Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗЬ ВІЦЕБСКАГА АБЛАСНОГА АНКАЛЯГІЧНАГА ДЫСПАНСЭРУ ТЭРМІНОВА ВЫПІСВАЮЦЬ ХВОРЫХ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Калі ў 1993 годзе будаўніцтва дыспансэру толькі распачыналася, грошай не хапала менавіта на будаўніцтва новага шпіталю для анкалягічных хворых. А цяпер, калі яго нарэшце пабудавалі, састарэла мэдычнае абсталяваньне, якім тэрмінова запаўнялі новы будынак, рыхтуючыся да прыезду Аляксандра Лукашэнкі.

Урачыстае адкрыцьцё новага корпусу адбылося падчас леташняга “Славянскага базару”. Прычым дактары ды пацыенты радаваліся ня толькі сучаснай пляніроўцы ды мадэрновым інтэр’ерам будынка, але й таму, што, разразаючы чырвоную стужку, Аляксандар Лукашэнка ўрачыста паабяцаў новаму шпіталю найноўшае абсталяваньне.

Але па ягоным ад’езьдзе абяцаньні забыліся, і лячылі людзей па-ранейшаму адбывалася на зношаным абсталяваньні, якое пакрысе выходзіць са строю. Распавядае пацыентка радыёлягічнага аддзяленьня, якія мусіць сёньня ехаць дахаты, бо ў шпіталі з учорашняга дня няма чым рабіць пасьляапэрацыйнае апраменьваньне:

(Спадарыня: ) “Мы прыехалі сюды з Воршы. Зрабілі апэрацыю, распачалі лекаваньне, а цяпер вось сапсаваўся апарат. Даводзіцца ехаць дахаты, таму што невядома, калі яго адрамантуюць: можа, праз тыдзень, а можа праз два... Я так зразумела, што няма грошай, каб аплаціць рамонт, хаця дакладна я ня ведаю”.

(Карэспандэнтка: ) “Але вы ж лечыцеся ў найноўшым корпусе анкалягічнага шпіталю...”

(Спадарыня: ) “А апарат апраменьваньня стары. А новае абсталяваньне, як я ведаю, яшчэ не ўсталявалі. Яно ёсьць – кажуць, японскае, але яшчэ не ўсталявалі”.

Незадавальненьне пацыентаў анкалягічнага даспансэру зразумелае, бо лячэньне апраменьваньнем шмат для каго зь іх ёсьць апошняй надзеяй.

Не найлепшы стан сёньня і ў тых жыхароў Віцебшчыны, чый страшны дыягназ яшчэ пад сумненьнем: ужо два месяцы ў Віцебскім абласным дыягнастычным цэнтры не працуюць апараты кампутарнай дыягностыкі. Абодва тамографы – магнітна-рэзанансавы і рэнтгенавы – сапсаваліся, і ад сакавіка запіс на тамаграфічнае абсьледаваньне спынілі. Загадчык рэнтгена-дыягнастычнага аддзяленьня Віктар Ганчароў адмаўляецца назваць колькасьць хворых, якія чакаюць сваёй чаргі.
XS
SM
MD
LG