Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРГЕЙ КАСЬЦЯН ПРЫЗНАЧАНЫ НА КІРАЎНІКА ГОЛДЫНГУ ЛІТАРАТУРНА-МАСТАЦКІХ ЧАСОПІСАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Сяргей Касьцян да беларускае літаратуры ня мае ніякага дачыненьня. 61-гадовы ўраджэнец Клічаўскага раёну Магілёўшчыны сваю сёньняшнюю кар'еру пачаў сакратаром камітэту камсамолу саўгасу "Каменка". Затым кіраваў усім камсамолам Мазыршчыны і аддзелам Мазырскага райкаму КПБ. "Удзел камсамолу Беларусі ў мэліярацыі беларускага Палесься" — тэма кандыдацкае дысэртацыі Сяргея Касьцяна, пасьля абароны якое ён выкладаў марксісцка-ленінскую навуку ў Мазырскім пэдагагічным інстытуце.

У 1995 годзе ён быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі. У часе канстытуцыйнага крызысу 1996 году актыўна падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, за што, перайшоўшы ў гэтак званую палату прадстаўнікоў, атрымаў пасаду намесьніка старшыні камісіі ў міжнародных справах і сувязях з СНД. Стваральнік блёку антыНАТА, старшыня Беларускага славянскага камітэту, сакратар ЦК кампартыі Беларусі. Зь нешматлікіх узнагародаў мае адну адметную — мэдаль "120 гадоў з дня народзінаў І.В.Сталіна".

Намесьнікам кіраўніка голдынгу міністар інфармацыі прадставіў цяперашнюю галоўную рэдактарку створанага былым галоўным ідэолягам Лукашэнкі Ўладзімерам Замяталіным расейскамоўнага часопісу "Всемирная литература" Таісу Бондар. Вось што ў сувязі з гэтым яна заявіла нашаму радыё:

(Бондар: ) "Я пакуль што ніяк на гэта не рэагую, бо пакуль што гэта толькі гаворкі. Я так зьдзівілася, што міністар учора кінуў гэтую фразу пра маё прызначэньне. Я так зразумела, што міністар, пакуль яшчэ нічога канкрэтнага пра гэты голдынг не вядома, вырашыў мяне кінуць у гэтую пастку. Зь ім асабіста наконт гэтага я не гаварыла, а вось зь яго намесьніцаю Ананіч калі гаварыла, то спытала, пад што ствараецца гэтая структура. Бо пакуль што я ня бачу пад што, пад якія грошы. Бо на адзін мой часопіс нават няма фінансаваньня, а то шэсьць выданьняў... Каб яны існавалі, патрэбныя адпаведныя сродкі. А на сёньняшні дзень іх няма, і мне яшчэ ніхто не гаварыў, ці будуць яны...(сьмяецца)”.

(Карэспандэнтка: ) "Ваш прагноз наконт посьпеху гэтага голдынгу, я бачу, не аптымістычны".

(Бондар: ) "Для таго, каб ён быў аптымістычны, я павінна бачыць, што гэта, як гэта і што з гэтага будзе".

Фінансаваньне часопісаў сёлета фактычна спыненае. Выйшла тры нумары "Крыніцы", два — "Полымя", ніводнага — "Маладосьці".

А вось як ацаніў пераўтварэньні адказны сакратар часопісу "Нёман" Валянцін Болтач:

(Болтач: ) "Нагрынула калектывізацыя, якая мяняе ўсё карэнным чынам. Гэта, па вялікім рахунку, фактычнае вынішчэньне літаратурнага працэсу. Таму што ў дзяржавы няма чым фінансаваць ўсе часопісы, яна выбера адзін. Астатнія, у якіх яна не зацікаўленая, рухнуць у найбліжэйшым часе... Гэтае аб'яднаньне — абсалютна нічым не абгрунтаваны крок назад... Эканамічна неабгрунтаваны. Гэта зроблена па нейкіх палітычных меркаваньнях".

Ніхто з кіраўнікоў іншых аб'ядноўваных часопісаў, з кім я размаўляла сёньня, ня выказаў ухвалы новаўтварэньняў.
XS
SM
MD
LG