Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАГОНЯ “ПРАЦЯГВАЕ СВАЮ ПРАЦУ Ў СЕЦІВЕ; НОВЫ САЙТ БЕЛАРУСАЎ ЗАМЕЖЖА ДЫ ІНШАЕ


Вольга Караткевіч, Прага

“Сябры застаюцца з “Пагоняй” – гэта рубрыка на сайце зачыненай гарадзенскай газэты “Пагоня”, у якой публікуецца інфармацыя пра праявы салідарнасьці з калектывам газэты і Міколам Маркевічам ды Паўлам Мажэйкам. Нагадаю, на іх завялі крымінальную справу – нібыта за паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

Сярод кронікі арыштаў, судоў, зваротаў і пратэстаў у справе “Пагоні” на сайце зьмешчана шмат іншых актуальных паведамленьняў. Старонка абнаўляецца штодня. Цікавы артыкул пра пасьпяховую вечарыну гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль-Загнетавай. Яшчэ я зьвярнула ўвагу на тое, што на сайце зьмешчаны гіт-парад “Пагоні” – найбольш самавітыя людзі Гарадзеншчыны. Называюць Васіля Быкава, Віктара Шалкевіча ды іншых.

На сувязі з Горадні супрацоўнік “Пагоні” Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Гэта прыклад таго, што газэта “Пагоня” застаецца жывой і сапраўды нармальнай газэтай. Тут па-ранейшаму зьбіраецца прафэсійны калектыў – каля 15 чалавек, якія кожную раніцу абмяркоўваюць новыя матэрыялы. Як бачым, сайт наш папулярны, цытуюць матэрыялы зь яго. Мы працягваем рабіць прафэсійныя паведамленьні, якія прыцягваюць увагу штодзённых беларускіх газэтаў, і ня толькі беларускіх – бо вельмі часта нас цяпер цытуюць і польскія выданьні”.

Бягучым радком на сайце газэты “Пагоня”: “Першая перамога! Суд над Маркевічам і Мажэйкам перанесены”. Калі ў Вас ёсьць што сказаць калектыву “Пагоні”, Вы можаце зрабіць гэта, набраўшы адрас: www.pahonia.promedia.minsk.by.


* * *
“Так жыць нельга!” – дэвіз акцыі 19 красавіка, якой была прысьвечаная канфэрэнцыя ў рэжыме он-лайн на сайце “Хартыі-97”, у якой бралі ўдзел актывісты арганізацыі Зьміцер Бандарэнка і Мікалай Халезін. Гэта другая такая канфэрэцыя ў падтрымку акцыі, у першай, таксама на сайце “Хартыі-97”, узяў удзел вядомы кінарэжысэр Юры Хашчавацкі.

За дыялёгам Зьмітра Бандарэнкі й Мікалая Халезіна з наведнікамі сайту сачыў мой калега Альгерд Невяроўскі.

(Невяроўскі: ) “Першапачаткова плянавалася, што спадары Халезін і Бандарэнка будуць адказваць на пытаньні наведнікаў канфэрэнцыі чатыры гадзіны. Аднак пасьля першых 20 хвілінаў работы сайт “Хартыі-97” заатакавалі невядомыя гакеры, і яго праца была адноўленая толькі праз гадзіну. А ўжо пасьля заканчэньня канфэрэнцыі гакерам удалося часткова зьнішчыць вэб-старонку “Хартыі-97” на амэрыканскім сэрвэры.

Тым ня менш канфэрэнцыя адбылася, і за тры гадзіны спадары Халезін і Бандарэнка адказалі на 62 пытаньні самага рознага характару. Прыкладна палова з гэтых пытаньняў тычылася непасрэдна акцыі 19 красавіка. Людзі цікавіліся, ці дазволілі ўлады марш, ці ня будзе падчас яго правакацыяў ды ўвогуле – навошта патрэбная гэтая акцыя.

Мікалай Халезін і Зьміцер Бандарэнка казалі, што ніякіх правакацыяў не баяцца, а марш “Так жыць нельга!” ёсьць сацыяльнай, а не нацыяналістычнай акцыяй – таму арганізатары мяркуюць, што ўлады пабаяцца ўжываць сілу да ўдзельнікаў акцыі.

Былі й тыя, хто абвінавачваў Халезіна й Бандарэнку ў імітацыі апазыцыйнай дзейнасьці, а таксама пыталіся пра скрадзеныя мільёны даляраў і пра тое, дзе можна атрымаць ганарары за ўдзел у папярэдніх акцыях апазыцыі.

Цікава, што хаця Халезіну з Бандарэнкам задалі 62 пытаньні, рэальна ў канфэрэнцыі ўдзельнічала ня больш за 15–20 чалавек. Праз кожныя 2–3 пытаньні псэўданімы ўдзельнікаў паўтараліся. Прычым гэтыя самыя людзі зацята спрачаюцца амаль ва ўсіх беларускіх форумах і чатах, у чым можа пераканацца кожны, хто хоць раз заходзіў на форум самага буйнога беларускага парталу tut.by.

Мікалай Халезін быў задаволены канфэрэнцыяй:

(Халезін: ) “Мы маладыя й сучасныя людзі, таму мы карыстаемся сучаснымі сродкамі масавай інфармацыі. Інтэрнэт дапамагае нам размаўляць з усімі, гэта нейкае новае гучаньне беларускай апазыцыі. Зараз Інтэрнэтам карыстаецца некалькі дзясяткаў тысяч чалавек”.

Пра он-лайнавую канфэрэнцыю Мікалая Халезіна і Зьмітра Бандарэнкі распавядаў Альгерд Невяроўскі. На момант падрыхтоўкі перадачы сайт “Хартыі-97” (www.charter97.org) часткова аднавіўся, аднак тэкстаў дыскусіі з наведнікамі – як апошняй, так і зь Юрыем Хашчавацкім – пакуль няма.


* * *
А зараз пра новыя сайты беларускага Інтэрнэту. Створаны сайт Грамады беларускай культуры імя Францішка Скарыны ў Маскве: www.geocities.com/hramada. Ён яшчэ ў стадыі фармаваньня – пустая старонка “Рэсурсы Белнэту”, няшмат у “Навінах”, але цікава прачытаць пра найноўшую гісторыю беларускай дыяспары ў Расеі. Яна падзеленая на “пачатак”, “рамантычны пэрыяд” – да 1994 году і на “праблемны” – ад 1995-га да 1999-га. Пра сайт Грамады беларускай культуры ў Маскве і яго пэрспэктывы распавядае старшыня арганізацыі Генадзь Лех:

(Лех: ) “Цяпер новы век, ХХІ стагодзьдзе, Інтэрнэт пашыраецца, яго ўплыў на грамадзтва пашыраецца. Новае пакаленьне – усе пагалоўна карыстаюцца Інтэрнэтам. Каб нас ведалі лепш і каб ведалі, што існуе нашая пазыцыя, пазыцыя беларускай дыяспары ў Расейскай Фэдэрацыі, трэба мець свой сайт.

Мы зьмясьцілі гісторыю стварэньня нашай Грамады беларускай культуры. Гэта была першая беларуская арганізацыя ў найноўшай гісторыі, яна зарэгістраваная ў 1988 годзе ў Расеі. Мы вырашылі зьмясьціць інфармацыю пра міжрэгіянальнае аб’яднаньне беларусаў Расеі. Гэта тая плынь дыяспары – ужо не Масква, а агульнарасейская. Яна зьяўляецца, як кажуць, бел-чырвона-белай. Гэта так званая старая беларуская дыяспара. Ня тое што новая, якую ствараюць улады Беларусі, а старая – бел-чырвона-белая дыяспара”.

(Караткевіч: ) “Ці вялікая гэтая “бел-чырвона-белая” дыяспара?”

(Лех: ) “Яе галоўныя стваральнікі, і яны ж уваходзяць – гэта Пецярбургскае таварыства беларускай культуры, Іркуцкае таварыства беларускай культуры, Краснаярская аўтаномія, Аб’яднаньне беларусаў Цюмені, Згуртаваньне беларусаў у Майкопе і людзі з розных месцаў”.

(Караткевіч: ) “Апроч палітычнай і грамадзкай інфармацыі ці плянуеце вы зьмяшчаць інфармацыю, якая магла б зацікавіць людзей, якія, напрыклад, займаюцца камэрцыяй?”

(Лех: ) “Гэта ёсьць у плянах. Пакуль што ў плянах. Вы ведаеце, цяпер ёсьць такі сайт “Гаспадар”, які зрабіла Згуртаваньне беларусаў “Бацькаўшчына”. Там ёсьць інфармацыя дыяспары. Мы зробім таксама інфармацыйны разьдзел, эканамічны разьдзел, дзе будзе ня толькі наша маскоўская Грамада зьмяшчаць свае паведамленьні, але будзе інфармацыя з усяе Расеі”.


* * *
“Мы рэклямуем жыцьцё, якое вылучаецца стылёвасьцю”, – сьцьвярджае рэдактар новага каляровага Інтэрнэт-часопісу “Фарба” Аляксандар. Першая старонка выглядае як старонка клясычнага друкаванага часопісу і выдрукаваць яе (як, дарэчы і іншыя) вельмі лёгка – адразу ў фармаце А4.

Яшчэ адна зручнасьць – рубрыкацыя і лёгкі выхад на артыкулы, якія зацікавілі. Я загрузіла “Беларусьсю кіруе кібарг” і “Сэксуальнае рабства жанчын”. Інтэрнэт-часопіс “Фарба” зьявіўся ў выніку немагчымасьці пэрыядычна выдаваць друкаваны часопіс “Артышок”. Распавядае рэдактар “Фарбы” Аляксандар:

(Аляксандар: ) “Праект “Фарба” ўзьнік з праекту часопісу “Артышок”, на які нам у Беларусі ў дадзеным момант вельмі цяжка знаходзіць сродкі. Калі Вы заўважылі, то старонкі часопісу “Фарба” адразу падрыхтаваныя для друку. Мае сябры, якія таксама працуюць над “Фарбай”, яны зараз вучацца ў Штатах і Эўропе. У нас узьнікла назва “Фарба”: па-першае, назва беларуская, па-другое, ня мае нейкай надта экспрэсіўнай афарбоўкі. Да таго ж, слова “Фарба” яшчэ няма ў Інтэрнэце, таму нам лёгка будзе знайсьці наш лінк, наш адрас”.

(Караткевіч: ) “Я зьвярнула ўвагу, што ў Вас ёсьць адказныя за рэкляму. Наколькі рэальна зараз беларускаму Інтэрнэт-выданьню зьмяшчаць нейкую рэкляму?”

(Аляксандар: ) “Гэта дастаткова рэальна, мы лічым. У нас ня так шмат беларускамоўных выданьняў, якія былі б як нармальная жоўтая заходняя прэса”.

(Караткевіч: ) “Вы галоўны рэдактар гэтага выданьня. Ці існуе цэнзура ў дачыненьні да тых тэкстаў, якія Вы зьмяшчаеце ў Інтэрнэце?”

(Аляксандар: ) “У нас няма цэнзуры. Адзінае, канечне, мы правяраем... У нас канцэпцыя такая: любы чалавек можна напісаць да нас у часопіс, выказаць сваё гледзішча – калі ён гэта стылёва можа зрабіць. Наш інфармацыйны аддзел казаў, што лісты кшталту “Беларусьсю кіруе кібарг”, “КГБ жыве за грошы Захаду” – што гэта сьцёб. Насамрэч гэта ня сьцёб”.

Я толькі дадам, што “Фарба” – сапраўды рознакаляровы часопіс, у якім рэдакцыя ўважліва ставіцца да чытачоў, тлумачыць, як прасьцей чытаць гэты часопіс.

Пры канцы перадачы зьвярну вашу ўвагу на наш сайт. Цяпер мы штодня зьмяшчаем анонсы перадачаў, якія прагучаць у эфіры. Зьявілася і новае апытаньне: ці пацярпелі Вы ці Вашыя родныя ад Чарнобылю?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG