Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УВЕЧАРЫ МІЛІЦЫЯ ЗАТРЫМАЛА ЎСІХ ВАЛАНЦЁРАЎ, ЯКІЯ НЕСЬЛІ ВАРТУ Ў КУРАПАТАХ


Ягор Маёрчык, Менск

У Курапаты вярнуўся старшыня Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі. Ад яго мы даведаліся апошнія навіны. Затрыманыя хлопцы знаходзяцца ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Мы таксама высьветлілі, што афіцыйныя асобы, якія адказваюць за рэканструкцыю Менскай кальцавой дарогі, адмаўляюць той факт, што яны папрасілі міліцыянтаў аказаць нейкі ціск на валанцёраў у Курапатах. Сёньня ў пракуратуру Менскага раёну была пададзеная скарга на дзеяньні міліцыянтаў, якія парушылі закон (што да затрыманьняў).

Зараз у намёце знаходзяцца блізу дзесяці чалавек. З палітыкаў толькі Вячаслаў Сіўчык і Сяржук Высоцкі. Астатнія – шараговыя людзі, некаторыя зь іх прыйшлі сюды пасьля таго, як пачулі ў эфіры нашага радыё пра тое, што адбывалася тут некалькі гадзінаў таму. Яны прыйшлі выказаць сваю падтрымку і салідарнасьць.

За гадзіны, што мінулі пасьля міліцэйскага налёту, людзі пасьпелі аднавіць флагшток, і над Курапатамі зноў узьняўся бел-чырвона-белы сьцяг.

На ноч у Курапатах застануцца валанцёры, каб несьці вахту. Гэта новыя людзі, што прыйшлі дапамагчы, і тыя, каму пашчасьціла ня быць затрыманымі. Заўтра мусіць адбыцца прэсавая канфэрэнцыя паводле сёньняшніх падзеяў.

Людзі тут у Курапатах зноў і зноў паўтараюць, што сёньняшнія падзеі – гэта дзікунства з боку ўладаў, і ўжо няма гаворкі пра нейкі кампраміс адносна пераносу намётаў.

Звонку ніякай дадатковай міліцэйскай аховы, новых сілаў ня бачна. Але людзі, што прыйшлі нядаўна з прыпынку грамадзкага транспарту, што на вуліцы Мірашнічэнкі, заўважылі некалькі машынаў зь людзьмі ў цывільным. Дакладна невядома, ці выпадковыя гэтыя машыны.
XS
SM
MD
LG