Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВАРШАВЕ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ “ХРОНІКІ ПАРУШЭНЬНЯЎ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ Ў 2001 ГОДЗЕ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Першае польскае выданьне “Хронікі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі”, якая дагэтуль была выдадзеная па-беларуску, па-ангельску ды па-расейску, падрыхтаваў беластоцкі Цэнтар грамадзянскай адукацыі “Польшча–Беларусь”. Старшыня Цэнтру спадар Марцін Рэмбач лічыць, што гэтая кніжка дапаможа палякам больш ведаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

(Рэмбач: ) “Думаю, што палякі павінны ведаць, што адбываецца ў іхнага найбліжэйшага суседа. Суседа, зь якім Польша мае супольныя культурныя і гістарычныя традыцыі, а таксама шматлікія чалавечыя кантакты. Думаю, што гэта наш абавязак – як мага паўней і лепш распаўсюджваць гэтыя веды сярод палякаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці веданьне сытуацыі з правамі чалавека ў суседняй Беларусі можа паспрыяць узмацненьню цікаўнасьці польскага грамадзтва да падзеяў у суседняй краіне?”

(Рэмбач: ) “Я думаю, што такія веды заўсёды спрыяюць стварэньню пэўнага стаўленьня палякаў да Беларусі. Спадзяюся, што так будзе і з нашай кнігай. Мы маем цяпер прыклад, калі найвялікшая польская газэта ўключылася ў абарону гарадзенскай “Пагоні”. Ці паўплывае гэта на лёс беларускіх журналістаў – пакажа час, аднак напэўна цяжэй будаваць сыстэму, якая палягае на парушэньнях правоў чалавека, у той час, калі суседнія краіны гэтым цікавяцца. Калі б нават суседзі не цікавіліся – было б значна прасьцей”.

Варта адзначыць, што ўжо ў першы дзень па зьяўленьні інфармацыі аб існаваньні польскамоўнга варыянту “Хронікі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі” Цэнтар грамадзянскай адукацыі атрымаў больш за паўсотні замоваў на гэтае выданьне з розных куткоў Польшчы.

Падчас прэзэнтацыі, якая была наладжаная ў варшаўскай Фундацыі імя Конрада Адэнаўэра, аўтаркі кнігі Тацяна Рэвяка і Паўліна Сьцепаненка распавялі прысутным пра асаблівасьці “Хронікі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі”, зьвязаныя зь леташнімі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў пра выпадак, які здарыўся зь ім і аўтаркамі кнігі ў часе перасячэньня беларуска-польскай мяжы. На ягоную думку, гэты выпадак сьведчыць пра тое, што добрая частка беларусаў даўно стамілася ад цяперашняга палітычнага ладу.

(Бяляцкі: ) “У часе падарожжа зь Менску ў Варшаву гэтыя кніжкі ляжалі ў мяне ў торбе. У дэклярацыю я іх не запісаў. На мяжы мытнік папрасіў адкрыць торбу. Потым дастаў гэтыя кнігі й запытаўся, чаму іх няма ў дэклярацыі. Я сказаў, што забыўся запісаць. Тады мытнік сказаў: “Добра, я іх ня бачыў, але адну на расейскай мове сабе вазьму”.

Беларускія праваабаронцы адказалі на шэраг пытаньняў прадстаўнікоў польскіх грамадзкіх арганізацыяў ды сродкаў масавай інфармацыі, якіх цікавіла цяперашняя сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і, у прыватнасьці, апошнія навіны ў справе гарадзенскай “Пагоні”.
XS
SM
MD
LG