў тым, каб гэты рынак зачыніўся".

(Людміла: ) "Тут тысяча арэндных месцаў. Мы плацім арэндную плату”.

(Уладзімер: ) "Ідзе поўнамаштабная агітацыя сярод насельніцтва, што будзе ліквідавацца рынак "Трактар".

(Анатоль: ) "Нам не зразумела, чаму зачыняецца рынак, які прагрэсіўна разьвіваецца".

Як прагучала на сходзе, прадпрымальнікі некалькі тыдняў таму накіравалі ліст пратэсту на адрас старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава. Закрыцьцё рынку, паводле лідэра гандляроў Анатоля Шумчанкі, справакуе сацыяльную напружанасьць. Аднак сталічныя ўлады прадпрымальніцкі зварот праігнаравалі. Таму гандляры на сёньняшнім сходзе абмяркоўвалі захады, якія б уратавалі іх бізнэс:

(Уладзімер: ) "Калі Паўлаў на нас не зьвяртае ўвагі, нам трэба зьвяртацца ў праваабарончыя арганізацыі".

(Спадар: ) "Трэба страйкаваць".
(Міхаіл: ) "Калі будуць зачыняць рынак, я кранам вынясу свой шапік на дарогу і падпалю яго".

(Надзея:) "Мы сацыяльная праслойка, мы — пралетары, мы — ніхто. Мы настолькі злыя, што на любую форму змаганьня пойдзем".

(Спадар: ) "Вось ва Ўкраіне быў выпадак, што ўвялі падатак 200 даляраў на гандлёвае месца. Дык у Чарнігаве быў замінаваны ўнівэрмаг".

(Анатоль: ) "Мы не тэрарысты".

Гандляры вырашылі яшчэ раз паспрабаваць наладзіць сустрэчу са старшынём гарвыканкаму Паўлавым. Калі ж гэтая спроба ня ўдасца, яны маюць намер не здавацца, а распрацаваць плян абароны рынку.

Падзеі вакол рынку "Трактар" атрымалі розгалас. Вось якое меркаваньне на гэты конт выказаў нашаму Радыё намесьнік старшыні грамадзкага аб'яднаньня "Альтэрнатыва-XXI" Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) "Калі нашая дзяржава жадае, каб у нас быў цывілізаваны гандаль, то яна павінна стварыць адпаведныя ўмовы. Напрыклад, зьменшыць падаткі, зьменшыць мыту і гэтак далей. Калі ж гэтага не зрабіць і абмежавацца вось такімі захадамі, то будзе толькі горш".
XS
SM
MD
LG