Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ БЫКАЎ: “НЭАСАВЕЦКАЕ КІРАЎНІЦТВА ЦЯГНЕ Ў КАМЕННЫ ВЕК. ТУДЫ Ж ПНЕЦЦА І НАША АЧМУРЭЛАЕ ГРАМАДЗТВА”


Сяргей Навумчык, Прага

(Быкаў: ) “Я думаю, гэтая падзея ў беларускай гісторыі – не навіна. Яна цалкам кладзецца ў русла апошніх палітыка-эканамічных падзеяў. Ліквідуецца нацыянальная культура, мастацтва, літаратура. Ліквідуецца сувэрэнітэт краіны. Чаму павінны заставацца незалежнымі бедныя літаратурныя выданьні?

Зрэшты, тое ў нас адбывалася заўжды, пад маскай барацьбы з нацыяналізмам вынішчалася нацыя, дзеячоў нацыяльнай культуры высылалі ў Сыбір, саджалі на 10 гадоў бяз права перапіскі. У славутыя гады сотнямі вазілі ў Курапаты, дзе іх непрызнаныя косьці тлеюць і дагэтуль.

Цяпер беларускую культуру пазбаўляюць яе нацыянальнага слова. Як некалі беларускае сялянства вынішчалі мэтадам калектывізацыі, так і цяпер нацыяльную культуру – новым мэтадам голдынгізацыі. Усё мэтанакіравана, з ранейшымі мэтамі – хіба навамоднымі спосабамі”.

(Навумчык: ) “Васіль Уладзімеравіч, з моманту, калі краінай пачаў кіраваць Лукашэнка, стаўленьне да Вас зьмянілася – дастаткова сказаць, што Вас фактычна прымусілі пакінуць Бацькаўшчыну. У рэчышчы гэтай палітыкі і дзяржаўныя выданьні ня надта цікавіліся Вашай творчасьцю (хаця “Полымя” за часы рэдактарства Сяргея Законьнікава штогод у першым, студзеньскім, нумары друкавала Вашую прозу). Дык ці гэтая рэарганізацыя паўплывае нейкім чынам на Вашую творчасьць?”

(Быкаў: ) “Найперш мне хацелася б менш за ўсё гаварыць пра свае асабістыя справы ў гэтым сэнсе. Я даўно страціў веру ў камуна-пазытывізм і думаю, што камуна-рэванш рэальней за дзіцячыя спадзевы на лепшую будучыню. Разумныя людзі зь ліку пісьменьнікаў тое зразумелі даўно – і даўно кінулі пісаць, што вельмі лягічна. Мабыць, цяпер застаецца адзінае – як зьберагчы тое найлепшае, што напрацавана нацыянальнай культурай у ХХ стагодзьдзі. Але й гэта праблема – як яе вырашыць бяз грошай? Хіба ў фальклёры? – значыць, назад у каменны век, куды нас сілай гоніць наша нэасавецкае кіраўніцтва і куды сьлепа пнецца наша ачмурэлае грамадзтва”.

(Навумчык: ) “І яшчэ адно пытаньне, якое папулярнае ў Беларусі пасьля тэлеэфіру расейскай кампаніі НТВ з удзелам Лукашэнкі. Лукашэнка сказаў пра Вас, што “Я на ягоных вершах і творах вучыўся. Ну, Вы мне распавядзіце пра Быкава, якога я ў школе вучыў, і нядрэнна вучыў. Прозы ў яго болей”. Васіль Уладзімеравіч, прозу Вашую ведае уся Эўропа, увесь сьвет, але дзе можна было б пачытаць Вашыя вершы?”

(Быкаў: ) “Ну, наконт вершаў мне няёмка нават гаварыць, бо я іх ніколі не пісаў. І пра маю, так сказаць, непрыхільнасьць да паэзіі я неаднойчы пісаў у сваёй публіцыстыцы. Хаця гэта ня значыць, што я ўвогуле не прызнаю права на паэзію – асабліва для тых, хто хоча ў ёй нешта знайсьці. Калі ласка! Толькі я вершаў не пісаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG