Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЦЫЕНТЫ ДЫСПАНСЭРУ РАДЫЯЦЫЙНАЙ МЭДЫЦЫНЫ МЯРКУЮЦЬ, ШТО ЎВАГА ДЗЯРЖАВЫ ДА ІХ ШТОГОДУ МЕНШАЕ


Міхал Стэльмак, Менск

Рэспубліканскі дыспансэр радыяцыйнай мэдыцыны штодня наведвае каля 200 людзей, якія пацярпелі ад Чарнобылю.

(Гатальская: ) "Мяне завуць Гатальская Юлія Афанасьеўна. З Гомельскай вобласьці я, з Хойнікаў”.

(Карэспандэнт: ) "Што вас прывяло сюды?"

(Гатальская: ) "Я захварэла. Мы там жылі, працавалі. Нас накіроўвалі на буракі ў Бабчын. А так я даглядала быкоў — 500 галоў. Мяса ж нікуды ня бралі, дык мы яго ачышчалі".

(Міхаленка: ) "Я — Міхаленка Марыя Якаўлеўна. З Хойніцкага раёну, зь вёскі Пагоннае. 4 траўня 1986 году прыехалі і нас пагрузілі ў аўтобусы. У мяне прапала і карова, і двое сьвіньняў, і куры, і гусі, і падушкі, і галушкі. А за гэта мне далі толькі 9 тысяч рублёў”.

(Карэспандэнт: ) "Як вы сябе адчуваеце?"

(Міхаленка: ) "Усяляк бывае. І падаю, і хуткая дапамога прыяжджае".

(Качан: ) "Мяне завуць Качан Тамара Якаўлеўна. Я з Брагінскага раёну".

(Карэспандэнт: ) "На што скардзіцеся?"

(Качан: ) "У мяне сэрца хворае. Шчытападобная залоза. Усё хворае. У Аксакаўшчыне лекары сказалі мне даць другую групу, а мне далі толькі трэцюю — 100 тысяч рублёў. Боль моцны. З магазыну булкі хлеба не прынясу. А прыедзь у Брагін, дык ніхто глядзець ня хоча".

(Карэспандэнт: ) "Няма належнага догляду?"

(Качан: ) "Які догляд! Пра што вы кажаце? Колькі туды паступае лекаў? Хто іх бачыць? Нам яно не паступае. Яно на рынку".

Сярод наведнікаў дыспансэру вельмі шмат дзетак, якіх з усіх куткоў Беларусі прывозяць бацькі:

(Гаравы: ) "Мяне завуць Іван Гаравы. Мы са Сьветлагорску. У маёй дачкі павялічаная шчытападобная залоза. Сёлета нас накіравалі ў Менск”.

(Карпуковіч: ) "Мяне завуць Карпуковіч Уладзімер Мікалаевіч. Мы з Лунінцу. Я дачку прывёз. У яе шчытападобная залоза хворая. Ад радыяцыі. Мы на машыне з суседзьмі прыехалі. Каб таньней было, паліва на двох падзялілі".

Паводле меркаваньня большасьці пацыентаў дыспансэру радыяцыйнай мэдыцыны, з кожным годам увага да іх з боку дзяржавы слабее. Вось як пракамэнтаваў гэта нашаму радыё дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які ўзначальваў парлямэнцкую камісію ў чарнобыльскіх пытаньнях, Віктар Хоміч:

(Хоміч: ) "Тут няма нават пра што казаць. Фінансаваньне зьменшанае ў дзясяткі разоў. Гэта першае. Па-другое, сама мэдычная дапамога не таго ўзроўню, якая патрэбная пацярпелым ад катастрофы асобам. І самае галоўнае, што варта адзначыць, урад, усе структуры ўлады хлусяць. Гэта трэба ведаць добра. Ніколі за апошнія восем гадоў 25% бюджэту, як гэта кажа наш "галава", на чарнобыльскія справы ня ішлі".
XS
SM
MD
LG