Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЭРЛІНЕ АДБЫЛАСЯ ДЫСКУСІЯ З НАГОДЫ ФІЛЬМУ “АЛЯКСЕЙ І КАЛОДЗЕЖ”, ЗЬНЯТАГА Ў БЕЛАРУСІ


Ул. інф.

Паводле “Berliner Zeitung”, у абмеркаваньні фільма ўзялі ўдзел больш як сто вядомых бэрлінцаў — прадстаўнікі арганізацыі “Лекары супраць ядзернай катастрофы”, фонду імя Генрыха Бёля, а таксама навукоўцы, кінэматаграфісты. Галоўная ж дыскусія разгарнулася паміж аўтарам, японскім рэжысэрам Мaтахашы Сеішы і беларускім пісьменьнікам Васілём Быкавым.

Як піша аўтар артыкулу “Ў такт паўраспаду”, і рэжысэр, і пісьменьнік закранулі ў сваіх выступах менавіта гэтую тэму. Аднак Сеішы гаварыў пра паўраспад нябачны, выкліканы радыяцыяй. Пісьменьнік — больш пра вонкавы працэс, які напаткаў нацыю пасьля Чарнобыля — паўраспад грамадзкі, палітычны. Аднак спачатку пра саму працу.

Ідылічная вясковая карцінка. На фоне маляўнічых мясьцінаў – лясоў, лугоў, рачулкі — маленькі беларускі хутар. Пасьвяцца каровы, квохчуць куры. Сяляне зьбіраюць ураджай бульбы. Звычайныя летнія дні і вечары на хутары. Галоўны герой стужкі малады сялянін Аляксей у сьпёку ходзіць піць ваду да калодзежа, які пасьля Чарнобыльскай катастрофы забруджаны.

Адрозна ад многіх публіцыстаў, якія здымаюць пра Чарнобыль, японскі рэжысэр ня робіць ніякіх абвінавачаньняў на адрас уладаў. Канешне, ён мог бы зрабіць здымкі ў шпіталях, дзе паміраюць чарнобыльцы. Аднак, паводле Сеішы, ягоная галоўная задача была ў тым, каб зрабіць бачным нябачнае. Людзі штодня ядуць, п’юць, дыхаюць радыяцыяй, і ніхто зь іх не асэнсоўвае, што гэта паступова, паціху забівае іх.

Карцінкі вясковага жыцьця і наіўныя камэнтары галоўнага героя гавораць самі за сябе. Аляксей, бадай, адзіны з маладых вяскоўцаў, які ня зьехаў з родных мясьцінаў. У асноўным ў вёсцы засталіся людзі, старэйшыя за 60. Жывуць яны сам-насам зь цяжкай працай і са сваёй сьмешнай пэнсіяй. Радаснае сьвяткаваньне ўраджаю гэтых выключна немаладых людзей, якія выглядаюць старэйшымі за свае гады, часам нагадвае танец сьмерці. Сьвята на тле радыеактыўна забруджаных лесу, бульбянога поля, крыніцы, нікому не патрэбнай сёньня школы.

Як піша Berliner Zeitung, беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў ацаніў гэты фільм як надзвычай аптымістычны. Паводле яго, сюжэт фільма нібыта адлюстроўвае цяперашнюю стратэгію беларускіх уладаў, іхнае жаданьне штучна зьменшыць маштабы і наступствы катастрофы. Калі людзі танчаць і сьпяваюць у такіх мясьцінах, значыць, маюць рацыю ўлады – у Чарнобылі жыць можна. Так, піша Berliner Zeitung, лічыць вядомы беларускі пісьменьнік, які за сваю крытыку рэжыму нямала пацярпеў ад палітыкі Лукашэнкі і цяпер вымушаны жыць за межамі радзімы, у Франкфурце-на-Майне.

Японскі рэжысэр Сeішы катэгарычна не прымае падобнай трактоўкі. Ён бачыць у Чарнобылі ня столькі палітычную, колькі цывілізацыйную праблему. Паводле рэжысэра, са сьмерцю прыроды гіне чалавечая існасьць. Нябачна. Як радыяцыя. Жыхары беларускай чарнобыльскай зоны, як і многія сяляне, моцна зьвязаныя са сваёй малой радзімай, і яны ня змогуць жыць лепш ля іншага лесу і іншай крыніцы.

Бэрлінскі фізык, прэзыдэнт таварыства абароны ад радыяцыі Сэбасьціян Пфлюгбайль, які неаднойчы бываў у Чарнобыльскай зоне, менавіта ў такіх вёсках, занепакоены тым, як успрыме падобную кінаэстэтыку непасрэдна беларускі глядач. Абстрактны нябачны жах для гэтых людзей — ня жах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG